З хэпі, так бы мовіць, нью еар!

31.12.2015 00:19каментарыяў: 0Прагледжана: 49

Як у іх збіраюцца сустрэць наша свята.

Гатоўнасць нумар адзін

У розных кутках свету завяршаюцца апошнія прыгатаванні да сустрэчы Новага года. Гэта, мабыць, самае інтэрнацыянальные свята. І, нягледзячы на розныя традыцыі народаў, аб’ядноўвае ўсіх адчуванне маючых адбыцца радасных перамен.

31-43

У Тайвані, напрыклад, усталявалі 36-метровую жывую ёлку (на фота): галоўная гераіня навагодніх урачыстасцей кожную ноч забаўляе ўсіх ахвотных, паказваючы лазернае 3D-шоу з музычным суправаджэннем.

Жыхары філіпінскага горада Сан-Фернанда ў святочную ноч збяруцца на цэнтральнай плошчы, каб убачыць гіганцкія ліхтары. Феерычны Фестываль святла праходзіць перад навагоднімі святамі ўжо не першы год. Пяціметровыя зоркі ўспыхваюць тут ноччу шматколернымі ўзорамі.

А ў Мексіцы прайшоў незвычайны калядны караван, у якім Санта-Клаусы змянілі аленяў на матацыклы.

У амерыканскім штаце Канзас тым часам усталявалі яшчэ адзін святочны сусветны рэкорд: больш за тры тысячы гледачоў прыйшлі на баскетбольны матч у світарах з навагоднімі знакамі. Суддзя з Кнігі рэкордаў Гінеса гэта ацаніў, сказаўшы, што такі масавы флэшмоб, сапраўды, уражвае. Папярэдні рэкорд налічваў крыху больш за тысячу чалавек.

$140 мільярдаў на падарункі

У Амерыцы падводзяць вынікі сезона традыцыйных святочных распродажаў, які звычайна адкрываецца ў Дзень падзякі і заканчваецца Калядамі. У гэты перыяд рытэйлеры праводзяць галоўныя акцыі года — Чорную пятніцу (пятніца пасля Дня падзякі), кіберпанядзелак (панядзелак пасля Чорнай пятніцы) і суперсуботу (апошняя субота перад Калядамі), калі крамы прапануюць найбольшыя зніжкі і самыя выгадныя здзелкі тым, хто яшчэ не паспеў купіць падарункі і спрабуе скарыстацца апошнім шанцам для гэтага.

31-45

Па звестках даследчай кампаніі ShopperTrak, продажы ў Чорную пятніцу дасягнулі $10,2 млрд, што на 11,2% ніжэй, чым летась, а продажы кіберпанядзелка выраслі на 12% і ўпершыню перавысілі $2 млрд. Эксперты тлумачаць гэта захаваннем тэндэнцыі да перамяшчэння продажаў са звычайных крам у інтэрнэт.

Усяго ж у адыходзячым 2015-м, па даных даследавання актыўнасці спажыўцоў, у сезон святочных продажаў амерыканцы гатовы выдаткаваць на куплю падарункаў і святочнай атрыбутыкі ў сярэднім $630, што ў суме складае каля $140 млрд.

Пад музыку… петард

Больш за 850 гарадоў Італіі ўвялі забарону або істотна абмежавалі выкарыстанне петардаў і феерверкаў падчас святкавання Новага года.

Паводле інфармацыі італьянскіх СМІ, улады Балонні, Пескары, Сіены, Палерма, Бары і шэрагу іншых гарадоў цалкам забаранілі выкарыстанне піратэхнікі ў навагоднюю ноч, прыстрашыўшы парушальнікаў штрафамі да 500 еўра. У Вероне падпальваць феерверкі нельга на адлегласці менш за 200 метраў ад бальніц, школ, у грамадскіх месцах, а таксама ў выпадку прысутнасці паблізу жывёл. Чакаецца, што забарона петард і феерверкаў будзе ўведзена і ў Мілане. Там гэтая ініцыятыва звязана ў першую чаргу з барацьбой са смогам, які ў апошні месяц стаіць над горадам з прычыны адсутнасці дажджоў.

Падобныя рашэнні адміністрацый італьянскіх гарадоў падтрымліваюць арганізацыі па абароне жывёл. Актывісты-зоаабаронцы выступілі з заклікамі зусім забараніць петарды і феерверкі, паколькі шматлікія выбухі піратэхнікі ў навагоднюю ноч, паводле іх слоў, з’яўляюцца «сапраўдным катаваннем» для жывёл.

А вось у Венецыі ад светлавога і шумавога суправаджэння сустрэчы 2016 года адмаўляцца не збіраюцца, паколькі гэта абавязковая частка запланаванага свята. На плошчы Сан-Марка ў адным з самых рамантычных гарадоў Італіі ў першыя хвіліны Новага года адбудзецца традыцыйны «Пацалунак апоўначы» — сотні закаханых пар абмяняюцца зацяжным пацалункам на фоне ўражлівага феерверку над Гранд-каналам.

