«Шлях Скарыны», «Помнікі архітэктуры», «Кітайскі каляндар» і іншыя

31.12.2015 00:55каментарыяў: 0Прагледжана: 56

Налета Нацыянальны банк краіны запланаваў выпусціць у абарачэнне 13 найменняў памятных манет.

Як паведамілі карэспандэнту «Звязды» ў прэс-службе Нацбанка, стала ўжо традыцыяй выпускаць памятныя манеты, прысвечаныя птушцы года, якую вызначае грамадскае аб’яднанне «Ахова птушак Бацькаўшчыны». У наступным годзе такой птушкай будзе гогаль звычайны. Напярэдадні 2017-га ў працяг серыі «Кітайскі каляндар» будзе выпушчана памятная манета «Год Пеўня».

У 2017 годзе ў Беларусі будзе шырока адзначацца 500-годдзе выхаду Бібліі Францыска Скарыны. Напярэдадні гэтай падзеі Нацыянальны банк працягне выпуск памятных манет серыі «Шлях Скарыны». У 2016 годзе плануецца выпусціць у абарачэнне тры манеты: «Шлях Скарыны. Кракаў», «Шлях Скарыны. Падуя» і «Шлях Скарыны. Венецыя». У 2017 годзе ўбачаць свет памятныя манеты: «Шлях Скарыны. Вільня» і «Шлях Скарыны. Прага».

Таксама налета працягнецца і серыя «Адроджаныя расліны» выпускам памятных манет «Надбароднік бязлісты». Гэтыя манеты выпускаюцца ў межах праекта ПРААН па захаванні і адраджэнні зніклых раслін. Вялікай папулярнасцю карыстаецца серыя памятных манет «Помнікі архітэктуры Беларусі». У рамках гэтай серыі чакаецца выпуск манеты «Троіцкі касцёл са званіцай. Чарнаўчыцы». Троіцкі касцёл — унікальны помнік беларускай архітэктуры позняй готыкі і рэнесансу з выразнымі рысамі абароннага дойлідства Сярэднявечча.

Паводле вынікаў праведзенага ў Нацыянальным банку адкрытага рэспубліканскага конкурсу дзіцячага малюнка «Дзеці малююць манеты», у 2016 годзе адкрыецца новая серыя памятных манет «Свет вачыма дзяцей», у рамках якой на працягу шэрагу гадоў штогод плануецца выпускаць манеты з выкарыстаннем малюнкаў — пераможцаў конкурсу.

Працягнецца серыя памятных манет «Жыціе святых Праваслаўнай Царквы» памятнай манетай «Прападобны Серафім, Сароўскі цудатворца».

З улікам папулярнасці і цікавасці да манет спартыўнай тэматыкі як з боку нашых грамадзян, так і замежных нумізматаў, у пералік на 2016 год уключаны памятныя манеты: «Чэмпіянат свету па біятлоне 2016 года. Осла», «Алімпійскія гульні 2016 года. Веславанне на байдарках і каноэ», «Алімпійскі рух Рэспублікі Беларусь».

У прэс-службе нацыянальнага фінансавага рэгулятара паведамілі, што з першых дзён ліпеня (у адпаведнасці з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 4 лістапада 2015 г №450 «Аб правядзенні дэнамінацыі афіцыйнай грашовай адзінкі Рэспублікі Беларусь») у звароце будуць знаходзіцца манеты наміналамі 1, 2, 5, 10, 20 і 50 капеек і 1 і 2 рублі. У сувязі з гэтым Нацбанк плануе ў 2016 годзе выпусціць у абарачэнне камплекты памятных манет «Мая краіна — Беларусь», якія складаюцца з манет названых наміналаў, але палепшанай якасці чаканкі.

Сяргей КУРКАЧ

kurkасh@zvіаzdа.bу

Тэгi:

Пакіньце свой каментарый