Як змагаліся з рэлігіяй у СССР

29.12.2015 00:15каментарыяў: 1Прагледжана: 174

Пяць удараў па рэлігіі.

У пачатку XX стагоддзя распачалася яшчэ адна вайна, пра якую мы ведаем зусім мала і не ўяўляем яе маштабаў, — гэта вайна з рэлігіяй. Зборнік дакументаў «Рэлігійнае жыццё на Міншчыне (1918—1941 гады)», выпушчаны Дзяржаўным архівам Мінскай вобласці сумесна з аддзелам рэдкіх кніг і рукапісаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі НАН Беларусі, сведчыць пра тое, што з рэлігіяй змагаліся ўсур’ёз, прычым самымі рознымі метадамі.

29-16

1. Канфіскацыя маёмасці

Першыя дэкрэты савецкай улады пра свабоду сумлення і аддзяленне царквы ад дзяржавы і школы ад царквы былі прыняты ўжо ў 1918 годзе. Побач з досыць дэмакратычнымі пунктамі пра адукацыю і выхаванне з’явіліся і такія, што цалкам падрывалі матэрыяльны бок існавання царквы. Згодна з новым дакументам, ніякія царкоўныя і рэлігійныя ўстановы не мелі права валодаць маёмасцю. Яны пазбаўляліся таксама правоў юрыдычных асоб.

Будынкі цэркваў сталі лічыцца ўласнасцю дзяржавы. А царкоўныя служкі былі абавязаны пісаць афіцыйныя звароты, каб ім дазволілі карыстацца сваімі храмамі.

Так, захаваўся дакумент, у якім відаць акурат такая сітуацыя, напісаны грамадой евангелічнай царквы лютэранскага веравызнання:

«Згодна з пастановай Савета Народных Камісараў ССРБ, апублікаванай у газеце «Звязда» 1 студзеня 1922 года, мы, што падпісаліся ніжэй, просім аб перадачы ў карыстанне нашай рэлігійнай грамадзе царкоўнага будынка, які знаходзіцца на Захар’еўскай вуліцы, 90 (будынак былой нямецкай кірхі), разам з усімі прадметамі богаслужэння. Заўважаем, што ўся маёмасць, што належала евангельскай лютэранскай царкве, была забрана з-пад папячыцельства царкоўнага савета».

2. Адабранне каштоўнасцяў

Моцны ўдар па інстытуце царквы ўлады нанеслі ў 1922 годзе, калі правялі кампанію па адабранні царкоўных каштоўнасцяў. Быў нават выдадзены архіпастырскі зварот епіскапа Мінскага і Тураўскага Мелхіседэка, у якім гаварылася, што здадзеныя царкоўныя каштоўнасці пойдуць на закупку спажывецкіх тавараў для дапамогі галодным. Гэтая мера была разлічана на тое, каб аслабіць уплыў царквы ў грамадстве.

Трагічнасць таго, што адбывалася, часткова перадаецца ў наступным дакуменце, напісаным на імя загадчыка ліквідацыйнага аддзела Народнага камісарыята юстыцыі таварыша Канакоціна:

«Згодна з вашым асабістым распараджэннем каменданту будынка ўніверсітэта па вуліцы Шырокай было распачата зняцце крыжоў з купалоў былой Уваскрасенскай царквы, перададзенай універсітэту. Праведзеным абследаваннем на месцы, пры дапамозе пажарных лесак, спецыялістамі-рабочымі ўстаноўлена, што доступ лескамі магчымы толькі на адзін купал; для доступу да другога патрэбны рыштаванні. Сродкі, па дамоўленасці з рабочымі, у суме 500 рублёў былі своечасова выдзелены кіраўніцтвам універсітэта, аднак рабочыя, агледзеўшыся, адмовіліся ад дамоўленай платы. Для правядзення работ патрэбна 1500 рублёў, не лічачы рыштаванняў. Паведамляючы пра гэта, універсітэт просіць вашага ўдзелу рабочымі людзьмі і грашовымі сродкамі, бо з-за адсутнасці такіх выкананне работ зацягваецца. Рэктар БДУ прафесар Герчыкаў».

