Шампанскае… для добрай памяці?

30.12.2015 00:48каментарыяў: 0Прагледжана: 34

Група замежных мікрабіёлагаў прадставіла даныя эксперыментаў, якія прымушаюць думаць, што ўмеранае ўжыванне шампанскага не пазбаўляе нас памяці, а… умацоўвае яе!

30-28

Аўтары эксперыментаў сцвярджаюць, што фенолы (арганічныя злучэнні, якія ёсць у напоі) актыўна ўзаемадзейнічаюць з многімі групамі бялкоў галаўнога мозга, уцягнутымі ў працэсы захавання інфармацыі. Асабліва вялікая іх роля ў функцыянаванні прасторавай памяці — здольнасці арыентавацца ў прасторы і запамінаць размяшчэнне прадметаў. З узростам актыўнасць бялкоў зніжаецца, а фенолы прыпыняюць гэты працэс.

Падобныя эфекты выяўляліся і раней, аднак вучоныя звязвалі іх з дзеяннем іншых рэчываў — флаваноідаў, якіх шмат у чырвоным віне. Шампанскае ж небагатае на флаваноіды і, тым не менш, аказвае пазітыўны ўплыў на пазнаваўчыя функцыі мозга. І дзякаваць за гэта трэба фенолам. Такім чынам, ужыванне шампанскага папярэджвае некаторыя ўзроставыя парушэнні памяці, інтэлектуальнай дзейнасці. Але, як і ў выпадку з чырвоным віном, усё гэта, а таксама пазітыўны ўплыў на работу сэрца і сасудаў, прымяняецца толькі ў дачыненні да людзей, якія дасягнулі сталага ўзросту. Акрамя таго, размова ідзе літаральна аб 2 келіхах шампанскага на тыдні.

Урэшце, пазітыўным дзеяннем на памяць і кагнітыўныя здольнасці можа валодаць не толькі шампанскае, але і іншыя прадукты, багатыя на фенолы. Скажам, чарніцы, буякі, какава-бабы. Так што горкі шакалад з сухім шампанскім можа быць нядрэнным варыянтам прафілактыкі дэменцыі.

Святлана БАРЫСЕНКА

protas@zviazda.by

Тэгi:

Пакіньце свой каментарый