Тры арэшкі для падпісчыкаў

31.12.2015 00:58каментарыяў: 0Прагледжана: 26

Сяброўка (яна працуе дзіцячым псіхолагам) паскардзілася: адзін з яе падапечных заявіў, што Дзеда Мароза няма. Уяўляеш, кажа, так і сказаў. Гадоў пяць хлопчыку. «Ну не ведаю, — адказваю, — думаю, што існуе. Некалькі гадоў таму ў ліфце на працу разам ехалі. Я папрасіла за бараду патрымацца і загадала жаданне». — «І, вядома, спраўдзілася», — не засумнявалася сяброўка. Ну безумоўна! Не важна, як выглядае Дзед Мароз (наколькі па-рознаму, нават на працягу аднаго дня) і што ён увогуле маскіруецца пад звычайнага пераапранутага чалавека, часам некага добра знаёмага. Галоўнае, што цуд ва ўсёй гэтай святочнай мітусні ёсць. І цуд вельмі ўсім нам неабходны. Як азонавы слой для захавання жыцця на планеце Зямля. Не важна, дзякуючы якому механізму цуды адбываюцца, а мары здзяйсняюцца. Галоўнае, што яны адбываюцца.

І жаданні, загаданыя пад Новы год, спраўджваюцца. Пры гэтым іх трэба правільна загадваць. Расіяне з нядаўніх часоў пад бой крамлёўскіх курантаў пішуць свае запаветныя жаданні на паперцы, спальваюць, высыпаюць попел у келіх з шампанскім і выпіваюць гэтае шампанскае. Італьянцы, пакуль гадзіннік б’е дванаццаць разоў, спяшаюцца з’есці 12 вінаградзін, пазбавіўшыся ад вінаградных костачак, і за гэты час стараюцца не забыць, што пажадалі.

Ну а падпісчыкі «Звязды»… Некаторыя загадзя тэлефануюць у рэдакцыю і выказваюць свае жаданні. Некаторым журналісты тэлефануюць самі і пытаюцца, чаго  яны пажадалі б пад Новы год. Можа здарыцца і так, што жаданні выконваюцца авансам — для будучага падпісчыка «Звязды». Яму яшчэ шмат гадоў расці, але ён ужо ведае, што «Звязда» — такая газета, якая дапамагла ажыццявіць яго мару, — ёсць. Што на яго спадзяюцца, і ў яго, пакуль яшчэ невялікага чалавечка, але будучага, магчыма, вялікага спартсмена, вераць.

Пад Новы 2016 год мы вырашылі самі паспрабаваць ажыццявіць тры жаданні сваіх падпісчыкаў. Пра іх мы расказваем на гэтых старонках. Адно, чацвёртае, засталося выказаным, але пакуль не здзейсненым. 19-гадовая дзяўчына з вёскі Красная Слабада Салігорскага раёна пажадала планшэт. За некалькі дзён да Новага года нам не пашанцавала знайсці таго Дзеда Мароза, які гэтае жаданне можа выканаць. Але недзе ён, безумоўна, ёсць. І калі ён чытае гэтыя радкі, то няхай ведае, што яго чакаюць і ў яго вераць. А значыць, жыццё на планеце Зямля працягваецца, а цуды — здараюцца.

Пакіньце свой каментарый