Год Бразіліі, Алімпіяды і малпы

30.12.2015 00:34каментарыяў: 0Прагледжана: 62

Напярэдадні наступлення новага 2016 года, які стане багатым на спартыўныя падзеі, вядомыя айчынныя атлеты распавядаюць пра тое, як будуць сустракаць свята, што гатаваць на стол, і перадаюць свае пажаданні чытачам «Звязды».

Гэтае свята — адно з найлюбімейшых у беларусаў, гэта дзень, у які людзі загадваюць жаданні, чакаюць цудаў і абавязкова прытрымліваюцца сямейных традыцый. Спартсмены, графік якіх часам распісаны па хвілінах, не становяцца выключэннем і аддаюць перавагу праводзіць свята ў коле родных і блізкіх. Пра што марылі нашы алімпійскія чэмпіёны, шматразовыя пераможцы буйных спартыўных спаборніцтваў у дзяцінстве і якіх традыцый прытрымліваюцца сёння, напярэдадні Новага года яны распавялі нашаму карэспандэнту.

30-6

Антаніна Кошаль (алімпійская чэмпіёнка):

— У перадкалядны час я заўсёды ўзгадваю сваё дзяцінства. Асабліва тыя моманты, калі мама шыла мне і сёстрам сукенкі, крухмаліла іх, рыхтавала нас да гэтага свята. Дзяўчынак у нашай сям’і было пяцёра, таму падрыхтоўку мы пачыналі за доўга да Новага года, затое былі заўсёды самыя прыгожыя, самыя накрухмаленыя, у каралях. Для мяне ў гэты дзень заўсёды была асаблівая атмасфера, аўра, настрой, мы былі вельмі шчаслівыя.

У гады спартыўнай кар’еры да Новага года сезон у нас быў ужо завершаны, але расслабіцца ўсё роўна не маглі. З’есці салодкае я не мела права, выпіць шампанскага таксама. А сёння на святочным стале ў мяне абавязкова павінна быць салата аліўе з ялавічынай, ні ў якім разе не з каўбасой, селядзец пад футрам, сабраныя сваімі рукамі грыбы і фаршырованыя яйкі.

Ну, а найлепшым падарункам заўсёды былі смачныя цукеркі, пра такія рэчы, якія заказваюць сёння дзеці, мы і не марылі. Цяпер у мяне падрыхтоўка да Новага года вельмі сур’ёзная: трое ўнукаў, кожны напісаў ліст і чакае падарунак пад ёлку. Сустракаем мы заўсёды гэтае свята з сям’ёй, дзякуй Богу, яна ў нас большае.

Адзначу, што 2016-ты стане для нашых спартсменаў вельмі адказным, таму я хачу пажадаць усім тым, хто яшчэ не заваяваў алімпійскія ліцэнзіі — узяць запаветныя пуцёўкі ў Рыа. Тым, хто будзе змагацца на Алімпійскіх гульнях, вядома, хацелася б пажадаць шанцавання: трэба зрабіць усё магчымае і немагчымае, усё, каб мары спраўдзіліся. Алімпіяда, як заўсёды, праляціць вельмі хутка, трэба ўкласціся, каб памяць пра 2016-ты засталася на ўсё жыццё.

30-8

Наталля Цылінская (бронзавы прызёр Алімпійскіх гульняў, шматразовая чэмпіёнка свету):

— Галоўная навагодняя традыцыя для мяне — гэта жывая елка, ніколі нічым яе не заменіш. Таксама неад’емным сімвалам гэтага свята з’яўляюцца мандарыны і бананы, якія ў маім дзяцінстве з’яўляліся выключна перад Новым годам. Як цяпер памятаю: зялёныя бананы ўкручвалі ў коўдру, каб яны хутчэй паспелі. Гэта, бадай, галоўныя ўспаміны. Калі казаць пра падарункі, то ў дзяцінстве я хацела атрымаць усяго і пабольш, адзінае — не вельмі любіла цукеркі.

У гады спартыўнай кар’еры даводзілася сустракаць Новы год не дома, але ў такія моманты ўжо і не адчуваеш свята. А цяпер, калі ў мяне свае дзеці, то традыцыйна мы сустракаем яго ўсёй сям’ёй, упрыгожваем елку, дарэчы, у нас у планах пасадзіць сваё дрэва ў двары, каб яна была круглы год. Па звычцы з дзяцінства на стале ў мяне заўсёды ёсць аліўе, новы звычай пакуль ніхто не ўвёў.

