Чакайце любімых і верце ў новую сустрэчу

31.12.2015 00:07каментарыяў: 0Прагледжана: 41

Новы год — чароўны час, калі мы падводзім вынікі, рыхтуем адно аднаму падарункі. Але ці думаем, што, магчыма, само жыццё рыхтуе нам незвычайныя падарункі — сустрэчы з блізкімі, роднымі і любімымі людзьмі? І, галоўнае, ці верым? Людзі, якія звяртаюцца ў праграму «Чакай мяне» (выходзіць у эфіры тэлеканала АНТ) — з тых, хто не губляе надзеі атрымаць менавіта такі падарунак. Шэф-рэдактар праграмы Вікторыя Байбурына кажа, што цяпер толькі ў базе беларускай рэдакцыі праграмы «Чакай мяне. Беларусь» знаходзіцца каля 30 тысяч заявак. І за час існавання беларускага выпуску перадачы тут адшукалі сваімі сіламі каля 1,5 тысячы чалавек. Калі ўлічваць сярэдні паказчык па ўсіх краінах, то атрымліваецца, што нехта знаходзіцца кожныя некалькі хвілін.

31-35

— Здзіўляе тое, як лёгка часам людзі страчваюць адно аднаго… на дзесяцігоддзі. Пераехалі і забыліся пакінуць новы адрас, змянілі прозвішча… Здавалася б, цяпер, калі існуе столькі розных сацыяльных сетак, такое проста немагчыма. Але ж здараюцца выпадкі, калі людзі гадамі не могуць знайсці адно аднаго. Часам проста так складваюцца абставіны, — дзеліцца Вікторыя Байбурына. — І мы просім у нашай праграме ўсіх праверыць на сайце «Чакай мяне», ці не шукаюць раптам вас альбо кагосьці з вашых знаёмых. Чалавек заходзіць на сайт проста таму, што цікава, а аказваецца, што шукаюць менавіта яго… Я працую ў праграме ўжо больш за 6 гадоў, і ўсё роўна бываюць моманты, калі цяжка стрымаць слёзы… Калі дзеці знаходзяць бацькоў, калі сустракаюцца людзі, якіх разлучыла вайна… І прыкладаў безліч. Усе нашы гісторыі вучаць спачуваць тым, хто побач з намі, берагчы адно аднаго.

Надзея не ведае межаў

Лідзія Васільеўна з горада Бяроза і яе сёстры даўно марылі знайсці пляменніка Мікалая, сына іх брата Івана (які трагічна загінуў, калі хлопчыку было 9 гадоў). Іх брат жыў са сваёй сям’ёй ва Украіне, куды яшчэ ў маладосці з’ехаў на заробкі. Першы час пасля смерці Івана родзічы з Беларусі падтрымлівалі сувязь з яго жонкай і сынам праз лісты. Пляменнік запрашаў сваякоў нават на вяселле, але ў тых не атрымалася. Пасля ім даслалі вясельны фотаздымак Мікалая, і перапіска абарвалася… Цёткі бачылі свайго пляменніка ў рэальнасці толькі маленькім, гадоў 20 таму. Як аказалася, жаданне знайсці адно аднаго ва ўсіх было ўзаемным: мужчына таксама рабіў спробы адшукаць родных: звяртаўся ў міліцыю, але атрымаў адказ, што яны выехалі. Радасці не было межаў, калі даведаўся, што яго шукаюць праз праграму «Чакай мяне». «Аж да слёз радуюся! Сам думаў у гэтую праграму звярнуцца, але вы зрабілі гэта хутчэй!» — адзначаў герой перад сустрэчай з родзічамі. І расказваў пра свае паездкі ў Беларусь, успамінаў, як тут Новы год і Каляды святкавалі… А пасля адбылася цёплая і эмацыйная сустрэча ў беларускай студыі праграмы «Чакай мяне». Сям’я зноў аб’ядналася.

Лісты ад каханай

Падчас канфлікту ў Нагорным Карабаху больш за дваццаць гадоў таму сярод бежанцаў была сям’я (муж, жонка і двое дзяцей), якія з’язджалі з Баку. Пераехалі яны ў Краснадарскі край, на Кубань. Наступствы той вайны былі цяжкімі… Праз чатыры гады не стала бацькі, маці трапіла ў бальніцу з дэпрэсіяй, дзеці засталіся адны. Даў ім прытулак дзядзька (брат маці), які таксама быў бежанцам і жыў у вёсцы. У рэчах, што засталіся ад бацькі, 12-гадовая Алена знайшла лісты, якія ён вывез з Баку з каштоўнымі рэчамі. Гэта былі пісьмы да каханай жанчыны з мінулага. Так дзяўчынка даведалася пра існаванне сястры Наталлі… Аказалася, што яна жыве ў Мінску, але дзякуючы пакінутаму на сайце праграмы водгуку сёстры змаглі сустрэцца.

І наступныя некалькі кароткіх гісторый таксама інакш, як «навагоднім цудам», не назавеш…

Незабыўнае сяброўства

Валерый з Пятром пазнаёміліся і пачалі сябраваць падчас вучобы, калі служылі ў ракетным дывізіёне. Пётр быў мастаком-афарміцелем, маляваў у клубе плакаты для нагляднай агітацыі, Валерый — сувязістам. Яны ўваходзілі ў склад аднаго падраздзялення… Першая заяўка ад Пятра, дзе ён шукаў сябра, з’явілася на сайце перадачы ў сакавіку 2011 года, другая была датавана 1 студзеня 2012 года, а трэцяя — лютым 2012-га. Іх пад кіраўніцтвам бацькі складала яго 15-гадовая дачка Яна.

Падчас сустрэчы ўспаміналі, як святкавалі Новы год у арміі. Пётр Мікалаевіч са смехам узгадваў, як накрывалі ў казарме стол, дзе былі сокі, садавіна, ніякага спіртнога, але ўсім было весела, бо з імі служылі хлопцы з цыркавога вучылішча, у тым ліку і фокуснік. «Цвіком праграмы» заўсёды было з’яўленне Дзеда Мароза і Снягуркі, у якіх пераапраналі салдат. Дзядуля быў у армейскай вушанцы і кажуху, а яго ўнучка — у спадніцы, зробленай з ручніка… Сустрэча былых саслужыўцаў адбылася ў мінскай студыі. Знайсці сябра на Новы год — ці можна ўявіць сабе лепшы падарунак?..

Найдаражэйшыя знаходкі

Яшчэ адна з заявак, зарэгістраваных 1 студзеня, знайшла водгук. Канстанцін Анатольевіч шукаў родных свайго бацькі, з якім ніколі не бачыўся. Бацькі разышліся, калі хлопчыку не было і года. Зрабіць спробу адшукаць родзічаў мужчыну натхніў сын. І ў выніку сваякі знайшліся. Аказалася, у Канстанціна шматлікая радня.

Сапраўдным цудам можна лічыць і фінал гісторыі Дзяніса з Беларусі, які шукаў свайго бацьку ў Латвіі. Двойчы хлопец рабіў спробы знайсці роднага чалавека. Першы ліст трапіў у праграму ў 2004 годзе, калі Дзяніс ішоў на службу ў войска, а другі — калі ён зрабіў прапанову рукі і сэрца каханай дзяўчыне ў сакавіку 2012-га. Вяселле было запланавана на стары Новы год… І бацька знайшоўся!

Таму верце ў цуды, беражыце сябе і блізкіх людзей! І што б ні здарылася, чакайце іх вяртання дадому!

Алена ДРАПКО

drapko@zviazda.by

Тэгi:

Пакіньце свой каментарый