Леанід Крупец: «Бразільскі вектар супрацоўніцтва вельмі важны для Беларусі»

30.12.2015 00:40каментарыяў: 0Прагледжана: 71

Супрацоўніцтва з Бразіліяй для нашай краіны насамрэч з’яўляецца стратэгічным. Гэта вельмі важны напрамак узаемадзеяння, пляцоўка для замацавання і далейшага прасоўвання ў Лацінскай Амерыцы. Да таго ж не варта забывацца, што бразільская эканоміка ўваходзіць у лік вядучых у свеце. Наколькі мы змаглі наладзіць узаемавыгаднае супрацоўніцтва, вывесці яго на ўзровень стратэгічнага партнёрства, якія тут перспектывы? Аб гэтым у эксклюзіўным інтэрв’ю карэспандэнту «Звязды» распавёў Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Беларусь у Федэратыўнай Рэспубліцы Бразілія Леанід Крупец.

30-16

— Сёлета падчас самітаў БРІКС і ШОС Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка правёў сустрэчу з Прэзідэнтам Бразіліі Дзілмай Русеф. Кіраўнікі краін дамовіліся, што будуць вызначаны 4-5 ключавых праектаў, якія бакі пачнуць рэалізоўваць і якія стануць прыкладам для развіцця адносін. Што гэта за праекты і якім чынам праходзіць іх рэалізацыя?

— Падчас гэтай сустрэчы была дасягнута дамоўленасць аб стварэнні міжурадавай камісіі з мэтай вывучэння бягучага стану двухбаковых адносін і перспектыў пашырэння супрацоўніцтва. Зараз бакі распрацоўваюць юрыдычны механізм узаемадзеяння, вызначаюць канкрэтныя напрамкі працы, якія ўяўляюць узаемны інтарэс.

Варта адзначыць, што Бразілія з’яўляецца адным з найбуйнейшых у свеце вытворцаў сельскагаспадарчай прадукцыі. Урад краіны паставіў перад сабой задачу павелічэння яе вытворчасці ўдвая цягам найбліжэйшых 10-15 гадоў. Маючы на ўвазе перспектыўнасць бразільскага рынку сельгастэхнікі, пасольства апошнія некалькі гадоў сумесна з адкрытымі акцыянернымі таварыствамі «Мінскі трактарны завод», «БелАЗ», «Гомсельмаш» і бразільскімі партнёрамі прапрацоўвае магчымасць стварэння ў гэтай краіне зборачнай вытворчасці беларускай тэхнікі. Мы разумеем, што яе прасоўванне на гэты рынак — няпростая задача. Тут высокі ўзровень канкурэнцыі, паколькі Бразілія з’яўляецца найбуйнейшым цэнтрам Лацінскай Амерыкі па вытворчасці сельскагаспадарчай тэхнікі (кампаніі «Agrale», «Case CNN», «John Deer», «Massey Fergusson», «New Holland», «Valtra»). Таксама неабходна шукаць інвестара, які гатовы фінансаваць праект.

Зараз наладжваецца супрацоўніцтва паміж Мінскім заводам грамадзянскай авіацыі №407 і бразільскай авіябудаўнічай кампаніяй «Эмбраэр». У рамках гэтага праекта вывучаецца магчымасць тэхнічнага абслугоўвання самалётаў «Эмбраэр» на тэрыторыі Беларусі. У пачатку студзеня ў горадзе Сан-Паўлу прайшлі перамовы па гэтым пытанні. Таксама прапрацоўваецца магчымасць стварэння ў Бразіліі сумеснага прадпрыемства па выпуску змяшаных угнаенняў.

— Беларускім лідарам пастаўлена задача: выйсці на ўзровень паставак на рынкі Лацінскай Амерыкі ў 5 мільярдаў долараў, прычым пятая частка гэтага паказчыка забяспечваецца за кошт Бразіліі. Якая дынаміка беларускага экспарту ў гэтую краіну?

