Падтрымка маладых — і надалей

31.12.2015 00:53каментарыяў: 0Прагледжана: 46

Апошнім акордам Года моладзі стане першае ў гісторыі абвяшчэнне маладзёжнай сталіцы краіны.

31-63

Як зазначыў у сваім выступленні першы сакратар БРСМ Андрэй БЕЛЯКОЎ, практычна ўсе мерапрыемствы, якія праходзілі сёлета, знойдуць свой працяг і ў будучым годзе. «Падводзячы вынікі, трэба сказаць, што гэта быў год магчымасцяў для маладых, — зазначыў ён. — Дзяржава прадаставіла ўсе ўмовы — калі ласка, стварайце, самарэалізоўвайцеся! І моладзь была вельмі актыўнай, гэта не можа не радаваць. Наша праца, я ўпэўнены, прынясе свае вынікі не толькі цяпер, але і ў будучыні».

Так, конкурс «100 ідэй для Беларусі» ў наступным красавіку пройдзе ў новым фармаце — «100 ідэй для СНД». Як расказала яго каардынатарка, старшыня Цэнтральнай кантрольнай камісіі БРСМ Алеся ВІННІК, многія з распрацовак юных вынаходнікаў ужо ўкараняюцца ў нашым жыцці: напрыклад, асфальта-бетоннае пакрыццё, створанае адным з канкурсантаў, выкарыстоўвалася на праспектах Незалежнасці і Дзяржынскага ў сталіцы. Фінансаванне самых перспектыўных распрацовак уключана ў дзяржаўныя праграмы, а іх аўтары штогод будуць атрымліваць сумарна каля 300 мільёнаў рублёў на працяг працы над праектамі.

Год моладзі падышоў да свайго завяршэння, але яшчэ адна інтрыга застаецца нераскрытай. У апошнія дні 2015-га ўпершыню будзе аб’яўлена маладзёжная сталіца Беларусі — налета яна стане цэнтрам самых знакавых маладзёжных мерапрыемстваў. Сярод крытэрыяў — колькасць моладзі, якая пражывае ў горадзе, наяўнасць інфраструктуры, паспяховая рэалізацыя маладзёжных праектаў і ініцыятыў і іншыя. Як распавяла Наталля Пшанічная, званне стане пераходным і будзе прысвойвацца штогод.

Яраслаў ЛЫСКАВЕЦ

lyskavets@zvіazda.by

Тэгi:

Пакіньце свой каментарый