Патрабуюцца эколагі, радыёэлектроншчыкі і паліграфісты

30.12.2015 00:31каментарыяў: 0Прагледжана: 75

На якія спецыяльнасці сёння прыцягнуць моладзь праблематычна?

У бягучым годзе патокі выпускнікоў школ размеркаваліся наступным чынам: 60,6 працэнта адзінаццацікласнікаў зрабілі свой выбар на карысць атрымання вышэйшай адукацыі (гэта на 8 працэнтаў больш, чым у папярэднім годзе). 20,6 працэнта паступілі ва ўстановы сярэдняй спецыяльнай адукацыі і 17,2 працэнта выпускнікоў пайшлі ў прафтэхустановы, каб атрымаць рабочую прафесію.

З выпускнікоў базавай школы выбар на карысць прафесійна-тэхнічнай адукацыі зрабілі 19,4 працэнта ад іх агульнай колькасці і 14 працэнтаў паступілі ва ўстановы сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Астатнія вырашылі прадоўжыць навучанне ў школе.

30-29

Мэтавая падрыхтоўка — не для прафтэхустаноў?

План прыёму ва ўстановы прафтэхадукацыі за кошт сродкаў бюджэту быў выкананы ў бягучым годзе на 97,2 працэнта — недабор склаў 974 чалавекі.

Затое план па мэтавай падрыхтоўцы быў выкананы толькі на 77 працэнтаў.

— Ва ўмовах адсутнасці конкурсу практычна па ўсіх спецыяльнасцях прафесійна-тэхнічнай адукацыі навучэнцы не імкнуцца заключаць дагаворы аб мэтавай падрыхтоўцы, а арганізацыі — заказчыкі кадраў — практычна не ўдзельнічаюць у рабоце па прыцягненні навучэнцаў да паступлення на ўмовах мэтай падрыхтоўкі і не прадугледжваюць для выпускнікоў-мэтавікоў дадатковыя сацыяльныя льготы і прэферэнцыі, — канстатуе першы намеснік міністра адукацыі Вадзім Богуш.

Найбольш запатрабаваныя на ўзроўні прафесійна-тэхнічнай адукацыі ў моладзі прафесіі цырульніка, кухара, кандытара, трактарыста-машыніста, кіроўцы аўтамабіля, электрагазазваршчыка, электраманцёра ахоўна-пажарнай сігналізацыі. Як і летась, былі істотныя праблемы з камплектаваннем груп па прафесіях лёгкай прамысловасці, машынабудавання, сельскагаспадарчай вытворчасці, дрэваапрацоўкі, будаўніцтва…

— Праца па павышэнні прэстыжнасці рабочых прафесій і прыцягненні ўвагі выпускнікоў да атрымання прафесійна-тэхнічнай адукацыі павінна быць пастаяннай, — падкрэслівае Вадзім Богуш. — Відавочна, што толькі намаганняў устаноў адукацыі і органаў кіравання адукацыяй у гэтым напрамку будзе недастаткова. Трэба кардынальна змяніць ролю працадаўца: у рознай форме прыцягваць да гэтай работы арганізацыі — заказчыкаў кадраў, аб’яднанні наймальнікаў і прафсаюзы.

Дадатковы набор — без зніжэння «парога»

Недапрацоўваюць заказчыкі кадраў пры заключэнні дагавораў на мэтавую падрыхтоўку і з будучымі студэнтамі ВНУ. Так, на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі ў вышэйшыя навучальныя ўстановы былі прыняты 2225 чалавек, што складае 85,4 працэнта ад плана. Цалкам выканалі паказчыкі прыёму на мэтавыя месцы толькі ВНУ Міністэрства аховы здароўя, Міністэрства культуры і МНС.

Доля тэхнічных, тэхналагічных і будаўнічых спецыяльнасцей у агульным прыёме на дзённую бюджэтную форму навучання склала ў бягучым годзе 33 працэнты, медыцынскіх — 9,4 працэнта, сельскагаспадарчых — 10 працэнтаў, эканамічных і юрыдычных — амаль 14 працэнтаў, педагагічных — 9,6 працэнта.