Чытачам «Звязды» напярэдадні навагодніх свят хачу сказаць: давайце верыць у цуды!

30-9

Ала Цупер (алімпійская чэмпіёнка):

— Самыя яркія ўспаміны і асацыяцыі Новага года ў мяне звязаны з тым, што тата заўсёды прыносіў у дом жывую елку, мы яе ўсе разам упрыгожвалі і чакалі навагоднюю ноч, каб атрымаць падарункі. Заўсёды хацелася знайсці там цукеркі і лялькі.

Цяпер, пакуль у нас яшчэ маладая сям’я, асаблівых традыцый няма, але мы заўсёды сустракаем гэтае свята разам.

Усім аматарам спорту ў новым годзе хачу пажадаць галоўнага — моцнага здароўя, поспехаў, удачы і новых перамог.

Сцяпан Папоў (чэмпіён свету і Еўрапейскіх гульняў)

— Для мяне Новы год быў і застаецца сямейным святам, праводзілі яго заўсёды з бацькамі і братам, было весела, у гэтыя дні асабліва хочацца шчасця, падарункаў. Зараз дзеці, вядома, занадта распешчаны колькасцю і разнастайнасцю цацак, а тады для нас любая маленькая рэч была вялікім шчасцем. У ролі Дзеда Мароза выступаў тата, і мы ніколі не былі абдзелены ўвагай навагодняга чараўніка.

30-4

Цяпер ужо мае дзеці пішуць лісты Дзеду Марозу і ставяцца да гэтага вельмі сур’ёзна, просяць падарункі не толькі для сябе, а адразу і для таты, і для мамы.

У гэтым годзе плануем сустрэць Новы год у мяне на радзіме, у Лепелі, спадзяюся, будзе шумна і весела.

Аматарам спорту, чытачам «Звязды» жадаю ў надыходзячым годзе больш яркіх падзей, спартсменам — добрых выступленняў і перамог, каб гледачы атрымлівалі асалоду, каб спорт прыносіў не толькі здароўе, але і радасць.

Аляксандр Багдановіч (алімпійскі чэмпіён, пераможца чэмпіянату свету і Еўрапейскіх гульняў):

— Новы год — асаблівае свята для ўсіх жыхароў нашай краіны. Заўсёды ў гэтыя святочныя дні чакаеш цудаў, падарункаў, сюрпрызаў, ён заўсёды поўны нейкай таямнічасці, загадкі.

Я прытрымліваюся традыцыі хадзіць у лазню перад Новым годам, а калі ўспомніць самае запамінальнае свята, то гэта будзе момант з дзяцінства. Мама падарыла мне новенькія канькі, я раніцай устаў, залез пад ёлку, пакуль усе спалі, убачыў іх і быў проста шчаслівы. Нават не паглядзеў на надвор’е за акном, надзеў іх і выскачыў на вуліцу.

30-7

Зараз я заўсёды стараюся рабіць сюрпрызы для сваіх сяброў, сям’і, люблю дарыць нечаканыя падарункі і здзіўляць.

Усіх чытачоў віншую з надыходзячымі святамі і жадаю ў навагоднюю ноч чакаць цудаў, і тады яны абавязкова здарацца. Хай кожны чалавек, хто не сустрэў каханага, знойдзе сваю другую палавінку. Шчасця ўсім!

Андрэй Міхневіч (чэмпіён свету):

— Жыццё раней было трошкі іншым, таму з асаблівым размахам Новы год не сустракалі. У дзяцінстве ў Дзеда Мароза ў асноўным прасілі прысмакі, было шчасцем убачыць цукеркі пад ёлкай.

З юных гадоў я прывык сустракаць гэтае надзвычайнае свята з сям’ёй, так і да гэтага часу: мы запрашаем да сябе родных або ездзім да іх самі. Не так важна, што стаіць на навагоднім стале, галоўнае — каб атмасфера і настрой былі добрымі. Аліўе, шампанскае і мандарыны неяк самі выпадкова з’яўляюцца на свяце.

30-5

У новым годзе хацелася б пажадаць людзям больш цярпення, каб быў душэўны камфорт, больш радавацца добрым момантам, якія хоць часам, але сустракаюцца на нашым шляху, не ўспамінаць дрэннае, ісці і думаць пра добрае. Чым больш мы будзем радавацца, тым больш радасці будзем адчуваць у сабе.

Дар’я ЛАБАЖЭВІЧ

lobazhevich@zviazda.by

Тэгi:

Пакіньце свой каментарый