Стаўка на мір і новыя праекты

31.12.2015 00:05каментарыяў: 0Прагледжана: 28

Чым запомніўся 2015 год для краіны?

Мінулы год быў насычаны як добрымі, так і страшнымі падзеямі. На шчасце, апошнія — тэракты, крушэнні самалётаў, узброеныя сутыкненні — адбываліся не ў нашай краіне. Але ж сёння, калі свет ператварыўся ў «глабальную вёску», трагедыя ў іншай дзяржаве ўспрымаецца вельмі блізка да сэрца, прымушае задумацца — а ці не здарыцца такое і ў нас? Думкі-думкамі, а год заканчваецца. Пара падвесці вынікі — якім жа ён быў для нашай краіны?

У 2015-м, нягледзячы на цяжкасці ў эканоміцы, у нас было шмат дасягненняў, прычым у розных сферах — ад сацыяльнай да знешнеэканамічнай. Давайце паглядзім, чым жыла краіна ў адыходзячым годзе.

31-39

Сімвалы міру

На нашу дзяржаву сталі іначай глядзець у свеце. Так, сапраўды, мы і раней былі вядомымі за мяжой — спартыўнымі дасягненнямі, чыстымі гарадамі, гасціннасцю, але цяпер назвы «Беларусь» і «Мінск» гучаць ужо зусім па-іншаму. Гэта не толькі дзяржава і яе сталіца, гэта сімвалы міру, добрасуседства і шчырага імкнення дапамагчы. Наша краіна прапанавала бакам канфлікту ва Украіне сваю пляцоўку для перамоў. 12 лютага 2015 года ў Мінск прыехалі лідары Германіі, Францыі, Расіі і Украіны. 15 гадзін яны правялі ў абмеркаванні шляхоў вырашэння ўкраінскага крызісу.

Усяго кантактная група па Украіне сустракалася ў нашай сталіцы больш за 20 разоў, сустрэчы будуць арганізоўвацца і надалей. Дзякуючы ім вайна на паўднёвым усходзе суседняй краіны пайшла на спад.

На саміце Арганізацыі Аб’яднаных Нацый па ўстойлівым развіцці Прэзідэнт Беларусі ў сваім выступленні таксама зрабіў акцэнт на немагчымасці ўстойлівага развіцця без міру і бяспекі.

Выбары адбыліся

Самай важнай унутранай падзеяй летась сталі прэзідэнцкія выбары. Цэнтральная камісія па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў зарэгістравала 8 ініцыятыўных груп патэнцыяльных кандыдатаў, у выніку неабходныя 100 тысяч галасоў назбіралі чатыры з іх, адпаведна, на выбарах было чатыры кандыдаты на пост прэзідэнта.

Кампанія праходзіла спакойна — гэта адзначаў і беларускі Цэнтрвыбаркам, і міжнародныя назіральнікі. Кандыдатам былі гарантаваны роўныя магчымасці вядзення агітацыі, данясення сваёй перадвыбарнай кампаніі да выбаршчыкаў. У выніку выбары адбыліся ў адзін тур 11 кастрычніка. Яўка выбаршчыкаў склала 87,2%, датэрмінова прагаласавалі звыш 36% грамадзян. Перамог Аляксандр Лукашэнка з 83,49% галасоў.

Пацяпленне ў стасунках з Захадам

Краіны Захаду нарэшце пачалі больш аб’ектыўна ставіцца да нашай дзяржавы. У адыходзячым годзе Мінск наведалі дэлегацыі Злучаных Штатаў Амерыкі, краін Еўрапейскага саюза. Усе яны выказвалі зацікаўленасць у развіцці стасункаў з Беларуссю. Падобнае пацяпленне ў адносінах назіралася і ў перыяд прэзідэнцкіх выбараў 2010 года, але на гэты раз еўрапейскія краіны павялі сябе больш канструктыўна пасля падвядзення вынікаў выбараў. Спачатку было аб’яўлена аб магчымай замарозцы санкцый у дачыненні да нашай краіны, пасля яны былі ўвогуле адменены.