— Заказ на падрыхтоўку юрыстаў, эканамістаў, кіраўнікоў працягвае зніжацца, затое хуткімі тэмпамі павялічваецца попыт наймальнікаў на спецыялістаў па экалогіі, радыёэлектроннай і вылічальнай тэхніцы, хімічнай і паліграфічнай прамысловасці, спорце, турызме. З іншага боку, выклікае трывогу змяншэнне прыёму па спецыяльнасцях транспарту, металургіі, лёгкай прамысловасці… Мяркуем, што зніжэнне паказчыкаў прыёму па гэтых напрамках звязана з нізкай запатрабаванасцю вострадэфіцытных спецыяльнасцей у абітурыентаў, што наўпрост звязана з недастатковай прафарыентацыйнай работай арганізацый — заказчыкаў кадраў, — кажа Вадзім Богуш.

Кантрольныя лічбы прыёму на бюджэт (на дзённую і завочную форму навучання) на 100 працэнтаў выканалі ВНУ Міністэрства культуры, Міністэрства аховы здароўя, МУС, Міністэрства абароны, Дзяржпагранкамітэт, Мінсувязі і МНС.

Па выніках залічэння ў рамках асноўнага набору на дзённую бюджэтную форму ў ВНУ вакантным засталося 391 месца, што склала 1,7 працэнта ад кантрольных лічбаў прыёму (у 2014 годзе — 1561 месца, або 6,8 працэнта ад кантрольных лічбаў прыёму). Незапоўненымі па выніках асноўнага набору заставаліся месцы ў 12 установах вышэйшай адукацыі.

У дадатковую хвалю «парогавыя» значэнні прахадных балаў па выніках ЦТ не зніжаліся, як гэта рабілася ў папярэдні год. Тым не менш, пасля правядзення дадатковага набору колькасць вакантных месцаў скарацілася да 147.

Рост балаў на ЦТ павысіў прахадную планку

У 2015 годзе ВНУ канстатавалі прыход абітурыентаў з больш высокімі баламі ў сертыфікатах ЦТ і адпаведна рост прахадных балаў. Усяго на цэнтралізаваным тэсціраванні было зафіксавана 277 стабальных вынікаў: па рускай мове — 83, беларускай мове — 18, матэматыцы — 89, фізіцы — 7, хіміі — 21, грамадазнаўстве — 29, англійскай мове — 23, біялогіі — 5, гісторыі Беларусі — 2. А 11 абітурыентаў атрымалі 100 балаў па двух вучэбных прадметах (у 2014 годзе — трое).

На спецыяльнасці «Пачатковая адукацыя» ў Мазырскім педагагічным універсітэце прахадны бал склаў 315 (у 2014 годзе — 132); на «Лагапедыі» ў Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя Максіма Танка — 279 (у 2014 годзе — 244); на «Гісторыі» ў БДУ — 292 (у 2014 годзе — 254); «Ядзерная фізіка і тэхналогіі» ў БДУ — 222 (у 2014 годзе — 169).

А нуль балаў былі атрыманы па выніках ЦТ у 237 выпадках: большасць з іх прыпала на матэматыку (149) і фізіку (61).

Мінімальныя прахадныя балы для атрымання вышэйшай адукацыі за кошт сродкаў бюджэту былі зафіксаваны ў 2015 годзе па спецыяльнасцях «Заатэхнія» — 87 (у Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі), «Праектаванне і вытворчасць сельскагаспадарчай тэхнікі» — 93 (у Гомельскім тэхнічным універсітэце імя Сухога), «Авіяцыйныя радыёэлектронныя сістэмы» — 93 (у Ваеннай акадэміі), «Абсталяванне і тэхналогія зварачнай вытворчасці» — 96 (у Беларуска-Расійскім універсітэце).

FQ0R5709

Для платнага навучання абітурыентаў не хапіла

На платную форму навучання ў дзяржаўныя і прыватныя ВНУ было прынята 29,6 тысячы чалавек. Незапоўненымі ў дзяржаўных ВНУ засталіся 1178 платных месцаў на дзённай форме навучання, або 9,2 працэнта ад плана, і 968 месцаў — на завочнай форме, або 6,8 працэнта ад плана.

Лічбы прыёму на ўмовах аплаты (на дзённай і завочнай формах навучання) выканалі толькі ВНУ Міністэрства аховы здароўя, Міністэрства спорту, Міністэрства па надзвычайных сітуацыях і Акадэмія кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. А план прыёму ў прыватныя ўстановы вышэйшай адукацыі быў выкананы ў 2015 годзе на 46 працэнтаў (летась ногул толькі на 25 працэнтаў). Найлепшы паказчык выканання лічбаў прыёму сярод прыватных устаноў вышэйшай адукацыі — у Гомельскага ўніверсітэта спажыўкааперацыі: на дзённай форме — 69,2 працэнта і на завочнай — 99,5 працэнта.