— Сёлета бразільская эканоміка перажывае крызіс, у выніку закупкі гэтай краінай па імпарце ўпалі на 23,1%. Гэта, у сваю чаргу, адбілася і на аб’ёмах беларускага экспарту ў Бразілію: за 10 месяцаў бягучага года адпаведны паказчык скараціўся ў параўнанні з такім жа часам летась на 26,8% і склаў 488,4 мільёна долараў. У асноўным скарачэнне экспарту адбылося з прычыны значнага змяншэння аб’ёмаў продажу калійных угнаенняў (мінус 27,3%, ці на $178,7 млн), спынення паставак сельскагаспадарчай тэхнікі, вылічальных машын для аўтаматычнай апрацоўкі інфармацыі, шэрагу іншых таварных пазіцый.

Разам з тым Бразілія застаецца асноўным гандлёвым партнёрам Беларусі ў Лацінскай Амерыцы, паколькі на яе долю прыпадае 83,7% нашага экспарту ў гэты рэгіён. Аснову беларускага экспарту сёлета складаюць пастаўкі калійных і азотных угнаенняў (475,7 млн і 11,2 млн долараў адпаведна), а таксама рэнтгенаўскай апаратуры, ільняных тканін, поліамідаў, шкловалакна, апаратуры для вымярэння і кантролю электрычных велічынь і выпраменьванняў, шын. Варта заўважыць, што рэзервы ў прасоўванні беларускай прадукцыі на бразільскі рынак (трэба мець на ўвазе яго аб’ём і маштабы) далёка не вычарпаны.

— Леанід Фёдаравіч, што робіцца ў плане стварэння сумесных прадпрыемстваў, у тым ліку зборачных вытворчасцяў?

— Гэтаму пытанню пасольства надае сур’ёзную ўвагу. Паспяховая рэалізацыя ў Бразіліі такога маштабнага праекта, як арганізацыя зборачнай вытворчасці трактароў «Беларус», можа ў перспектыве стварыць спрыяльныя перадумовы для ўвасаблення іншых праектаў у галіне машынабудавання. Напрыклад, у гэтай краіне развіта горназдабываючая галіна, таму, як мы лічым, кар’ерная тэхніка вытворчасці холдынга «БелАЗ» была б запатрабавана на бразільскім рынку.

Аснову эканамічнага росту Бразіліі на сучасным этапе фарміруе сельская гаспадарка. Таму перспектыўны кірунак — магчымае стварэнне зборачнай вытворчасці кормаўборачнай тэхнікі прадпрыемства «Гомсельмаш», а таксама маламагутнай трактарнай тэхнікі для прыватных фермерскіх гаспадарак, якую выпускае Бабруйскі завод трактарных дэталяў і агрэгатаў. Гэтыя прадпрыемствы ўважліва вывучаюць адпаведныя напрамкі супрацоўніцтва.

— Асобны пункт — пастаўкі калійных угнаенняў. Бразілія, разам з Кітаем і Індыяй, з’яўляецца найбуйнейшым імпарцёрам гэтай прадукцыі з Беларусі. Як тут развіваецца сітуацыя?

— Бразілія — аграрная краіна, тут збіраюць да трох ураджаяў у год. Прычым для яе характэрны глебы, якія не адрозніваюцца высокай урадлівасцю. У сувязі з гэтым аграрны сектар краіны мае вялікую патрэбу ў розных відах угнаенняў. Адкрытае акцыянернае таварыства «Беларуская калійная кампанія» з’яўляецца адным з асноўных пастаўшчыкоў хлорыстага калію на бразільскі рынак. Толькі летась сюды было адгружана 2,3 мільёна тон на 695 мільёнаў долараў. Сёлета, як ужо адзначалася, адбылося пэўнае змяншэнне паставак. Беларуская калійная кампанія плануе адкрыць у Сан-Паўлу ўласнае прадстаўніцтва. Прасочваецца стабільная дынаміка экспарту азотных угнаенняў. Сёлета іх пастаўлена 91 тысяча тон.

