Аўтобус у падарунак

31.12.2015 00:52каментарыяў: 0Прагледжана: 30

У гэтыя пераднавагоднія дні кіраўнікі рэспубліканскіх і мясцовых органаў улады, прадстаўнікі бізнесу працягваюць віншаваць дзяцей, якім найбольш патрэбна наша ўвага. Старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Уладзімір АНДРЭЙЧАНКА наведаў Бягомльскую дапаможную школу-інтэрнат.

31-61

 

«Галоўная мэта акцыі — падтрымаць дзяцей, — кажа дэпутат. — У нас у асноўным законе краіны напісана, што кожны мае права на шчаслівае дзяцінства, незалежна ад таго, расце ён у роднай сям’і ці ў сілу нейкіх абставін трапіў у цяжкую жыццёвую сітуацыю. Наша дзяржава клапоціцца аб грамадзянах і робіць усё для таго, каб дзеці не гублялі веру ў дабро і людзей».

Да выхаванцаў інтэрната таксама прыехалі прадстаўнікі райвыканкама, Беларусбанка, Федэрацыі прафсаюзаў. Малеча атрымала салодкія падарункі, а ў школе цяпер з’явіліся новыя спартыўныя трэнажоры, пральныя машыны і прасы.

Да малых з Цэнтра карэкцыйна-развіваючай адукацыі і рэабілітацыі ў Маладзечне завітаў намеснік старшыні Вярхоўнага Суда Валерый КАЛІНКОВІЧ. Трэба сказаць, што судовая сістэма ўжо адзінаццаць гадоў апякуецца над гэтай установай. Сёлета ў цэнтр прывезлі камфортную мэблю. Валерый Калінковіч падзякаваў педагогам, якія займаюцца з асаблівымі дзецьмі.

— Мы ж са свайго боку гатовы аказваць пасільную дапамогу і падтрымку. І не толькі ў Новы год, — запэўніў ён.

Міністр юстыцыі Алег СЛІЖЭЎСКІ павіншаваў выхаванцаў Беразкоўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы (Докшыцкі раён). У падарунак ведамства набыло для ўстановы мікрааўтобус «Газель». «Транспарт дапаможа дзецям быць больш мабільнымі, — адзначыў міністр юстыцыі. — Яны змогуць ездзіць на творчыя конкурсы і спартыўныя спаборніцтвы, больш актыўна рэалізоўваць свой патэнцыял». Падарункі да свята для малых падрыхтавала і раённая ўлада — дзецям перадалі сертыфікат на набыццё спартыўнага інвентару.

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

lubneuskaya@zvіazda.by

Тэгi:

Пакіньце свой каментарый