Плённа развіваліся стасункі з Еўрапейскім саюзам і ў плане спрашчэння візавага рэжыму. Пра адпаведны намер заявіў яшчэ ў 2013 годзе міністр замежных спраў нашай краіны Уладзімір Макей. Праца ў гэтым кірунку пачала даваць вынікі. У пачатку снежня стала вядома: Беларусь і Еўрасаюз падрыхтавалі да падпісання пагадненне аб спрашчэнні візавага рэжыму.

Запрацаваў ЕАЭС

Яшчэ адна важная падзея адыходзячага года тычыцца ўдзелу Беларусі ў буйным інтэграцыйным аб’яднанні мацерыка — Еўразійскім эканамічным саюзе. З 1 студзеня 2015 года ён пачаў сваю работу. На працягу года да яго далучыліся Арменія і Кыргызстан. Пагадненне аб стварэнні свабоднай эканамічнай зоны ўжо падпісана з В’етнамам. Зацікаўлены ў заключэнні такога пагаднення з ЕАЭС Егіпет, Ізраіль, Кітай, Сірыя, Іарданія, Туніс, Зімбабве, Пакістан, Манголія, Албанія, Кітай, Індыя, Іран і Еўрапейскі саюз.

ЕАЭС мае на мэце перш за ўсё эканамічнае супрацоўніцтва. Ужо сёння паміж краінамі-ўдзельніцамі зняты мытныя бар’еры, спрошчаны рэжым вядзення бізнесу.

Інвестыцыі ў дзяцей

У сацыяльным плане нельга не сказаць пра так званы мацярынскі капітал, які з’явіўся 1 студзеня 2015 года. Так, калі ў перыяд з 1 студзеня 2015 года па 31 снежня 2019-га у сям’і з’яўляецца трэцяе, чацвёртае і наступнае дзіця, дзяржава залічвае на спецыяльна адкрыты для яго рахунак у Беларусбанку 10 тысяч долараў. Да таго часу, пакуль дзіцяці не споўніцца 18 гадоў, гэтыя грошы будуць ляжаць у банку і назапашваць працэнты. Зняць іх раней за тэрмін нельга, адзінае выключэнне — платнае лячэнне. Пасля наступлення паўналецця дзіцяці патраціць гэтую суму можна будзе на паляпшэнне жыллёвых умоў, на адукацыю, на лячэнне або на пенсійныя зберажэнні для мамы.

Новае нафтавае радовішча

Новы год краіна сустракае з новым нафтавым радовішчам, якое атрымала назву Шацілаўскае. Яно размешчана ў Прыпяцкім прагіне на тэрыторыі Гомельскай вобласці. Згодна з папярэднімі разлікамі, яго запасы могуць скласці каля 350 тысяч тон, а гэта пятая частка ад штогадовага аб’ёму здабычы нафты ў нас.

У выніку праведзеных выпрабаванняў атрыманы прытокі высакаякаснай светла-зялёнай лёгкай нізкасярністай нафты. Сумарныя прагнозныя рэсурсы ацэнены геолагамі Мінпрыроды ў 850 тысяч тон, здабыча можа скласці каля 350 тысяч тон коштам больш за 200 млн долараў. Больш дакладныя лічбы будуць вызначаны пазней.

Тыя, хто афіцыйна не працуе, будуць плаціць падатак

Прэзідэнт падпісаў Дэкрэт «Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства». Дакумент вызначае, што працаздольныя грамадзяне нашай краіны ў выпадку, калі яны не ўдзельнічаюць у фінансаванні дзяржаўных выдаткаў больш за 183 дні, абавязаны заплаціць падатак. Яго сума роўная 20 базавым велічыням. Ад падатку вызваляецца шэраг катэгорый грамадзян, такіх як інваліды, пенсіянеры, дзеці да 18 гадоў, студэнты… Калі ж чалавек будзе ўхіляцца ад выплаты падатку, то яму пагражае дадаткова штраф або адміністрацыйны арышт.