Вадзім Богуш паведаміў, што ў бягучым годзе ўстановы вышэйшай адукацыі, асабліва тыя, у структуры якіх знаходзяцца каледжы, пашырылі падрыхтоўку ў скарочаныя тэрміны на аснове сярэдняй спецыяльнай адукацыі (на 0,9 працэнта). Дадзеную практыку плануецца прадоўжыць і ў 2016 годзе.

У наступным годзе аб’ёмы падрыхтоўкі на ўсіх узроўнях атрымання адукацыі плануецца захаваць на ўзроўні факта прыёму бягучага года. Выключэнне складаюць аб’ёмы падрыхтоўкі на дзённай форме атрымання вышэйшай адукацыі ў прыватных установах — іх прапануецца захаваць на ўзроўні плана прыёму 2015 года.

Між іншым, колькасць выпускнікоў сярэдніх школ пачне пакрысе прырастаць: калі сёлета са школ выйшлі 54 тысячы адзінаццацікласнікаў, то ў наступным годзе іх будзе ўжо 57,9 тысячы чалавек.

Пры фарміраванні кантрольных лічбаў прыёму на ўзроўні прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыі плануецца прадугледзець павелічэнне перыядычнасці прыёму па малазапатрабаваных спецыяльнасцях, устанавіўшы пры гэтым прыярытэт для тых, дзе сістэматычна не задавальняюцца заяўкі ад арганізацый — заказчыкаў кадраў. Адбывацца гэта будзе за кошт скарачэння кантрольных лічбаў прыёму па незапатрабаваных эканомікай спецыяльнасцях.

Каб выканаць заказ на падрыхтоўку спецыялістаў, у тым ліку і па спецыяльнасцях, па якіх на працягу апошніх трох гадоў і болей не задавальняюцца заяўкі ад арганізацый — заказчыкаў кадраў, Міністэрства адукацыі прапануе ўвесці ў Правілы прыёму норму, якая забяспечыць права на залічэнне без уступных выпрабаванняў на востразапатрабаваныя эканомікай спецыяльнасці некаторым катэгорыям абітурыентаў: пераможцам міжнародных і рэспубліканскіх алімпіяд па вучэбных прадметах, якія адпавядаюць другому профільнаму іспыту, і абітурыентам-медалістам або выпускнікам сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў, якія маюць дыплом з адзнакай.

Вадзім Богуш упэўнены, што ўвядзенне такой нормы не толькі павысіць якасць падрыхтоўкі спецыялістаў, але і знізіць рызыку фарміравання малакамплектных навучальных груп.

Най­больш за­па­тра­ба­ва­ныя спе­цы­яль­нас­ці на ўзроў­ні ся­рэд­няй спе­цы­яль­най аду­ка­цыі ў 2015 го­дзе:

«Пад’­ём­на-транс­парт­ныя, бу­даў­ні­чыя, да­рож­ныя ма­шы­ны і аб­ста­ля­ван­не»: кон­курс — 10,2 ча­ла­ве­ка на мес­ца;

«Ар­хі­тэк­ту­ра»: кон­курс — 10 ча­ла­век на мес­ца;

«Вы­лі­чаль­ныя ма­шы­ны, сіс­тэ­мы і сет­кі»: кон­курс — 8,8 ча­ла­ве­ка на мес­ца;

«Ды­зайн»: кон­курс — 8,8 ча­ла­ве­ка на мес­ца;

«Пра­ва­знаў­ства» — 8 ча­ла­век на мес­ца;

«Бан­каў­ская спра­ва» — 7,4 ча­ла­ве­ка на мес­ца;

«Ме­ды­ка-пра­фі­лак­тыч­ная спра­ва» — 7 ча­ла­век на мес­ца;

«Цы­руль­ніц­кае майс­тэрства і дэ­ка­ра­тыў­ная кас­ме­ты­ка» — 6 ча­ла­век на мес­ца;

«Пра­грам­нае за­бес­пя­чэн­не ін­фар­ма­цый­ных тэх­на­ло­гій» — 5,8 ча­ла­ве­ка на мес­ца;

«Лінг­віс­тыч­нае за­бес­пя­чэн­не са­цы­я­куль­тур­най дзей­нас­ці» — 5,6 ча­ла­ве­ка на мес­ца.

Надзея НІКАЛАЕВА

nіkalaeva@zvіazda.by

Фо­та Анатоля Клешчука

Тэгi:

Пакіньце свой каментарый