У краіне ніколі не будуць эканоміць на маці і дзецях, гарантаваў Прэзідэнт

31.12.2015 00:39каментарыяў: 0Прагледжана: 43

Сфера аховы здароўя ў Беларусі служыць прыкладам правільнага рэфармавання і мадэрнізацыі. Пра гэта заявіў кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка ў час наведвання новага радзільнага дома 5-й гарадской клінічнай бальніцы Мінска.

31-62

Гэты раддом, аснашчаны самым сучасным абсталяваннем, з’яўляецца прыкладам таго, як дзяржава клапоціцца пра будучыню краіны, адзначыў Прэзідэнт. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ў Беларусі заўсёды былі добрыя ўрачы і дастойныя ўстановы аховы здароўя, а да гэтага часу ўдалося вырашыць праблему з іх абсталяваннем. Укладанні ў медыцыну далі пазітыўныя вынікі. Так, узровень дзіцячай смяротнасці ў Беларусі за 10 гадоў знізіўся ў 2,5 раза і па выніках гэтага года склаў 3 праміле, за бягучую пяцігодку зарэгістраваны адзін выпадак смерці парадзіхі па акушэрскіх прычынах.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што такія станоўчыя вынікі работы — гэта сапраўдная перамога, і даручыў заахвоціць тых, чыімі заслугамі яна дасягнутая. Гэта галоўнае, якімі б важнымі ні былі вытворчыя паказчыкі, лічыць Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы азнаёміўся з абсталяваннем радзільні 5-й гарадской клінічнай бальніцы, пабываў у яе падраздзяленнях, пагутарыў з медыцынскім персаналам і пацыенткамі, паведамляе прэс-служба беларускага лідара. Прэзідэнт цёпла павіншаваў жанчын, якія сталі мамамі ў гэтыя перадсвяточныя дні, уручыў ім навагоднія падарункі.

Затым Аляксандр Лукашэнка адказаў на пытанні прадстаўнікоў СМІ. Так, кажучы аб сацыяльнай палітыцы дзяржавы, Прэзідэнт падкрэсліў, што ў Беларусі і надалей будуць падстаўляць плячо тым, хто мае патрэбу, знаходзіць для іх любыя рэсурсы. Як бы ні было цяжка, у краіне ніколі не будуць эканоміць на маці і дзецях, гарантаваў кіраўнік дзяржавы.

Адказваючы на пытанне пра самыя важныя падзеі адыходзячага года, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што такім стала 70-годдзе Вялікай Перамогі. Менавіта яна служыць падмуркам міралюбівай беларускай палітыкі. На міжнароднай арэне няма іншай дзяржавы, настолькі прыхільнай міру, як Беларусь. Невыпадкова сёлета ў лексіконе сусветнай дыпламатыі з’явіліся такія паняцці, як мінскія мірныя дамоўленасці, хоць, як падкрэсліў кіраўнік дзяржавы, беларускі бок не імкнецца перабольшваць сваю ролю ва ўрэгуляванні канфлікту ва Украіне.

Перамовы ў Мінску сталі важнай падзеяй, найперш для Украіны, а таксама для Расіі, кантынента ў цэлым. Да ўсяго гэта стала падставай для Захаду прыпыніць антыбеларускія санкцыі. Заходнія палітыкі скарысталіся выпадкам, каб адысці ад канфрантацыі з Беларуссю, выказаў думку кіраўнік дзяржавы.

У час размовы з прэсай Аляксандр Лукашэнка закрануў тэму рэформаў і чарговы раз перасцярог ад неабдуманых крокаў. Прэзідэнт нагадаў, што на гэтым сёння настойваюць тыя, каму патрэбны развал, мітусня, бязладзіца. «Тады можна і да ўлады прыйсці, тады можна павярнуць краіну ў іншы бок. Гэтага не будзе. Краіна будзе ісці ў тым напрамку, у якім лічаць патрэбным, каб яна ішла, беларускія людзі», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт адказаў таксама на асабістыя пытанні. Напрыклад, журналісты цікавіліся яго хобі — вырошчваннем гародніны і садавіны на тэрыторыі рэзідэнцыі. Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ён займаецца гэтым не дзеля піяру: большая частка ўраджаю перадаецца затым у дзіцячыя дамы, інтэрнаты для састарэлых.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што напярэдадні Каляд і Новага года ў краіне па традыцыі праходзіць рэспубліканская дабрачынная акцыя «Нашы дзеці». Прэзідэнт лічыць важным, што да яе далучыліся не толькі чыноўнікі, але і шмат бізнесменаў, якія наведваюць з падарункамі дзіцячыя дамы, школы, інтэрнаты. Акцыю падтрымала ўся краіна, як і павінна быць у сучаснай дзяржаве, якой не страшныя ніякія крызісы, перакананы Прэзідэнт.

Пакіньце свой каментарый