Мост паміж Захадам і Ўсходам

Беларусь стала часткай праекта Вялікага шаўковага шляху. У рамках кітайскай стратэгічнай праграмы «Эканамічны пояс Шаўковага шляху» распрацоўваецца шэраг праектаў марскіх і сухапутных шляхоў паміж Еўропай і Кітаем пад агульнай назвай Новы шаўковы шлях.

Галоўная мэта амбіцыёзнага праекта Кітая — не толькі стымуляваць унутранае развіццё вялікай краіны, але і развіваць узаемавыгадныя адносіны з дзяржавамі Еўразіі. Беларусь на гэтым маршруце можна лічыць ключавой пляцоўкай. Геаграфічнае становішча нашай краіны — якраз пасярэдзіне Шаўковага шляху. З такім выгадным размяшчэннем мы адначасова «глядзім» на Усход і на Захад. Наша краіна — акно ў Еўропу з аднаго боку, з другога — прыцягненне еўрапейскіх капіталаў і тэхналогій на Усход. У Кітаі спадзяюцца, што Беларусь будзе адыгрываць ролю пляцоўкі, якая злучае Усход і Захад. Візіт старшыні КНР Сі Цзіньпіна, які адбыўся ў маі, — рэальнае пацверджанне гэтых спадзяванняў.

Нобель наш

Грамадзянка нашай краіны Святлана Алексіевіч атрымала Нобелеўскую прэмію па літаратуры. Прэмія прысуджана «за шматгалосую творчасць — помнік пакуты і мужнасці ў наш час».

Святлана Алексіевіч ужо называлася букмекерамі як адна з прэтэндэнтак на Нобелеўскую прэмію ў 2013 годзе. Але ў той год узнагароду атрымала канадская пісьменніца Эліс Манро. У 2015 годзе канкурэнцыю беларускай пісьменніцы, па версіі букмекерскай канторы Lаdbrоkеs, склалі Харукі Муракамі (Японія), Нгугі Ва Тхіёнга (Кенія), Джойс Кэрал Оўтс (ЗША), Юн Фосе (Нарвегія), Філіп Рот (ЗША).

Новыя грошы

Кіраўнік дзяржавы падпісаў Указ №450 «Аб правядзенні дэнамінацыі афіцыйнай грашовай адзінкі Рэспублікі Беларусь». Дакумент пастанаўляе, што дэнамінацыя будзе праведзена 1 ліпеня 2016 года. Яна заменіць банкноты ўзору 2000 года на грашовыя знакі ўзору 2009 года ў выглядзе банкнот і манет. «Старыя» грошы будуць суадносіцца з новымі наступным чынам: сённяшнія 10 тысяч рублёў роўныя 1 рублю.

Усяго 1 ліпеня будзе выпушчана ў зварот сем наміналаў банкнот (5, 10, 20, 50, 100, 200, 500) і восем наміналаў манет — 1, 2, 5, 10, 20, 50 капеек, а таксама 1 і 2 рублі.

70 гадоў Перамогі

Адыходзячы год запомніўся і шэрагам мерапрыемстваў, прысвечаных святкаванню 70-й гадавіны Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. У ваенным парадзе
9 мая прынялі ўдзел сотні адзінак тэхнікі, больш за 5 тысяч вайскоўцаў, сотні тысяч гледачоў.

Упершыню на парадзе былі паказаны найноўшыя айчынныя сістэмы залпавага агню «Паланез». Рэактыўныя сістэмы вялікай далёкасці створаны арганізацыямі абароннага сектара эканомікі нашай краіны і адпавядаюць найлепшым сусветным аналагам. Кожная баявая машына «Паланеза» можа адначасова нанесці кропкавы ўдар па васьмі мішэнях на адлегласці больш за 200 кіламетраў.

