Мінінфарм прымае заяўкі для ўдзелу ў Нацыянальным конкурсе «Мастацтва кнігі-2016″

31.12.2015 21:02каментарыяў: 0Прагледжана: 34

Міністэрства інфармацыі Беларусі прымае заяўкі для ўдзелу ў Нацыянальным конкурсе «Мастацтва кнігі-2016″, паведамілі ў ведамстве.

Конкурс намечаны на 21-22 студзеня. Ён праводзіцца для вызначэння лепшых праектаў, якія сталі падзеяй у айчынным кнігавыданні, павышэння мастацкай і паліграфічнай культуры беларускай кнігі, далейшага развіцця кніжнай справы, папулярызацыі лепшых дасягненняў выдавецтваў краіны за 2015 год.

Жадаючыя прыняць удзел могуць да 15 студзеня прадставіць ва ўпраўленне выдавецкай дзейнасці і гандлю Міністэрства інфармацыі лепшыя выданні, выпушчаныя ў 2015 годзе, з прыкладаннем заяўкі выдавецтва і даведкі аб кнізе, што вылучаецца на конкурс. Па кожнай заяўленай намінацыі ад выдавецтва прадстаўляецца не больш за тры кнігі (у адрым экзэмпляры).

Гран-пры конкурсу будзе прысуджвацца ў намінацыі «Трыумф» (з уручэннем дыплома імя Ф.Скарыны і памятнага знака-сімвала «Вялікі залаты фаліянт»). Заяўлены таксама наступныя тэматычныя намінацыі (з уручэннем спецыяльнага дыплома і памятнага знака-сімвала «Малы залаты фаліянт»): «ЛІТ-фармат» (выданні літаратурна-мастацкага напрамку), «Падручнік новага веку» (выданні вучэбнага напрамку), «Фотапогляд» (фотаальбомы, фотакнігі), «Разам з кнігай мы расцём» (кнігі для дзяцей і юнацтва), «Залатыя скрыжалі» (даведачныя і энцыклапедычныя выданні), «АРТ-кніга» (выданні па выяўленчым мастацтве, факсімільныя, рэпрынтныя, бібліяфільскія выданні), «Эўрыка» (навуковыя, навукова-папулярныя выданні), «Духоўнасць» (выданні духоўна-асветнага напрамку).

Яшчэ адзін напрамак — спецыяльныя намінацыі (з уручэннем спецыяльнага дыплома і памятнага знака-сімвала «Малы залаты фаліянт»): «За ўклад у захаванне духоўнай спадчыны», «За прапаганду чытання», «Садружнасць» (сумесныя выдавецкія праекты), «У люстэрку часу» (кнігі, выдадзеныя па заказе).

Перамога ў персанальнай намінацыі «Майстэрства» будзе прысуджвацца лепшым ілюстратару, дызайнеру і фотамастаку кнігі (з уручэннем спецыяльнага дыплома і памятнага знака-сімвала «Малы залаты фаліянт»).

БЕЛТА

Пакіньце свой каментарый