Колькі зарабляе Дзед Мароз?

31.12.2015 00:57каментарыяў: 0Прагледжана: 44

Пакуль усе святкуюць Новы год у кампаніі сяброў ці тэлевізара і аліўе, яны працуюць у дзве змены. Дзяды Маразы ездзяць па дамах і рэстаранах і віншуюць тых, хто верыць у казку. Працоўны сезон галоўнага навагодняга героя невялікі — літаральна два з паловай тыдні. Але, па нашых падліках, даволі прыбытковы.

31-57

«Вярніце саліста гурта «М-Бэнд»

Сёлета попыт на Дзядоў Маразоў крыху знізіўся.

— У параўнанні з мінулым годам заказаў стала менш на 20 працэнтаў, — падлічвае Уладзімір СТЭЛЬМАХ, дырэктар парка актыўнага адпачынку. — Хаця, ведаю, у многіх фірмаў значна ўпалі продажы. Залежыць ад кліенцкай базы. Калі яна напрацавана, плюс добрыя інструменты рэкламы, то сітуацыя стабільная.

Уладзімір прызнаецца, што людзі стараюцца эканоміць. Некаторыя тэлефануюць і адмяняюць заказ, бо знайшлі прапанову, на 10 тысяч таннейшую.

Тое, што запрашаць на свята навагодніх персанажаў не спяшаюцца, пацвярджае і «Дзед Мароз» Аляксандр ЛАПУНОЎ:

— Сёлета, калі шчыра, сціпленька. Летась наш графік напалову быў забіты ўжо ў канцы лістапада. Цяпер усе асцярожнічаюць. Некаторыя заказы на карпаратывы адмяняюць.

Новыя правілы адносна ранішнікаў (нагадаем, што, згодна з імі, кандыдатуру Дзеда Мароза трэба ўзгадняць з кіраўніцтвам установы ці апякунскім саветам) таксама адбіліся на папулярнасці паслуг казачнага персанажа. У адным з івент-агенцтваў прызнаюцца, што пасля ўвядзення гэтых патрабаванняў колькасць заказаў у дзіцячыя садкі знізілася ў сярэднім на траціну. Праўда, гэты спад звязаны не толькі з жорсткім цэнзам адміністрацыі. Некаторыя аніматары самі баяцца лезці ў гэтую галіну: маўляў, незразумела, да каго ісці, з кім дамаўляцца.

Большасць заказаў традыцыйна складаюць візіты на дом да дзяцей. Малыя, кажа аніматар Аляксандр, — самая шчырая, але і самая патрабавальная публіка. «Будуць да апошняга разглядаць Дзядулю Мароза, каб лішняга нічога не зрабіў. Ёсць дзеці, да якіх мы пастаянна ходзім. Але былі выпадкі, калі мы ў нейкі год не маглі іх павіншаваць і бацькі выклікалі іншага Дзеда Мароза. Казалі: малыя не паверылі, што той сапраўдны».

Дзеці, адзначаюць аніматары, мяняюцца. Цяперашнія менш вераць у Дзеда Мароза, просяць падарункі іншага ўзроўню. Раней марылі пра звычайную цацку (мядзведзіка, зайчыка, машынку), а сёння чакаюць снегу і перадавых тэхналогій.

— Быў выпадак, калі малое ў два гады хацела планшэт, і бацькі купілі яму, — прыгадвае Уладзімір Стэльмах. — Дораць не проста смартфоны, а дарагія, апошняй мадэлі. І гэта дзецям да шасці гадоў!

Некаторыя просяць нематэрыяльных падарункаў. Хочуць здароўя ў сям’і, каб мама з татам не сварыліся. Бываюць і дзіўныя пажаданні. Так, аніматар Аляксандр, які завёў у сацыяльных сетках старонку Дзеда Мароза, атрымлівае анлайн-лісты з просьбай вярнуць саліста ў гурт «М-Бэнд».

Прыбытак у 25 мільёнаў

Расцэнкі ў Дзядоў Маразоў наступныя. За выезд на дом да дзяцей і экспрэс-віншаванне (каля 15 хвілін) да 24 снежня аніматары бралі ў сярэднім па 300 тысяч. Хто паспеў заказаць візіт навагодняга персанажа да 30 снежня, плаціў 360-400 тысяч. Сёння, 31-га, паслугі Дзеда Мароза даражэюць літаральна з кожнай гадзінай. Калі да шасці вечара дзядуля можа заехаць на 15 хвілін і павіншаваць ваша дзіця прыкладна за 450 тысяч, то пасля такі госць абыдзецца ў тысяч 800. Хочаце больш доўгую праграму? Рыхтуйце на 100-200 тысяч больш.