— А што за прадукцыя трапляе да нас з Бразіліі?

— Цягам шэрагу гадоў беларускі імпарт з Бразіліі значна саступае нашаму экспарту ў паўднёваамерыканскую краіну. Пры гэтым мы імпартуем прадукцыю, найперш сельскагаспадарчую, якую немагчыма вырасціць у беларускіх кліматычных умовах. Гэта трапічная садавіна, гародніна, сокі, экстракты, кава, матэ. Пастаўляюцца таксама цукар-сырэц, тытунёвая сыравіна, фарбавальныя рэчывы, скура, абутак, абсталяванне, прыборы, апараты і многае іншае.

— Леанід Фёдаравіч, якім чынам ажыццяўляецца абмен вопытам у розных сферах сацыяльна-эканамічнага развіцця і глабальнага ўзаемадзеяння Беларусі і дзяржаў БРІКС на прыкладзе Бразіліі?

— З усіх краін — членаў БРІКС Бразілія геаграфічна самая аддаленая ад Беларусі, таму аб глабальным узаемадзеянні тут казаць, напэўна, заўчасна. З іншага боку, варта мець на ўвазе тое, што арганізацыя рухаецца па шляху ўмацавання інстытуцыянальных асноў і яе роля ў міжнародных справах паступова будзе павялічвацца. Цяпер у БРІКС створана мноства фарматаў супрацоўніцтва, развіццё па якіх адбываецца з рознай ступенню інтэнсіўнасці. Трэба ўзважана падыходзіць да таго, які з гэтых фарматаў найбольш прымальны для Беларусі.

Асобна варта адзначыць, што ў БРІКС у стадыі фарміравання знаходзіцца працэс палітычнай кансалідацыі. Дзяржавы блока прытрымліваюцца адзінай пазіцыі ў рамках такіх міжнародных арганізацый, як G-20, Міжнародны валютны фонд, Сусветная гандлёвая арганізацыя. У практычнай плоскасці, з улікам узрастаючага ўзроўню палітычнага ўзаемадзеяння Беларусі з краінамі БРІКС, праглядаюцца рэальныя перспектывы яго задзейнічання пры адстойванні нашых пазіцый на міжнароднай арэне, напрыклад у ААН.

Умацаванне БРІКС у інтарэсах Беларусі з пункту погляду фарміравання шматпалярнага сусветнага парадку. Прынятыя на саміце ў Бразіліі ў чэрвені 2014 года, а таксама ва Уфе ў ліпені 2015-га рашэнні аб стварэнні Новага банка развіцця і Пула ўмоўных валютных рэзерваў маюць важнае значэнне для далейшага ўмацавання арганізацыі ў сусветнай фінансава-эканамічнай сістэме.

Дарэчы, у рэалізацыі праграм, якія ажыццяўляюцца пры фінансаванні Новага банка развіцця і Пула ўмоўных валютных рэзерваў, магчымы ўдзел кампаній з трэціх краін пры ўмове далучэння да праекта дзвюх і больш дзяржаў БРІКС. Найбольш перспектыўным варыянтам арганізацыі работы ў дадзеным кірунку з’яўляецца прыцягненне бразільскіх рэзідэнтаў у Кітайска-беларускі індустрыяльны парк «Вялікі камень» для стварэння сумесных прадпрыемстваў, якія плануюць рэалізоўваць сваю прадукцыю на рынку краін — членаў ЕАЭС.

БРІКС у сучасных умовах становіцца адной з вядучых пляцовак для перамоў, якія дазваляюць адкрыта абмяркоўваць пытанні, якія цікавяць бакі. У прыватнасці, мы ўжо ўзгадвалі сустрэчу прэзідэнтаў Беларусі і Бразіліі сёлета ва Уфе, падчас якой бакі абмеркавалі шырокі спектр пытанняў, што датычацца развіцця супрацоўніцтва ў гандлёва-эканамічнай і іншых сферах.

