Ці была дзяўчынка?

31.12.2015 00:16каментарыяў: 1Прагледжана: 88

Што звязвае скандальна знакамітую Моніку Левінскі з Віцебшчынай?

Аказваецца, яна — сваячка Шагала. А ў Бешанковічах святкавала дзень нараджэння.

31-29

Дзень нараджэння Монікі. Бешанковічы. 1987 год

«Для мяне яна — не аўтарытэт…»

У наступным годзе ў ЗША пройдуць прэзідэнцкія выбары. Нагадаю, сёлетняй вясной Хілары Клінтан, жонка экс-прэзідэнта, абвясціла аб вылучэнні сваёй кандыдатуры ад Дэмакратычнай партыі. І палітолагі лічаць яе фаварыткай. Па традыцыі СМІ «перамываюць костачкі» кандыдатам. Сексуальны скандал — інтымная сувязь  Біла Клінтана з  Монікай Левінскі, якой сёлета споўнілася 42 гады — таксама не забыты.

Па расійскіх тэлевізійных каналах, улічваючы, мякка кажучы, «нелюбоў» Хілары да Расіі, у апошні час перыядычна згадваюць тую гісторыю. Моніка (пасля таго, як стала вядома пра яе сувязь з прэзідэнтам) стала ледзь не самай знакамітай жанчынай планеты…

Калі, прыехаўшы ў Бешанковічы, пытаўся ў мясцовых пра пані Моніку, рэагавалі па-рознаму. Адны ўсміхаліся і раілі пісаць пра нешта «больш актуальнае». Іншыя казалі, што нічога пра гэта не чулі. А некаторыя чулі, але нічога канкрэтнага не ведаюць… А ў музеі мой інтарэс выклікаў шчырыя здзіўленні і смех.

— Ды ў Бешанковічах хто толькі не спыняўся! Пётр І спыняўся, магу распавесці і пра Кацярыну ІІ… А ў верасні 1821 года Аляксандр І у Бешанковічах мірыўся з гвардзейскім корпусам, які адправіў у паход у Літву пасля хваляванняў у Сямёнаўскім палку ў 1820 годзе… Пра Моніку таксама распавяду, хоць яна для мяне, скажам так, не аўтарытэт. Дакладна яна прыязджала ў Бешанковічы. Нават фота засталіся! — заінтрыгаваў Станіслаў Леаненка, галоўны захавальнік фондаў Бешанковіцкага раённага гісторыка-краязнаўчага музея.

Некалькі версій

Сёння Бешанковічы мала чым нагадваюць былое яўрэйскае мястэчка. Дарэчы, краязнаўцы па-рознаму тлумачаць саму назву райцэнтра. Больш распаўсюджана версія, што яна пайшла ад слова «бешань», якое азначае моцную плынь ракі. Ёсць і «яўрэйская версія». Быццам бы два браты-яўрэі з Лепеля па прозвішчы Шэнкіны пасяліліся на месцы будучага мястэчка. Тады модна было выкарыстоўваць латынь. А ў перакладзе з лацінскай мовы «бі» — гэта «два». Вось ад двух Шэнкіных і пайшла назва… Навуковыя даведнікі па тапаніміцы распавядаюць, што назва Бешанковічы магла быць утворана ад цюркскага слова «беш», што азначае пяць. Такое імя давалася пятаму дзіцяці ў сям’і. Або назва Бешанковічы ўзнікла ад прозвішча ці мянушкі з асновай «бешаны» (у сэнсе шалёны).

Станіслаў Леаненка пазнаёміў мяне з яшчэ адным краязнаўцам, Анатолем Крачкоўскім.

— Вось вам адна з маіх кніг пра Бешанковіцкі раён — там і пра Левінскі ёсць інфармацыя. На фота Моніка са сваякамі ля лодкі на беразе Заходняй Дзвіны… Пра Бешанковіцкі край я напісаў больш за трыццаць кніг, гісторыя «ўлезла ў мяне, як у шахцёра пыл». І ніяк «не магу адмыцца», — усміхаецца ён. — За
35 гадоў краязнаўства збіраў інфармацыю ў архівах Вільнюса, Гродна, Оршы, Полацка, Мінска і Віцебска. Калі ў Бешанковічах стваралі музей, была магчымасць у абласным архіве больш падрабязна вывучаць дакументы.

Родам Анатоль Вячаслававіч з Докшыцкага раёна. Працаваў дырэктарам Бешанковіцкага музея, у рэдакцыі раённай газеты. Аўтар мноства кніг. Сярод іх: «Край наш наддзвінскі», «Светлы бешанковіцкі куток», «Бачэйкава. Гісторыка-эканамічны нарыс».

— У Бешанковічах ёсць старыя яўрэйскія могілкі XVІІІ стагоддзя, на якіх пахаваны тысячы людзей. Сумная старонка ў гісторыі мясцовага яўрэйства — Вялікая Айчынная. Яўрэі з розных краін часта прыязджаюць у Бешанковічы. Прозвішчы сваякоў на помніках шукаюць, парадак на могілках наводзяць. І сям’я Левінскі там была, — працягвае ён.

31-30

Моніка на Заходняй Дзвіне з Рыхардам Фоксам і яго ўнукамі.

