Сарваць банк

31.12.2015 00:47каментарыяў: 0Прагледжана: 36

Задуманая падчас Вялікай дэпрэсіі для ілюстрацыі шкоднасці празмернай канцэнтрацыі капіталу гульня «Манаполія» з лёгкасцю перажыла забарону прадпрыемстваў, у гонар якіх была названа, і выдатна сябе адчувае ў эпоху камп’ютарных забаў. За восем дзясяткаў гадоў самая масавая настольная гульня спарадзіла масу клонаў і дзесяць разоў увайшла ў Кнігу рэкордаў Гінеса.

31-10

Паводле афіцыйнай версіі, легендарная гульня была створана ў 1933 годзе, але ў продаж паступіла толькі ў 1935-м. Аднак некаторыя гістарыёграфы «Манаполіі» (ёсць і такія) вядуць адлік з Landlord’s Game, запатэнтаванай у 1903 годзе.

З’яўленне «Манаполіі» адназначна звязана з імем Чарлза Дэроу — менавіта яго варыянт гульні быў выдадзены адной з галоўных амерыканскіх гульнявых кампаній Parker Brothers. Хоць тут не абышлося без скандалу. Паводле адной з версій, беспрацоўны Дэроу падгледзеў ідэю ў сваіх сяброў, а потым прадаў ідэю выдаўцу.

Гульнявое поле Дэроу зрабіў з цыраты, дамы і гатэлі былі драўлянымі, а ў якасці фішак ён выкарыстаў металічныя фігуркі з дзіцячых бранзалетаў сваіх пляменніц.

31-9

У першай версіі «Манаполіі» было дзесяць фішак: прас, кашалёк, ліхтар, машынка, напарстак, чаравік, цыліндр, карабель, гармата і конік-качалка. З гадамі гэты набор мяняўся. Зараз у стандартных версіях гульні восем фішак: карабель, цыліндр, сабачка, машынка, напарстак, чаравік, кошка і тачка.

У 1935 годзе «Манаполія» стартавала ў двух варыянтах — амерыканскім і брытанскім, у якім амерыканскія тапонімы былі заменены на англійскія. Сёння гульня прадаецца ў 114 краінах, для большасці з якіх створаны лакальныя варыянты з мясцовымі назвамі вуліц.

Да 1990 года ўзроставыя абмежаванні дазвалялі гуляць у «Манаполію» толькі з васьмі гадоў, Monopoly Junіor знізіла гэты парог да пяці.

За восемдзесят гадоў існавання «Манаполія» перажыла больш за трыста «спецыяльных» выданняў — у гонар асобных гарадоў, краін, фільмаў і падзей. Але самае незвычайнае зрабіла брытанская разведка падчас Другой сусветнай для палонных брытанскіх салдат — з компасам, картамі мясцовасці і сапраўднымі грашыма.

31-8

З 1973 года, акрамя шматлікіх мясцовых турніраў па «Манаполіі», праводзіцца і афіцыйны чэмпіянат свету. Яго пераможца атрымлівае суму, роўную капіталу банка ў стандартнай гульні, гэта значыць 20 580 амерыканскіх доларам.

У гэтым годзе ў гонар 80-гадовага юбілею гульні французскае падраздзяленне Hasbro выпусціла 80 каробак «Манаполіі» з сюрпрызам — сапраўднымі еўра замест гульнявых.

У СССР самым вядомым лакалізаваным аналагам «Манаполіі» была першая ў краіне эканамічная гульня «Менеджар», якая з’явілася ў 1988 годзе.

Пакіньце свой каментарый