Тут неабходна адзначыць і актывізацыю ўзаемадзеяння нашых краін у галіне адукацыі. Паміж галіновымі міністэрствамі Беларусі і Бразіліі сёлета ў жніўні заключана пагадненне аб супрацоўніцтве. Такія ж дакументы падпісаны паміж шэрагам універсітэтаў абедзвюх краін. Мы працуем па актывізацыі супрацоўніцтва на рэгіянальным узроўні паміж штатамі Бразіліі і абласцямі Беларусі. Трывалыя кантакты падтрымліваюцца на ўзроўні парламенцкіх груп. Так, дэлегацыя на чале з віцэ-прэзідэнтам Палаты прадстаўнікоў Бразіліі Фернанду Лусіу Жыакобу сёлета восенню наведала Беларусь.

— Налета Бразілія прымае летнія Алімпійскія гульні. Як праходзіць падрыхтоўка да іх правядзення ў плане ўдзелу беларускай дэлегацыі і магчымасцяў для прыезду балельшчыкаў?

— Першая летняя Алімпіяда ў Лацінскай Амерыцы — гэта вялікае дасягненне не толькі для Бразіліі, а і для ўсяго кантынента. Урад і насельніцтва краіны актыўна рыхтуюцца да яе правядзення. Вядомы беларусам шмат у чым дзякуючы творчасці Ільфа і Пятрова горад Рыа-дэ-Жанейра абяцае стаць найлепшым і найпрыгажэйшым. Беларуская спартыўная дэлегацыя возьме ўдзел у Алімпіядзе ў Бразіліі. Над атрыманнем пуцёвак цяпер старанна працуюць нашы спартсмены.

Балельшчыкам бразільцы ствараюць самыя спрыяльныя ўмовы. Для іншаземцаў, якія збіраюцца прыехаць у краіну падчас правядзення Алімпійскіх і Паралімпійскіх гульняў 2016 года, у адпаведнасці са спецыяльным законапраектам прадугледжана бязвізавае наведванне не пазней за 18 верасня тэрмінам да 90 дзён.

— Вельмі важны культурны абмен паміж нашымі краінамі. Наколькі паспяхова ён ажыццяўляецца?

— Нягледзячы на значную адлегласць паміж нашымі краінамі, супрацоўніцтва ў гуманітарнай і культурнай сферах актыўна развіваецца. Толькі за апошні год беларускае пасольства наладзіла ў Бразіліі выставу паштовых марак, арганізавала дзве выставы рэпрадукцый карцін вядомага беларускага мастака Івана Хруцкага ў горадзе Гаяніі і сталіцы краіны горадзе Бразіліа. На выставах таксама былі прадстаўлены традыцыйныя беларускія нацыянальныя строі.

Папулярызацыі нашай культуры садзейнічалі арганізаваныя пасольствам паказы на бразільскім тэлеканале «TV Supren» серыі канцэртаў Прэзідэнскага аркестра Рэспублікі Беларусь. Пры падтрымцы пасольства сёлета ў ліпені бразільскі тэнар Цьяга Аранкам узяў удел у ХХІV Міжнародным фестывалі мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску» ў якасці члена журы, а таксама выступіў у гала-канцэрце. У мінулым месяцы дакументальны фільм бразільскага рэжысёра Вальтэра Салеса «Цзя Чжанкэ, хлопец з Фэньян» удзельнічаў у пазаконкурсным паказе ХХІІ Мінскага міжнароднага кінафестывалю «Лістапад».

Не забываемся і пра моладзь Бразіліі. У верасні гэтага года мы ўдзельнічалі ў сацыяльным праекце ўрада горада Бразіліа «Пасольствы адчыненых дзвярэй». Беларускае дыппрадстаўніцтва наведала група навучэнцаў восьмых класаў горада Ітапуа Федэральнай акругі Бразіліа.