3. Змаганне са святарамі

Нягледзячы на тое, што з дазволу мясцовых улад рэлігійныя аб’яданні маглі карыстацца сваімі будынкамі, за любое парушэнне, нават самае фармальнае, аб’яднанне закрывалася, а храм і маёмасць канфіскоўваліся. Ёсць сведчанні, што Уладзімір Ленін сказаў, што чым больш святароў загіне, не пагаджаючыся аддаваць царкоўную маёмасць, тым лепш.

Пра тое, што такая мэтанакіраваная праца прыносіла пэўны плён, сведчыць наступны ліст, напісаны ў рэдакцыю «Звязды» дыяканам Самахвалавіцкай царквы Мінскай акругі Уладзімірам Прахарэцкім:

«Зразумеўшы ўсю бессэнсоўнасць сваёй службы, я вырашыў кінуць і канчаткова парваць з усімі забабонамі, зразумеў правільны шлях, па якім трэба ісці, асэнсаваў падман і яўную недарэчнасць рэлігіі…»

4. Непамерны падатак

Цэрквы абкладваліся такім падаткам, які часта выплаціць папросту не маглі.

Досыць гратэскна выглядае ліст, напісаны вернікамі праваслаўнага прыхода ў Стоўбцах тагачаснай Баранавіцкай вобласці, на арыгінале якога пастаўлена 160 подпісаў:

«Дарагому правадыру нашаму бацьку Іосіфу Вісарыёнавічу Сталіну. Стаўбцоўскі фінаддзел абклаў духавенства нашай царквы падаткам каля 36 тысяч рублёў. Гэту суму не ў сілах выплаціць ні духавенства, ні прыхаджане, што ставіць пад пагрозу існаванне нашай грамады. Таму звяртаемся да цябе, дарагі наш настаўнік, з гарачай просьбай вызваліць нас ад прызначанага падатку і забяспечыць існаванне нашай царквы».

5. Перадача метрычных кніг

Цікава, што савецкія ўлады адной з першачарговых задач бачылі тое, каб забраць у цэркваў і касцёлаў метрычныя кнігі і перадаць абавязкі вядзення актаў грамадзянскага стану (нараджэнне, шлюб, смерць) ад царквы дзяржаве (аддзелам ЗАГС), што і было зроблена. Такім чынам, сям’я з-пад традыцыйнай апекі царквы цалкам трапіла пад апеку дзяржавы.

***

Усе гэтыя захады найбольш актыўна праводзіліся спецыяльна створаным Саюзам ваяўнічых бязбожнікаў. У 1932 годзе ў ім нават быў прыняты пяцігадовы план, у якім намячалася на працягу першага года закрыць усе духоўныя ўстановы, пазбавіць царкоўных служак харчовых картак, на працягу другога — закрыць цэрквы і забараніць выраб прадметаў культу, трэцяга — выслаць святароў, чацвёртага — закрыць культавыя будынкі ўсіх рэлігійных канфесій, пятага — замацаваць атрыманыя поспехі… Аднак гэты план праваліўся. Выкараніць рэлігію не ўдалося. Перапіс 1937 года паказаў, што пераважная большасць вясковых жыхароў, якая ў той час складала асноўную колькасць насельніцтва краіны, працягвае лічыць сябе вернікамі. Пасля гэтага многія з членаў Саюза бязбожнікаў былі рэпрэсаваныя…

Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ

Тэгi:

каментарыяў: 1

  • Стал искать Вас, Нина, в И-нете после того как прочёл Ваш отзыв о песне ,,Карабель маей радзимы,,… И вот оказался на этой странице. Хочу поблагодарить Вас
    1. за отзыв о песне Молчана, Липая и Видовой. /прекрасная песня/ песня- баллада, песня-крик /тихий, негромкий по-белорусски негромкий/ Как жаль, что эта песня почти не присутствует в белорусском радиоэфире, или на ТВ…
    2. за эту статью-очерк о войне с религией. Спасибо !
    Человек я немолодой и очень приятно, что среди людей молодого поколения есть такие как Вы ! https://m.youtube.com/watch?v=sMxIqUlSxI0

Пакіньце свой каментарый