Ночка ўдалася, або што там Малпа патрабуе?

30.12.2015 00:51каментарыяў: 0Прагледжана: 40

Можна зноў нагадаць асноўныя правілы здаровага ладу жыцця падчас навагодніх свят, але ёсць рызыка застацца не пачутымі. Таму спачатку паглядзім, што можна параіць нам з пункту гледжання ўласна свята, а пасля пагаворым аб пэўнай карэкціроўцы.

30-25

Кажуць, навагодняя ноч гэтага года павінна быць шыкоўнай. І ў сервіроўцы стала, і ў стравах. Маўляў, на стол трэба паставіць усё настолькі дарагое, наколькі можна сабе дазволіць.

Дазваляецца не перабіраць з чырвоным колерам у адзенні — не трэба так ужо адразу шакіраваць малпачку. А вось стол ваш можа быць і з «тэмпераментам» — адценням чырвонага тут самае месца. Гатуйце або проста рэжце таматы, перцы, буракі (прывітанне, селядзец пад шубай!). Рабіце бутэрброды з чырвонай ікрой. Раскладвайце мандарыны, апельсіны, хурму, клубніцы.

Вельмі старое правіла падрыхтоўкі навагодняга стала — 12 розных страў, а лепей фруктаў (па адным сочным сімвале на кожны месяц). Вазьміце ананас, яблык, манга (яны сімвалізуюць шчасце), кавун і апельсін (да грошай), памела і персік (даўгалецце), лімон і ківі (ад негатыўных эмоцый), вінаград (сімвал раскошы) і папайю (моцнае здароўе). Выдатны кампраміс — канапэ на шпажках: нарэжце фрукты кавалачкамі і зрабіце з іх «шашлычкі». У цэнтр стала пакладзіце спелыя бананы і не забудзьцеся адкусіць падчас застолля хоць бы адзін кавалачак ад любімага фрукта малпы.

Дарэчы, паколькі малпы любяць салодкае, то на стале могуць быць і шакалад, і пасціла, і торт, і марожанае.

У ідэале сёлета рэкамендуецца выдаліць з навагодняга меню мяса і рыбу, пакінуўшы на стале толькі прадукты расліннага паходжання. Можаце гатаваць самыя розныя раслінныя салаты. Не забывайцеся на прыправы — гэта прыкмета таго, што год будзе «з перчыкам». Калі вы ўпарты мясаед, зрабіце выбар на карысць курыцы або індычкі. Проста малпа не ахвотніца да тлустай ежы.

Соку і морсу на сёлетнім стале самае месца. Хоць талісман гэтага года нічога не мае супраць шампанскага.

Малпа — жывёла актыўная, любіць стасункі, цікаўная, а таму давядзецца сустракаць год весела, гучна і пазітыўна. Каб суседзі пазайздросцілі і вырашылі далучыцца.

А цяпер час нагадаць і пра здаровы лад. Па праўдзе, той, хто ўвесь год жыў менавіта здарова, наўрад ці кінецца ва ўсе цяжкія і ў Новы год. Хто любіць бегаць, не злоўжывае алкаголем, не курыць, не пераядае, той і 1 студзеня не прапусціць любімую прабежку ці прагулку хуткім крокам. А той, хто яшчэ не «дарос» да падліку калорый, наўрад ці ў сам Новы год пачне рэвалюцыю ў харчаванні. Тым не менш, агульныя правілы ёсць сэнс агучыць. Не выключана, што іх асцярожнае прымяненне ў першы дзень года пакладзе пачатак вашаму аздараўленню. А што? Робячы правільна, вы будзеце добра сябе адчуваць, вам гэта абавязкова спадабаецца і захочацца працягнуць.

Усе дыетолагі ў адзін голас заклікаюць не галадаць напярэдадні ночы. Гэта здзек з арганізма, у якім адбываюцца пэўныя этапы стрававання незалежна ад таго, што мы самі сабе выдумалі.

А таму — ешце! І найлепш з самай раніцы 31 снежня ешце тое, чаго хочацца больш за ўсё, а не тое, што ўжывалі цэлы год.

Пачынайце кожны прыём ежы са шклянкі вады.

Калі ў вас няма нейкіх асаблівых проціпаказанняў да ўжывання алкаголю, то дазвольце сабе хоць бы крыху шампанскага. Не адмаўляйцеся ад алкаголю ўвогуле. Калі плануеце ўжыць крыху больш за келіх, то не каштуйце больш за два віды алкагольных напояў. Запівайце алкаголь вялікай колькасцю звычайнай негазіраванай вады.

Як бы ні вабіла рэклама набыць салодкі газіраваны напой, стрымайце сябе і сваіх дзяцей. Купіце загадзя добры чай. Прыгатуйце яго з імбірам ці гваздзікам або зёлкавы. Піце ўсёй сям’ёй.

Не перабярыце з дэсертамі. Дастаткова аднаго-двух або нават толькі цукерак. Зрабіце самі або купіце самае смачнае. Захочаце паласавацца днём, дык не таміце сябе да ночы, адшчыкніце крыху.

Не гатуйце шмат страў. Нават калі збіраецца вялікая кампанія. Ніхто не кажа, што гасцей трэба пасадзіць за пусты стол. Але і шмат цяжкіх страў (тлустых, бульбяных, маянэзных), даруйце, ужо маветон.

Што да ягад, фруктаў і гародніны, то стаўку трэба рабіць на разнастайнасць. Так удасца пазбегнуць пераядання адных толькі мандарынак (ці што вы там плануеце купіць у колькасці трох кілаграмаў?).

Ідэальны варыянт, калі раніцай не давядзецца «ўсё» даядаць. Штосьці можа і застацца, напрыклад, заліўны язык. Але яйкі, фаршыраваныя грыбамі, лепей з’есці свежымі.

Не пускайце сталаванне на самацёк. Прыбірайце брудны посуд, мяняйце стравы, прыбірайце тыя, да якіх страціўся інтарэс. Прапануйце адзін аднаму не ежу, а ваду і чай!

Раніцай наступнага (пасля сытнага свята) дня абавязкова выпіце дзве шклянкі вады. Можа быць, з алкаголем учора быў перабор? Тады актуальным будзе ўжыванне актываванага вуглю. Добра дапаможа і працяглы душ. Не слухайце баек пра «дапамогу» расолу з-пад агуркоў. Чыстая вада, толькі яна! І як мага болей! Тады вы самі — свежы агурок!

У святочна-выхадныя дні вашай задачай застаецца не толькі атрыманне задавальнення ад нейкіх нязвыклых страў, але, што больш важна, атрыманне пазітыўных эмоцый, актыўны адпачынак. Гуляйце па горадзе, сустракайцеся з сябрамі, але не перагрузіце сябе тусоўкамі. Не хочацца нікога бачыць? Вы ўжо на працы наактыўнічаліся? Што ж, адпачніце пасіўна, на канапе. Рабіце тое, што хочацца, і не рабіце таго, чаго не хочацца. Гэта і будзе сапраўднае свята. Такое, пасля якога з задавальненнем пачняце любімую работу.

Святлана БАРЫСЕНКА

protas@zviazda.by

Тэгi:

Пакіньце свой каментарый