«Жаніцьба Цярэшкі» адкрые праграму свят у сельскіх сядзібах Прыдзвіння

31.12.2015 17:11каментарыяў: 0Прагледжана: 50

Праграма мерапрыемстваў у сельскіх сядзібах Прыдзвіння ў новым годзе стартуе традыцыйным абрадам «Жаніцьба Цярэшкі». Аб гэтым паведаміла старшыня грамадскага савета па развіцці аграэкатурызму Віцебскай вобласці, гаспадыня сядзібы «Прыазёрная» Лепельскага раёна Вольга Маханенка.

На базе сялянска-фермерскай гаспадаркі «Люкжына» ў Лепельскім раёне 8 студзеня пройдзе традыцыйны для гэтай мясцовасці абрад «Жаніцьба Цярэшкі». Гэта старадаўняе народнае свята раней адзначалі ноччу ў калядныя дні. Першапачатковай функцыяй было бліжэй пазнаёміць нежанатую моладзь, прымераць на сябе ролю жанатых людзей. Асноўнае дзеянне ігрышча — падбор сямейных пар — мае карнавальны, умоўны характар: уключае элементы флірту, гульнявыя дзеянні, рытуальную імітацыю вянчання і застолля. Менавіта такі жартаўлівы абрад чакае гасцей сялянска-фермерскай гаспадаркі. Дарэчы, гаспадар сядзібы імкнецца папулярызаваць народныя традыцыі. Тут праводзяцца святы і абрады земляробчага цыкла, а аднойчы ў «Люкжыне» адбылося беларускае вяселле францужанкі і галандца па народных традыцыях нашых продкаў.

«Абрад «Жаніцьба Цярэшкі» мае статус нематэрыяльнай каштоўнасці і праводзіцца ў адпаведнасці з традыцыямі беларускай культуры. Сваёй унікальнасцю і відовішчнасцю ён пакідае незабыўныя ўражанні ў аматараў фальклору. Гэта наш гонар і паўнацэнны турыстычны прадукт», — адзначыла Вольга Маханенка.

Яна дадала, што ў хуткім часе пасля мерапрыемства члены грамадскага савета збяруцца, каб абмеркаваць і зацвердзіць план работы на ўвесь 2016 год. Пакуль жа гаспадары сядзіб заняты прыёмам гасцей на калядных канікулах. Вольга Маханенка адзначыла, што сярод беларусаў сельскі варыянт адпачынку прадаўжае набіраць папулярнасць, у той час як расіяне ўсё часцей аддаюць перавагу турыстычным аб’ектам на тэрыторыі сваёй краіны. Не ўсе сядзібы рэгіёна ў гэтыя дні запоўнены гасцямі, але ў аўтарытэтных месцы заняты і ўжо ідзе запіс на летнія месяцы.

БЕЛТА

Пакіньце свой каментарый