— Усе хочуць экспрэс-віншаванне, — кажа Уладзімір. — Каб Дзед Мароз правёў літаральна дзве гульні, уручыў падарунак і пайшоў. Дзіцяці гэты персанаж у працэнтах 95 цікавы да таго моманту, пакуль ён падарунак не аддаў. Потым ужо бацькі завуць малое, каб хаця б развіталася для прыстойнасці.

Прысутнасць казачнага героя на ранішніку будзе каштаваць прыкладна 700 тысяч рублёў. Выступленне на карпаратыве — амаль у два разы даражэйшае: за паўгадзіны такі вядучы возьме паўтара мільёна.

Колькі ж зарабляе Дзед Мароз за сезон?

— Самі артысты атрымліваюць каля шасці мільёнаў, максімум дзесяць, — адказвае Уладзімір. — Усё залежыць ад абаротаў. Ёсць яшчэ шэраг выдаткаў: паліва, арэнда аўтамабіля, падаткі, рэклама. У многіх артыстаў нічога няма. Закупляеш пад іх асобна касцюм (футра, валёнкі, посах). У сярэднім убор Дзеда Мароза каштуе каля 2,5 мільёна.

А які прыбытак у аніматараў, што працуюць без пасярэднікаў, выключна на сябе? Мы паспрабавалі падлічыць. Сезон у Дзядоў Маразоў пачынаецца ў сярэдзіне снежня і доўжыцца да 1 студзеня. Адзінкавыя заказы могуць быць яшчэ 7-8 студзеня. У звычайныя дні акцёры выязджаюць на два-тры віншаванні. У ажыятажныя (гэта 30 і 31 снежня) набіраецца 10-15 заказаў. Пачынаючы з дзевяці раніцы і да самай ночы казачныя героі ездзяць да дзяцей, а пасля 24.00 працуюць на карпаратывах ці гарадскіх пляцоўках. Пры добрым раскладзе за сезон Дзед Мароз можа зарабіць 25 мільёнаў (без уліку выдаткаў). І амаль палову ад гэтай сумы — за апошнія два дні да Новага года.

Каб атрымаць сярэднюю заработную плату па рэспубліцы (за лістапад яна склала 6,7 мільёна), аніматару з барадой трэба павіншаваць прыкладна 20 дзяцей. Ці адпрацаваць чатыры карпаратывы.

Пры такіх перспектывах сярод Дзядоў Маразоў, напэўна, шалёная канкурэнцыя…

— На карпаратывах сапраўды канкурэнцыя вялікая, — прызнаецца Уладзімір Стэльмах. — Усе працуюць праз агенцтвы. А там ёсць свае вядучыя. Чаму б не ўзяць напракат касцюм за 200-300 тысяч і самім выступіць, сэканоміўшы бюджэт мерапрыемства?

Аніматар Аляксандр Лапуноў, наадварот, упэўнены, што заказаў хапае ўсім:

— Напэўна, каб была жорсткая канкурэнцыя, трэба, каб палова беларусаў стала Дзядамі Маразамі. Мы, хутчэй, калегі. Калі не паспяваеш на заказ, тэлефануеш іншаму акцёру, просіш дапамагчы. І чалавек едзе, працуе па тваім цэнніку, хоць ён можа быць ніжэйшым.

Сэканомім на Снягурцы

Ці карыстаюцца попытам іншыя казачныя персанажы? У парку актыўнага адпачынку кажуць, што такіх заказаў значна менш. Дадатковы персанаж павялічвае кошт. За Снягурку, напрыклад, прыйдзецца даплаціць 100-150 тысяч.

— Я звычайна працую з напарніцай, — расказвае Аляксандр. — Але людзі цяпер абмежаваны ў бюджэце, таму часам запрашаюць толькі Дзеда Мароза. Хаця, калі прыязджаеш да дзяцей адзін, яны ўсё роўна пытаюцца, дзе Снягурка.

Дзіцячыя пажаданні адносна іншых герояў, адзначаюць у агенцтве з года ў год мяняюцца, паколькі з’яўляюцца новыя мультфільмы. Сёлета асабліва папулярныя персанажы мульцікаў «Халоднае сэрца» і «Маша і Мядзведзь».

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

lubneuskaya@zvіazda.by

Тэгi:

Пакіньце свой каментарый