«Калыханка» вучыла народнай культуры

29.12.2015 00:16каментарыяў: 0Прагледжана: 201

Узорны дзіцячы фолькгурт з аграгарадка Міханавічы Мінскага раёна ўдзельнічаў у творчай сустрэчы з суайчыннікамі, якія жывуць далёка ад радзімы, але па-ранейшаму цікавяцца сваімі вытокамі і хацелі больш ведаць пра народную культуру.

29-29

Ужо не першы раз у Беларусь прыязджаюць прадстаўнікі беларускай дыяспары з розных краін па дзяржаўнай праграме «Беларусы ў свеце». Каардынатарам праграмы з’яўляецца Міністэрства культуры, прынята яна была ў 2013 годзе. «Гэты адмысловы праект накіраваны на забеспячэнне комплекснага ўзаемадзеяння органаў дзяржаўнага кіравання, грамадскіх аб’яднанняў Беларусі з суайчыннікамі замежжа, далучэнне беларускай дыяспары да ўдзелу ў рэалізацыі праграм сацыяльна-эканамічнага і культурнага развіцця нашай краіны, захаванне і падтрымку яе нацыянальна-культурнай ідэнтычнасці. Мэтай праграмы з’яўляюцца і стварэнне сістэмы дзяржаўнай падтрымкі, і развіццё партнёрскага супрацоўніцтва з беларусамі замежжа ў сацыяльна-эканамічнай, інфармацыйнай, адукацыйнай, культурнай і іншых сферах», — гаворыцца ў змесце праграмы.

29-30

У снежні Мінск наведала чарговая група з 20 чалавек з Расіі, Эстоніі, Літвы, Польшчы, Францыі, Італіі, Іспаніі, якія тым ці іншым чынам звязаны з беларускай культурай. Большасць з гэтых людзей кіруюць творчымі калектывамі, з’яўляюцца актыўнымі папулярызатарамі беларускай народнай культуры за мяжой. Дзякуючы ім за межамі радзімы знаёмяцца з нашай нацыянальнай самабытнасцю, праводзяцца канцэрты, святы і фестывалі.

Гэтым разам у рамках праекта прайшлі курсы па пашырэнню ведаў па захаванні, развіцці і трансляцыі народнай культуры. А таксама майстар-класы па засваенні народных промыслаў і рамёстваў, па вакальна-харавой і харэаграфічнай творчасці, абрадава-святочнай культуры. І адзін з гэтых класаў адбыўся на базе міханавіцкага Дома фальклору.

29-31

У невялікі дамок на ўскраіне аграгарадка, дзе ўжо больш за чвэрць стагоддзя збіраюцца аматары народных спеваў, прыйшлі цяперашнія выхаванцы «Калыханкі» — вучні пачатковых класаў — і тыя, хто ўжо выйшаў з гэтай узроставай катэгорыі, але па-ранейшаму застаецца спяваць, паказваць багатую песенную спадчыну, дапамагаць кіраўніцы і стваральніцы калектыву Ларысе Рыжковай. Калыханкаўцы паказалі землякам, як праводзяцца традыцыйныя дзіцячыя гульні, спявалі абрадавыя песні. Маленькія артысты ў традыцыйных строях заўсёды дэманструюць прыклад паважнага стаўлення да нацыянальнай культуры. Дарэчы, «Калыханка» — адзіны ў краіне калектыў, які збірае дзіцячую гульнявую спадчыну. У скарбонцы гурта народныя гульні амаль з усіх рэгіёнаў Беларусі.

29-28

— На гэтым майстар-класе мы паказвалі сваю методыку, як далучыць дзяцей да фальклору, як развіваць у іх пачуццё песні праз гульнявыя гукі і галасы, — кажа Ларыса Рыжкова. — І таму мы заўсёды гуляем у тыя гульні, у якія спрадвеку гулялі нашы продкі, калі яны былі дзецьмі. Гульні, у якіх дзеці фантазіруюць і вучацца супольна спяваць, праводзіліся ў полі, у двары, у хаце; яны мадэлююць сітуацыі земляробчых абрадаў.

Некаторыя з гасцей дзякуючы ўдзельнікам «Калыханкі» ўпершыню ўбачылі, як гуляюць у «Мак», «Верабейку», «Грушку», «Проса», «Ваўка і авечку», «Трыфана». Незвычайны ўрок з калыханкаўцамі прайшоў не дарма: нашы суайчыннікі павязуць у «свет далёкі» нашы старажытныя песні і гульні.

Анатоль Кляшчук, фота аўтара

Тэгi:

Пакіньце свой каментарый