Скарб бяздонны

08.02.2017 13:02каментарыяў: 0Прагледжана: 37
Мятліцкі_Скарб бяздонны_вокладка

Аўтар: Мятліцкі Мікола

Жанр: Паэзія

Год: 2017

Анатацыя

Кніга легенд і паданняў вядомага паэта Міколы Мятліцкага распавядае пра падзеі, якія адбываліся на нашай зямлі шмат вякоў таму. А можа, некаторыя з іх і не адбываліся ніколі – хто ведае…  Вось ён, Міндоўг, – замест кароны з каштоўнымі каменнямі, якую скралі разбойнікі па загаду польскага караля, карануецца медным абадком, выплаўленым з цяжкага падсвечніка…

А вось слынны жрэц Ліздэйка тлумачыць прарочы сон князя Гедыміна як прадвесце заснавання новай сталіцы – Вільні. А князь Мсціслаўскі апантана імкнецца выкупіць бацькавы грахі (той загадаў засыпаць цудатворную крынічку), каб пазбавіцца ад Божай кары і вярнуць сабе страчаны зрок. Але большасць аповядаў у кнізе прысвечана гісторыям кахання – часцей за ўсё, на жаль, нешчаслівым. Не суджана кветцы-ружы Рагнедзе, дачцэ Рагвалода, стаць жонка любага жаніха – бо “напіша лёс іначай, з лютай жорсткасцю крывою, быль суровую гарачай роду знатнага крывёю”. Не захоча ганарлівая нявольніца Данута мяняць свабоду на скарбы і нябачаныя дары “драпежніка-пачвары” Мацейкі – і ўпадзе мёртваю ад смяротнага удара яго нажа.

Не пажадаюць чэрствыя Радзівілы даваць згоду на шлюб прыгоннай танцоўшчыцы Ганусі і прыдворнага мастака Язэпа – толькі ў абліччы дрэваў, што прытуляюцца адно да аднаго, знойдуць маладыя спакой і збавенне. Не змірыцца Злая Сіла з каханнем красуні Віліяны і ўмелага краўца – і ляжа зачараваны хлопец халодным валуном “у цяжэрным супакоі”, а слёз дзявочых ручаіна пабяжыць рэчкай Віліяй, з асцярогай абмінаючы стрэчныя камяні. У кожным паданні, кожнай легендзе ажывае гісторыя людзей, якія хочуць быць шчаслівымі, хочуць зберагчы сваю чалавечую годнасць, адстойваюць права кахаць і быць каханымі. А кожная містычная ілюстрацыя мастака Ігара Гардзіёнка хавае ў сабе таямнічы подых мінулых часоў.

_______________________________________________________________________________________________________

Набыць гэтае выданне па спецыяльным кошце (без гандлёвай нацэнкі), а таксама пазнаёміцца з поўным асартыментам кніжнай прадукцыі вы можаце ў Выдавецкім доме “Звязда” (г. Мінск, вул. Захарава, 19, каб. № 20).

Калі ў вас узнікнуць пытанні па кнігах, калі ласка, звяртайцеся ў Выдавецкі дом “Звязда” па тэлефонах:

+375 17 288 12 94

+375 17 284 79 65

 

Пакіньце свой каментарый