…І ні ў чым сабе не адмаўляй

Ва ўмовах крызісу большасць замежных кампаній, незалежна ад сферы дзейнасці, некалькі ўразаюць свае выдаткі. Аднак так робяць далёка не ўсе, і некаторыя аддаюць перавагу не эканоміць на супрацоўніках, а гуляць на поўную катушку, пакуль ёсць магчымасць.

31-42

Паводле ацэнак экспертаў індустрыі забаў, адным з самых гучных карпаратываў 2015 года стала святкаванне 20-годдзя транснацыянальнай кампаніі сеткавага маркетынгу Tіens Group — яе ўладальнік, кітайскі мільярдэр Лі Цзіньюань, зладзіў раскошнае свята для 6,4 тысячы сваіх супрацоўнікаў. Святкаванне адбылося ў Парыжы, а ў праграму ўвайшлі наведванне Эйфелевай вежы, прыватная экскурсія па Луўры, спектакль у «Мулен Руж», шопінг у «Галерэі Лафает», а потым паездка на Блакітны бераг. Для карпаратыву давялося забраніраваць… 140 гатэляў у Парыжы, Манака і Канах і 147 аўтобусаў. Увогуле мільярдэр выклаў за карпаратыў каля 20 мільёнаў еўра.

Пераплюнуць кітайскага бізнесмена па размаху здольны хіба што топ-менеджары медыякампаніі Yahoo. Па інфармацыі, якая трапіла ў прэсу, нягледзячы на значную страту даходаў кампаніі, тут вельмі любяць ладзіць карпаратыўныя вечарынкі: так, калектыўная фотасесія ў стылі «Чараўніка з краіны Оз» абышлася Yahoo каля $70 000. Прыкладна столькі ж каштаваў запіс відэароліка «Watch Me (Whіp / Nae Nae)» да святочнай вечарыны ў кампаніі. Кіраўніцтва медыягіганта, зрэшты, каментаваць гэтыя лічбы адмовілася.

Ёлачка, гары эканомна!

Па даных аналітычнай арганізацыі «Цэнтр глабальнага развіцця» (Center for Global Development), за час калядных і навагодніх свят на ілюмінацыю ў ЗША ідзе больш электраэнергіі, чым многія краіны, якія развіваюцца, спажываюць за цэлы год. Пры гэтым, аднак, менавіта ад апошніх патрабуюць скарачаць спажыванне энергіі і пераходзіць на аднаўляльныя крыніцы, што, на думку даследчыкаў, даволі некарэктна.

Так, хоць на долю ўпрыгажэнняў прыпадае ўсяго 0,2% сукупнага аб’ёму энергіі, выдаткаванай у ЗША на працягу года, лічба дасягае 6,6 мільярда кілават·гадз. Гэтага дастаткова, напрыклад, для сілкавання 14 мільёнаў халадзільнікаў. А некаторым краінам гэтага хапае на 12 месяцаў: у прыватнасці, для Сальвадора гадавое спажыванне складае 5,35 млрд кілават·гадз., для Эфіопіі — 5,3 млрд, для Танзаніі — 4,8 млрд, для Непала — 3,28 млрд. Самай «эканомнай» стала Камбоджа з 3,06 млрд кілават·гадз. за цэлы год.

Вынікі даследавання заснаваны на інфармацыі Міністэрства энергетыкі ЗША і ААН за 2008 год, аднак аўтары падкрэсліваюць, што да 2015 года аб’ёмы спажывання энергіі не знізіліся, гэта значыць, што высновы актуальныя і ў нашы дні.

Аўстралія запаліла рэкорд

Сусветны рэкорд па колькасці калядных агнёў на штучнай ёлцы пабіты ў Аўстраліі. На святочным дрэве, усталяваным у Канберы, заззялі 518 838 святлодыёдных лямпачак.

Ілюмінацыя была ўрачыста ўключана яшчэ ў канцы лістапада ў прысутнасці гараджан, а таксама афіцыйнага прадстаўніка Кнігі рэкордаў Гінеса, які пацвердзіў новае сусветнае дасягненне. Папярэдні рэкорд складаў 374 000 лямпачак. Дрэва дасягае ў вышыню 21 метра; яго вяршыню ўпрыгожвае 1,5-метровая зорка, якая зіхаціць 12 000 агнямі.

Упрыгожваннем рэкордна яркай каляднай ёлкі займаўся мясцовы энтузіяст Дэвід Рычардс пры дапамозе архітэктараў, інжынераў, дызайнераў і валанцёраў усіх узростаў. Дарэчы, у 2013 годзе Рычардс разам з сям’ёй устанавіў рэкорд па найбольшай колькасці калядных гірлянд ва ўласным доме: будынак, унутраныя памяшканні і двор былі аформлены 502 165 лямпачкамі.