Спартыўныя арыенціры

Запомніўся гэты год і дзякуючы двум спартыўным мерапрыемствам сусветнага маштабу, што прайшлі ў нашай краіне. З 17 па 24 лютага адбыўся чэмпіянат свету сярод юнакоў і юніёраў па біятлоне. Галоўнай пляцоўкай спаборніцтваў стала славутая спартыўная база — Рэспубліканскі цэнтр алімпійскай падрыхтоўкі па зімовых відах спорту «Раўбічы», дзе знаходзіцца адзін з найлепшых у свеце біятлонных комплексаў. Чэмпіянат па традыцыі ўключаў два асобныя залікі: сярод юніёраў і юніёрак (ва ўзросце 19-21 год) і сярод юнакоў і дзяўчат (маладзейшых за 19 гадоў).

З 17 па 25 красавіка Беларусь правяла чэмпіянат свету па футзале. Матчы праходзілі ў пяці гарадах краіны: у Мінску, Брэсце, Пінску, Барысаве, Маладзечне. Упершыню за 20 гадоў планетарны турнір вярнуўся з краін Лацінскай Амерыкі ў Еўропу.

Яшчэ адна значная падзея — наша біятланістка Дар’я Домрачава атрымала галоўны трафей біятлоннага года — Вялікі хрустальны глобус. У кар’еры Домрачавай гэта першая такая ўзнагарода. Да гэтага яна шэсць разоў запар займала месцы ў першай дзясятцы.

Чым яшчэ запомніўся адыходзячы год у спартыўным плане? Натуральна, першай у гісторыі перамогай нашай хакейнай каманды над камандай ЗША.

Як думаюць людзі?

Днямі Інфармацыйна-аналітычны цэнтр пры Адміністрацыі Прэзідэнта абнародаваў звесткі сацыялагічнага апытання, праведзенага ў першай палове снежня. Тэма апытання — галоўныя падзеі мінулага года.

Згодна з апублікаванай інфармацыяй, каля 54% жыхароў нашай краіны лічаць прэзідэнцкія выбары галоўнай падзеяй адыходзячага года.

Паказальна, што гэта было адкрытае апытанне, г. зн. у пытаннях не было варыянтаў адказу: людзі самі ўзгадвалі тыя ці іншыя моманты і даты з жыцця краіны за 2015 год.

У ліку значных падзей грамадзяне называлі перамовы кантактнай групы па Украіне ў Мінску (5%), святкаванне 70-годдзя Перамогі, будаўніцтва Астравецкай АЭС, а таксама выступленне кіраўніка дзяржавы на саміце ААН. Ацэньваючы характар змен, якія адбыліся за год у дзяржаве, большасць жыхароў адзначылі, што ў адыходзячым годзе сітуацыя ў краіне стала больш спакойнай (23%) або засталася стабільнай (42%). Разглядаючы становішча ў свеце, беларусы прытрымліваюцца іншай думкі: пераважная большасць (80%) лічаць, што за год сітуацыя стала больш напружанай.

Яшчэ адна цікавая падзея мінулага года — акцыя «Сямейнае чытанне». Яна стартавала ўвосень — як працяг творчага праекта «Лета з добрай кнігай». Заснавальнікі акцыі — Міністэрства інфармацыі, Беларускі саюз жанчын, Саюз пісьменнікаў Беларусі і Выдавецкі дом «Звязда». Да ўдзелу ў рэспубліканскай акцыі «Сямейнае чытанне» запрошаны абласныя і раённыя выканаўчыя камітэты, бібліятэкі, Саюз пісьменнікаў Беларусі, дзяржаўныя і прыватныя кніжныя выдавецтвы.

Пляцоўкай акцыі з’яўляюцца кнігарні, бібліятэкі, школы краіны. Пісьменнікі Беларусі правядуць прэзентацыі сваіх кніг, аўтограф-сесіі, прымуць удзел у кніжных кірмашах, фестывалях сямейнага чытання, кніжных марафонах.

Надзея ЮШКЕВІЧ

yushkevich@zviazda.by

Тэгi:

Пакіньце свой каментарый