Я рэгулярна сустракаюся са студэнтамі і аспірантамі вышэйшых навучальных устаноў Бразіліі — ва ўніверсітэтах Федэральнай акругі, штатаў Сеара, Парана, Рарайма, Амазонас, Рыа-Грандзі-ду-Сул. Гэта цудоўная пляцоўка для ўмацавання нашых двухбаковых адносін ва ўсіх сферах.

Пасольствам быў праведзены шэраг сустрэч, прысвечаных значным датам у беларускай гісторыі. Напрыклад, сёлета ў красавіку на бразільскім тэлебачанні прайшоў круглы стол з удзелам акрэдытаваных у Бразіліі паслоў Арменіі, Беларусі, Казахстана і Расіі, прымеркаваны да 70-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне.

Як бачым, наша гуманітарнае супрацоўніцтва актыўна развіваецца. І налета пасольства рыхтуе некалькі адметных праектаў, якія прадставяць бразільцам беларускую самабытную культуру.

— Якія перспектывы росту колькасці турыстаў, якія наведваюць Бразілію і Беларусь, павелічэння даступнасці нашых краін?

— Адметная статыстыка: 70 працэнтаў бразільцаў аддаюць перавагу адпачынку ў сваёй краіне — прыкладна 62 мільёны чалавек. Для гэтага тут створана і пастаянна ўдасканальваецца адпаведная турыстычная інфраструктура, ёсць усе ўмовы для пляжнага і актыўнага баўлення вольнага часу. Бразільскія турысты ў асноўным накіроўваюцца ў краіны Паўднёвай і Паўночнай Амерыкі, Еўропы. Пакуль што амаль нязведанай тэрыторыяй для іх застаюцца дзяржавы постсавецкай прасторы. Летась у Расію з Бразіліі прыехала 31 тысяча турыстаў. Беларусь наведала значна меншая колькасць. Між тым варта заўважыць, што Бразілія робіць сур’ёзную стаўку на развіццё турызму. У 2014 годзе гэтую краіну наведалі 6,42 мільёна замежных турыстаў. У гэтай сферы занята 8,8 млн чалавек. Бразілія з’яўляецца 9-й турыстычнай эканомікай свету, штогод зарабляе на турызме да 10 працэнтаў ВУП.

Калі ацэньваць перспектывы развіцця турыстычных стасункаў паміж нашымі краінамі, варта ўлічваць значную адлегласць і, адпаведна, цэнавы фактар (толькі адзін пералёт з Мінска каштуе каля 2 тысяч долараў). Зразумела, гэты напрамак не стане масавым. Разам з тым, мы актыўна імкнёмся да таго, каб пазбавіцца ад пэўных адміністрацыйных перашкод не толькі для турыстаў, але і для бізнесменаў. Сёлета ў ліпені Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам было прынята рашэнне аб заключэнні беларуска-бразільскага пагаднення аб адмене віз для кароткатэрміновых паездак шляхам абмену нотамі. Гэта адказ на адпаведную прапанову МЗС Бразіліі. Уступленне ў дзеянне гэтага пагаднення будзе садзейнічаць ліквідацыі візавых бар’ераў для арганізацыі паездак беларускіх дэлегацый, а таксама беларускіх і бразільскіх грамадзян, прадстаўнікоў дзелавых колаў у нашы краіны.

Увогуле, апошнім часам інтарэс да Беларусі з боку бразільцаў павялічваецца. Мы актыўна прапагандуем у мясцовых СМІ і сацыяльных сетках нашу цудоўную краіну, яе культуру і традыцыі, нацыянальную кухню і турыстычныя аб’екты. І гэтая работа прыносіць свой плён.

Мікалай ЛІТВІНАЎ

litvinov@zviazda.by

Тэгi:

Пакіньце свой каментарый