Полацк здымае кіно

31.12.2015 00:45каментарыяў: 0Прагледжана: 31

У старажытным Полацку прайшоў конкурс аматарскага фільма імя Юрыя Тарыча «Я здымаю кіно». На суд журы свае фільмы прадставілі ўдзельнікі з Беларусі, Расіі, Латвіі і Германіі. Маштабнае свята было прысвечана 130-годдзю заснавальніка нацыянальнага кінематографа Юрыя Тарыча.

— Першы ў Беларусі конкурс сярод аматараў кіно праводзіўся другі раз, але ўжо паспеў стаць папулярным, пашырыць як геаграфічныя, так і тэматычныя межы. У ім могуць узяць удзел усе ахвотныя, незалежна ад узросту, месца пражывання. Сёлета на конкурс было пададзена 100 работ 26 удзельнікаў. Аўтары стварылі дакументальныя, мастацкія, мультыплікацыйныя фільмы, музычныя і рэкламныя кліпы, сацыяльныя ролікі і іншае. Конкурс праводзіўся ў тры этапы. У перыяд галасавання лепшыя работы паказвалі на рэгіянальным тэлеканале «Скіф» — а яго транслююць у Полацку, Наваполацку, Віцебску, Оршы, Барысаве, Бабруйску. Фільмы размяшчаліся і на сайце Полацкага рэгіёна «0214.by». І кожны яго наведвальнік меў магчымасць адзначыць творчы матэрыял, які спадабаўся найбольш. У прафесійным журы былі прадстаўнікі Нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм», Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, кафедры тэлебачання і радыёвяшчання Інстытута журналістыкі БДУ і тэлекампаніі «Скіф», — адзначыла Валянціна Уласенка, прэс-сакратар Полацкага райвыканкама.

Вынікі адкрытага конкурсу былі агучаны на ўрачыстай цырымоніі ўзнагароджання пераможцаў. Адной з найлепшых работ, якую вызначылі прафесіяналы, стаў дакументальны фільм маскоўскай студыі «Школьны кадр» — «Лісце падала ў верасні». У ім — аповед пра трагічную падзею, якая адбылася 1 верасня 2004 года ў Беслане, калі мясцовая школа была захоплена тэрарыстамі. На працягу трох дзён зламыснікі ўтрымлівалі ў замініраваным будынку больш за 1100 дзяцей, іх бацькоў, супрацоўнікаў школы. Ахвярамі тэракта сталі 334 чалавекі, у тым ліку 186 дзяцей. Могілкі, на якіх пахаваныя забітыя, сталі мемарыялам і атрымалі афіцыйную назву «Горад анёлаў».

Сёлета на конкурс прадставілі шмат фільмаў, прысвечаных тэме Вялікай Айчыннай вайны. Першае месца атрымаў дакументальны фільм «Лісты ў нікуды» наваполацкай студыі «Нэкст»…

Падчас свята кіно прайшоў шэраг іншых мерапрыемстваў. У прыватнасці, Нацыянальнай кінастудыяй «Беларусьфільм» была праведзена дабрачынная акцыя. У кінатэатры «Радзіма» быў арганізаваны паказ псіхалагічнай драмы «Ваўкі» і прыгодніцкага фільма «Неверагоднае перасоўванне». З гледачамі сустрэўся рэжысёр-пастаноўшчык Аляксандр Анісімаў.

Адбылася і творчая сустрэча з вядомым акцёрам, ураджэнцам Полацка Ігарам Сігавым (ён зняўся ў серыяле «Каменская», фільмах «Сляды апосталаў», «Поп», «Навігатар» і інш.).

— Я ганаруся, што нарадзіўся ў Полацку, культурным цэнтры нашай краіны. Знамянальна, што менавіта тут нарадзілася ідэя конкурсу аматарскага фільма. Ад усяго сэрца зычу конкурсу развівацца і набіраць абароты, — адзначыў заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

рukshаnskі@zvіаzdа.bу

Полацк — Віцебск

Тэгi:

Пакіньце свой каментарый