Як не набыць пратэрмінаваную ежу?

30.12.2015 00:43каментарыяў: 0Прагледжана: 31

Попыт на прадукты харчавання ў перадсвяточныя дні расце, а значыць, ёсць рызыка набыць што-небудзь пратэрмінаванае і небяспечнае.

30-26

Бываюць жа і несумленныя гандляры. Але мы будзем хітрэйшыя за іх — уважлівыя. Урач-гігіеніст Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Юлія БАХУР заклікае быць уважлівымі да свайго выбару, набываць правераныя прадукты, правільна іх гатаваць і захоўваць.

Не купляйце прадукты ў месцах несанкцыянаванага гандлю. Асабліва кансервы хатняга гатавання, сушаныя грыбы, рыбу, мяса і сала хатняга вэнджання. Іх кошт, можа быць, і ніжэйшы, чым у магазіне, але рызыка харчовых атручэнняў значна вышэйшая. Акрамя таго, ужыванне такіх прадуктаў пагражае батулізмам.

Заўсёды ўважліва стаўцеся да набыцця прадуктаў, якія хутка псуюцца. Мясныя паўфабрыкаты, вараная каўбаса, салаты, тварог, малако, кандытарскія вырабы патрабуюць, каб вы абавязкова пацікавіліся тэрмінам прыдатнасці і ўмовамі іх захавання, прынамсі, ці працуе халадзільнае абсталяванне.

На ўпакоўцы малочных і кісламалочных прадуктаў, сокаў, салатаў прамысловай вытворчасці ўказваецца тэрмін прыдатнасці, разлічаны на закрытую ўпакоўку. Варта яе адкрыць — і ён значна скароціцца. Той жа сыр у герметычнай заводскай упакоўцы і сыр, парэзаны і ўпакаваны ва ўмовах арганізацыі гандлю, будзе мець розны час захавання.

Калі ў вас з’явіліся нейкія сумненні адносна якасці прадукту, не набывайце яго. Захоўвайце набытае так, як рэкамендавана на ўпакоўцы. Не можаце прачытаць, што там пазначана, — звярніцеся да прадаўца, які абавязаны даваць поўную інфармацыю пра тавар.

Падчас гатоўкі ў першую чаргу вытрымлівайце правілы асабістай гігіены, сачыце за чысцінёй у памяшканні. Часцей мыйце рукі, працірайце кухонныя паверхні.

У халадзільніку не кладзіце на адну паліцу сырую і гатовую ежу.

Калі не плануеце адразу гатаваць мяса, пакладзіце яго ў маразільнік.

Гатуйце як след мяса, яйкі і ўсё іншае для святочных страў.

Не карыстайцеся адным і тым жа інвентаром пры нарэзцы сырой і гатовай прадукцыі.

Рэшткі страў як мага хутчэй прыбярыце ў халадзільнік.

Святлана БАРЫСЕНКА

protas@zviazda.by

Тэгi:

Пакіньце свой каментарый