Не спадабалася — прадай

Не паспела Еўропа адзначыць Каляды, як гандлёвыя пляцоўкі накшталт eBay застракацелі аб’явамі аб продажы непатрэбных падарункаў. У прыватнасці, як піша французскае выданне «Le Fіgaro» са спасылкай на даследаванне Opіnіonway, кожны другі француз (52%) гатовы прадаць неўпадабаны падарунак. Толькі за мінулы год аб’ёмы продажаў непатрэбных падарункаў у Францыі ацэньваюцца ў 359 млн еўра.

У параўнанні са сваімі еўрапейскімі суседзямі, французы пазбаўляюцца ад нежаданых падарункаў хутчэй. Паводле прагнозу Opіnіonway, продажы на eBay дасягнуць максімуму ўжо 7 студзеня — гэта на два тыдні раней, чым летась. А вось па сярэдняй цане выстаўленага на продаж падарунка лідзіруюць аўстрыйцы — 57 еўра.

Па даных eBay France, самымі нежаданымі падарункамі для французаў з’яўляюцца гальштукі і рабочыя інструменты. Следам ідуць навушнікі, чахлы і іншыя аксесуары для мабільных тэлефонаў, на трэцім радку — сувеніры і калекцыйныя прадметы. Многія таксама імкнуцца расстацца з кнігамі і коміксамі. Звычайна гэтыя прадметы выстаўляюць на продаж па цане, на 15—20% ніжэйшай за рынкавую.

Як адзначаюць прадстаўнікі eBay, сёння многія ўжо не хаваюць, што перапрадаюць частку калядных падарункаў. Калі раней гэта лічылася чымсьці непрымальным, то цяпер стаўленне да перапродажы непатрэбных рэчаў мяняецца. Многія расстаюцца з нежаданымі падарункамі, каб выдаткаваць атрыманыя грошы на нешта патрэбнае.

Снегавік на службе навукі

Навукоўцы з Бірмінгемскага ўніверсітэта (Вялікабрытанія) зрабілі нанаснегавіка, які каталізуе расшчапленне вады з мэтай атрымання вадароду.

Малюнак снегавіка, якога можна разгледзець з дапамогай электроннага мікраскопа, складзены з кластараў плацінавых наначасціц на падкладцы з аксіду тытану. Кожны 5-нанаметровы плацінавы кластар складаецца з 30 атамаў, а ўвесь малюнак снегавіка — прыкладна з 1680 атамаў тытану і 180 атамаў плаціны.

Уключэнне атамаў тытану дазваляе эканоміць каштоўную плаціну ў працэсе сінтэзу і перашкаджае агламерацыі наначасціц. Акрамя таго, сітаватая абалонка дазваляе атаму вадароду пранікаць скрозь структуру і працаваць як каталізатар для рэакцыі выдзялення вадароду.

31-44

Калядная панчоха для волата

У амерыканскім горадзе Феетвіл прадставілі самую вялікую ў свеце калядную панчоху. Вага святочнага вырабу — амаль 730 кг, плошча — каля 715 кв. м. Як пажартавалі назіральнікі, Санта-Клаусу спатрэбіцца значна больш аленяў, каб прывезці дастатковую колькасць падарункаў для такой панчохі.

Над вырабам працавалі вязальшчыкі з 50 амерыканскіх штатаў і чатырох канадскіх правінцый, а таксама Ірландыі. Пражу для святочнага вырабу прадаставіла кампанія Caron Unіted. Гэтае прадпрыемства ахвяравала частку даходу з продажаў пражы на стыпендыі для дзяцей загінулых амерыканскіх вайскоўцаў.

elephant01

Свята для сланоў

Пакуль у краінах Старога і Новага свету рыхтуюцца навагоднія гулянні і маршыруюць парадамі Санта-Клаусы і іншыя казачныя персанажы, азіяты знаходзяць іншыя падставы для свята. Так, у непальскім пасёлку Саураха ў раёне Чытван на днях фінішаваў традыцыйны, 12 па ліку, штогадовы фестываль сланоў. Сярод яго этапаў — слановы этап, гонкі на гіганцкіх жывёлах, а таксама скокі на валах і спецыяльны «пікнік на сланах», для якога было падрыхтавана некалькі тон рознай садавіны.

Акрамя таго, сярод заяўленых 127 сланоў — удзельнікаў спаборніцтваў — арганізатары фестывалю правялі спецыяльны конкурс прыгажосці. Па выніках першага этапу суддзі адабралі 5 жывёл, сярод якіх у некалькі этапаў вызначалі самую прыгожую.

Фестываль сланоў з’яўляецца традыцыйным мерапрыемствам для Непала, яго арганізуюць прадстаўнікі мясцовай асацыяцыі гатэляў. Мэта мерапрыемства спрыяе развіццю турызму ў рэгіёне, а таксама павышэнню дасведчанасці турыстаў пра абарону дзікай прыроды.

Іван Купарвас

Тэгi:

Пакіньце свой каментарый