Лядовыя дружыны з васьмі краін возьмуць удзел у ХІІ Калядным турніры

31.12.2015 00:48каментарыяў: 0Прагледжана: 24

Міжнародныя спаборніцтвы аматараў хакея на прыз Прэзідэнта пройдуць з 4 па 7 студзеня, усе паядынкі гэтым разам адбудуцца на лёдзе мінскай «Чыжоўка-Арэны».

Каманды з групы А — гэта Беларусь, Славакія, Швейцарыя, Аб’яднаныя Арабскія Эміраты — згуляюць на галоўнай пляцоўцы, а матчы хакеістаў дружын, якія трапілі ў групу В (Расія, Фінляндыя, Германія, Швецыя), пройдуць на малой пляцоўцы.

Згодна з рэгламентам турніру, у заключны дзень, 7 студзеня, каманды, якія занялі ў сваіх групах другія месцы, сустрэнуцца ў матчы за бронзавыя ўзнагароды (пачатак у 13.00), пераможцы будуць змагацца ў вырашальным паядынку за галоўны прыз (пачатак у 19.00). Абодва матчы пройдуць на галоўнай пляцоўцы «Чыжоўка-Арэны».

Адзначым, што ўсе ахвотныя змогуць наведаць гульні Каляднага хакейнага турніру бясплатна.

У мінулыя гады пераможцам спаборніцтваў восем разоў станавілася каманда Прэзідэнта Беларусі (2005, 2006, 2008, 2009, 2010, 2012, 2013, 2014). Тройчы поспех святкавалі хакеісты з Расіі (2007, 2011, 2015). Нагадаем, на леташнім турніры ў вырашальным матчы менавіта расіяне перамаглі гаспадароў з лікам 2:0, бронзавыя ўзнагароды атрымала каманда Фінляндыі.

Дар’я Лабажэвіч

lobazhevich@zviazda.by

Тэгi:

Пакіньце свой каментарый