Якасць i бяспека

30.12.2015 01:53каментарыяў: 0Прагледжана: 26

У краiне створаны механiзмы нагляду за адпаведнасцю прадукцыi, якая паступае на ўнутраны рынак, патрабаванням тэхнiчных рэгламентаў Мытнага i Еўразiйскага эканамiчнага саюзаў.

Дзяржаўны камiтэт па стандартызацыi выявiў парушэннi адпаведнасцi тэхнiчным рэгламентам у 72% праверанай прадукцыi, заявiў прэм’ер-мiнiстр Андрэй Кабякоў на пасяджэннi Прэзiдыума Савета Мiнiстраў.

Паводле яго слоў, перадае карэспандэнт БЕЛТА, забаронена рэалiзацыя прадукцыi на агульную суму амаль Br63 млрд, складзена каля 5 тысяч пратаколаў аб адмiнiстрацыйных правапарушэннях, накладзена штрафаў на суму больш як Br16,5 млрд, выдадзена 58 прадпiсанняў аб спыненнi дзеяння на тэрыторыi краiны дакументаў аб пацвярджэннi адпаведнасцi тэхнiчным рэгламентам Мытнага саюза i 66 прадпiсанняў аб забароне ўвозу i абароту небяспечнай прадукцыi на тэрыторыi рэспублiкi.

Андрэй Кабякоў канстатаваў, што 49% з выяўленых парушэнняў у iмпартнай прадукцыi тычылiся неадпаведнасцi ў галiне маркiроўкi iнфармацыi для спажыўца, 25% —  адсутнасцi дакументаў, якiя сведчаць якасць i бяспеку, 14% —  неадпаведнасцi заяўленым характарыстыкам тавараў, 12% —  неадпаведнасцi патрабаванням бяспекi. «У асноўным гэта тычыцца тавараў для дзяцей i падлеткаў, мэблевай прадукцыi, тавараў лёгкай прамысловасцi, цацак», —  сказаў ён.

Паводле слоў прэм’ер-мiнiстра, у краіне створаны механiзмы нагляду за адпаведнасцю прадукцыi, якая паступае на ўнутраны рынак, патрабаванням тэхнiчных рэгламентаў Мытнага i Еўразiйскага эканамiчнага саюзаў. «Указам №48 у Беларусi створаны механiзмы нагляду за адпаведнасцю прадукцыi, якая паступае на ўнутраны рынак, патрабаванням тэхнiчных рэгламентаў Мытнага i Еўразiйскага эканамiчнага саюзаў, сфармiравана сiстэма адказных органаў дзяржаўнага нагляду за выкананнем такiх рэгламентаў у сферы спажывецкага рынку па адпаведных напрамках», —  адзначыў Андрэй Кабякоў. Так, Дзяржаўны камiтэт па стандартызацыi адказвае за выкананне патрабаванняў тэхнiчных рэгламентаў, Мiнiстэрства аховы здароўя —  санiтарна-эпiдэмiялагiчных i гiгiенiчных патрабаванняў i працэдур, Мiнiстэрства сельскай гаспадаркi i харчавання —  патрабаванняў у галiне ветэрынарыi, забеспячэнне якасцi збожжа i камбiкармоў, харчовай сыравiны i харчовых прадуктаў, Мiнiстэрства гандлю —  у галiне абароны правоў спажыўцоў, Мiнiстэрства па надзвычайных сiтуацыях —  у галiне пажарнай i прамысловай бяспекi.

Андрэй Кабякоў канстатаваў, што завяршаецца працэс прывядзення заканадаўства ў адпаведнасць з указам №48. Па вынiках папярэдняга пасяджэння Прэзiдыума Савета Мiнiстраў, на якiм разглядалася аналагiчная тэма, зацверджаны i рэалiзуецца план мерапрыемстваў на 2015-2016 гады па ўзаемадзеянні дзяржаўных органаў па выяўленні спажывецкiх тавараў, якiя не адпавядаюць патрабаванням бяспекi i заяўленым характарыстыкам. «Такiм чынам, можна канстатаваць, што неабходны iнструментарый створаны», —  падсумаваў прэм’ер-мiнiстр.

Пакіньце свой каментарый