Серэна Уільямс 4-ы раз запар прызнана лепшай спартсменкай года па версіі AIPS

31.12.2015 22:03каментарыяў: 0Прагледжана: 19

Амерыканская тэнісістка Серэна Уільямс прызнана лепшай спартсменкай свету 2015 года па версіі Міжнароднай асацыяцыі спартыўнай прэсы (AIPS). Першая ракетка планеты ўжо чацвёрты раз запар аказалася па-за канкурэнцыяй, паведамляюць інфармагенцтвы.

У 2015 годзе Серэна Уільямс, якой 26 верасня споўнілася 34 гады, заваявала 5 чэмпіёнскіх тытулаў у турнірах пад эгідай Жаночай тэніснай асацыяцыі (ВТА). У іх ліку тры з серыі «Вялікага шлема» — адкрыты чэмпіянат Аўстраліі, «Ралан Гарос» і Уімблдон. Усяго ў паслужным спісе Серэны Уільямс 69 перамог на прафесійных турнірах ВТА ў адзіночным разрадзе. У тройку лепшых спартсменак адыходзячага года таксама ўвайшлі дзве бягухі — уладальніца сусветнага рэкорду на дыстанцыі 1500 м Гензебэ Дзібаба з Эфіопіі і сусветная рэкардсменка ў бегу на 200 м Дафнэ Схіперс з Нідэрландаў.

Сярод мужчын лепшым стаў шасціразовы алімпійскі чэмпіён і 11-разовы чэмпіён свету 26-гадовы лёгкаатлет Усэйн Болт з Ямайкі. У 2015 годзе гэты выдатны спрынтар заваяваў тры залатыя ўзнагароды на чэмпіянаце свету ў Пекіне — у бегу на 100 і 200 м, а таксама ў эстафеце 4х100 м. У спрэчцы за званне лепшага спартсмена Усэйн Болт апярэдзіў вядучага тэнісіста планеты Новака Джокавіча з Сербіі і аргенцінскага футбаліста іспанскай «Барселоны» Ліянэля Месі.

Лепшай камандай года была прызнана «Барселона», што выйграла ў 2015 годзе чатыры турніры — чэмпіянат і Кубак Іспаніі, Лігу чэмпіёнаў і клубны чэмпіянат свету. Футбалісты «Барсы» апярэдзілі мужчынскую зборную Новай Зеландыі па рэгбі і клуб Нацыянальнай баскетбольнай асацыяцыі «Голдэн Стэйт Уорыярз».

БЕЛТА

Пакіньце свой каментарый