Дзіўныя і бессэнсоўныя дасягненні з Кнігі рэкордаў Гінеса

30.12.2015 00:30каментарыяў: 0Прагледжана: 58

Сёлета Кнізе рэкордаў Гінеса (дарэчы, самай выдаваемай у свеце кнізе, абароненай аўтарскім правам) споўнілася 60 гадоў. Якіх толькі рэкордаў не давялося фіксаваць і пацвярджаць яе ўкладальнікам за гэты час! Дзесяцігоддзямі не стрыжаныя пазногці і выкананыя на злом галавы трукі, незвычайныя святы з удзелам многіх тысяч людзей і шэдэўры кулінарнага майстэрства, якімі можна было б накарміць цэлыя гарады… Зрэшты, усё гэта мілыя кветачкі ў параўнанні з дзіўнымі ўчынкамі, якія здзяйснялі людзі ў памкненні трапіць у запаветны спіс рэкардсменаў. Прапануем вашай увазе падборку рэкордаў, якія аб’ядноўвае выключная бескарыснасць і ключавое слова «Навошта?!».

1. Ведаеце тоненькія рознакаляровыя гумкі, якімі звычайна мацуюць стосы купюр, квіткі, інструкцыі да бутэлечак з лекамі і ўсялякую канцылярскую драбязу? Яны так і называюцца «канцылярскія гумкі» і вырабляюцца, між іншым, ужо 160 гадоў. Каб гумкі не блыталіся і не губляліся, часта іх скручваюць у шарык і нанізваюць адну на адну. Дык вось, нехта Джоэл Кэрліс нанізаў такім чынам 700 000 (!) гумак і атрымаў гіганцкі шар, дзякуючы якому і трапіў у Кнігу рэкордаў Гінеса. Крута. Мабыць, рэкардсмен доўга назіраў за жукамі-гнаевікамі.

2. А вось яшчэ адно надзвычай дзіўнае і, наогул, вельмі неабходнае для жыцця ўменне. Немец Сайман Элмар з’яўляецца ўладальнікам сусветнага рэкорду па колькасці кактэйльных трубачак, якія ён адначасова можа засунуць сабе ў рот за 10 секунд.

30-12

Колькасць трубачак круглая і прыгожая — ажно 400, і, дарэчы, цэлых шэсць гадоў ніхто не можа пабіць гэты рэкорд, хоць спробы былі.

3. Ці здаралася вам у ружовым дзяцінстве падчас сямейнага абеду замест таго, каб з апетытам паглынаць мамін суп, дзьмуць на лыжку і спрабаваць утрымаць яе ў сябе на носе? Не? Ну, пэўна, таму вы і не рэкардсмен. Аарану Кейсі пашанцавала больш: ён здолеў не толькі ўтрымаць у сябе на твары 17 лыжак, але і стаць непераможным рэкардсменам у гэтым відзе… так скажам, неалімпійскага спорту.

4. Адразу папярэджваем: цяжарным, грэблівым і людзям са слабымі нервамі і жывым уяўленнем лепш прапусціць гэты пункт. Бо гаворка ў ім ідзе пра аўстралійскага бібліятэкара, які трапіў у Кнігу рэкордаў з прычыны таго, што на працягу 26 гадоў калекцыянаваў пух, які збіраўся ў яго ў пупку. Больш за тое, праз прафесійную звычку ці характар ён гэты пух яшчэ і карпатліва каталагізаваў — храналагічна і па колеры.

30-11

5. Не выдыхайце з палёгкай — рана! Фін Кехлер усталяваў не менш уражлівы рэкорд: на працягу дзесяці секунд утрымліваў на ўласным твары 43 слімакі. Дзеля таго, каб адчуць усю глыбіню гісторыі, трэба ўлічваць, што Кехлер не проста бяскрыўдны вар’ят-адзіночка: ён мэтанакіравана трэніраваўся, каб пабіць папярэдні рэкорд, роўны 36 слімакам. А значыць, зацікаўленых у «слімаканосьбіцтве» людзей ужо больш за аднаго…

6. Наступны рэкардсмен па імені Ван Дзік нічога агіднага не рабіў — проста ўзяў ды нацягнуў на сябе 227 футболак. Не пытайцеся як — мы і самі не ведаем. Ці варта згадваць аб тым, што містар Дзік зноў жа не выступіў першаадкрывальнікам у гэтай справе, а толькі пабіў папярэдні рэкорд, які некалі таксама пабіў папярэдні рэкорд. Людзі штогод спрабуюць надзець на сябе яшчэ больш футболак — прывітанне стваральнікам фільма «Паслязаўтра».

30-14

7. Англія славіцца не толькі выключнымі даследаваннямі сваіх вучоных, але і дзіўнымі рэкордамі.Так, менавіта ў гэтай краіне была зафіксавана самая вялікая колькасць людзей, якія прайшлі па плошчы ў касцюмах пінгвінаў. Дарэчы, не так іх было і шмат, як вы сабе, напэўна, уявілі, — усяго 373.

Пакіньце свой каментарый