Бэла выбрала Марка

Шмат карыснай для краязнаўцаў інфармацыі знайшлося ва ўспамінах дзядзькі Монікі. Вядома, што Моніка Сэміл Левінскі нарадзілася летам 1973 года ў Сан-Францыска. А ў Віцебску жыў яе дзядзька, родны брат бацькі.

— Міхаіл Сямёнавіч (Мойша Саламонавіч) Левінскі працаваў стаматолагам у Віцебску. Яго родны брат Беня Саламонавіч — бацька Монікі Левінскі. Жонка Міхаіла Сямёнавіча, у дзявоцтве Фокс, родам з мястэчка Бешанковічы. Менавіта туды ў жніўні 1987 года Міхаіл прывёз свайго брата Беню і яго дачку Моніку для знаёмства з роднымі. Эмігрыраваў у Ізраіль у 1999 годзе,— удакладняе Анатоль Крачкоўскі.

Аўтар гэтых радкоў, на жаль, не змог звязацца са спадаром Левінскі. Ці жывы ён? Ні ў скайпе, ні ў папулярных сацыяльных сетках яго прозвішча няма. Мяркуючы па яго ўспамінах, надрукаваных у 1990-я ў часопісе «Огонёк», Міхаіл Левінскі быў чалавекам з гумарам:

«Я лячу гэтыя зубы ўжо 40 гадоў. І, вы ведаеце, лепшымі яны не сталі, нягледзячы на «Блендамед» і «Дырол» без цукру. Вядома, я заўсёды жыў трошкі лепш, чым іншыя лекары, напрыклад тэрапеўт або педыятр. Усё-такі зубы — гэта зубы. Але сказаць, што я купаўся ў масле, не, я так не скажу. Часам лепш, часам горш, адзінае, што я магу сказаць: класці на паліцу ўласныя зубы мне не даводзілася ніколі…» І далей: «А я тут неяк пачаў складаць наша генеалагічнае дрэва. І такая дзіўная разгарнулася карціна, каго толькі няма ў нашым родзе! Дык вось пра дзядзьку Марка (Шагала. — Аўт.). У 1915 годзе ён ажаніўся з Бэлай. Мой дзед, яго звалі Ізраіль, таксама хацеў з ёй ажаніцца. Але Бэла не хацела зубнога ўрача, яна хацела мастака. Дзед быў так засмучаны.. Ён прыйшоў на іх вяселле і там добра разгледзеў адну з сясцёр Марка… Яна была зусім не горшая за Бэлу. І вось ужо на каго сапраўды найбольш падобная Моніка, дык гэта на старую Юдку, маю бабку».

Бедны Лёва…

Міхаіл Левінскі ў падрабязнасцях успамінаў аб знаходжанні Монікі на Віцебшчыне.

«Я павёз іх у Бешанковічы, там у мяне радня. Мая жонка была немка, цяпер яна памерла, яе прозвішча Фокс. Яны несапраўдныя немцы, яны з Казахстана, але ў іх ёсць сваякі ў Германіі. І вось мы паехалі да іх у Бешанковічы. Там такая прырода! Моніка купалася ў Дзвіне. Менавіта там ёй споўнілася 14 гадоў. Божа мой! Якім яна была выдатным дзіцем. Магчыма, для амерыканскага дзіцяці некалькі паўнаватай. Але не для Віцебска… Бацька скардзіўся, што яна не вельмі чыста гаворыць, у яе не атрымліваўся па-амерыканску гук «О». Але, на мой погляд, яна вельмі добра гаварыла на ідыш. …Тут жа утварыўся (слова з арыгінала. — Аўт.) малады чалавек, мой пляменнік, васямнаццацігадовы боўдзіла. Ён ад яе не адыходзіў, як сабака. Я яго разумею. Хлопцу час у войска. Ён працуе на трактары, знемагае ў сваёй вёсцы, дзе ён мала што бачыў. І тут прывозяць амерыканскую дзяўчынку… Бедны Лёва зламаўся, ён начаваў ля яе дзвярэй. І ёй гэта падабалася, яна ж усё разумела. Жанчыны, яны ўсё пачынаюць разумець значна раней за нас; калі яны яшчэ зусім дзеці», — шчыра прызнаўся спадар Левінскі.

Ён успомніў і пра тое, што Лёва з Монікай дамовіліся зрабіць татуіроўкі на спіне: выяву дамы, а вакол кветкі. Хлопец зрабіў. Невядома, ці зрабіла яна. Потым Лёва эмігрыраваў. Спачатку да родных у Германію. Потым — у ЗША. Скончыў паліцэйскую акадэмію. На той час бацькі Монікі ўжо развяліся…

Міхаіл Левінскі ўпэўніваў, што менавіта Моніка дапамагла Лёве ўладкавацца ў Белы дом ахоўнікам. Гэта было ў 1995 годзе. А далей і здарылася тое, што прывяло да скандалу. Але гэта ўжо зусім іншая гісторыя.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

рukshаnskі@zvіаzdа.bу

Бешанковічы — Віцебск.

Фота аўтара і з асабістага архіва краязнаўца Анатоля Крачкоўскага

Тэгi:

каментарыяў: 1

  • Андрей

    Добрый день! С наступающим! Я сам родом из Бешенковичей, но многого про родной городок не знал. Тем более про Левински. Спасибо газете за интересную тему и ракурс!!! Всех благ!

Пакіньце свой каментарый