Гарачы лёд у Чыжоўцы

29.12.2015 00:28каментарыяў: 0Прагледжана: 25

Хакейная каманда Прэзідэнта абыграла гродзенцаў.

Матч калектываў, якія ў мінулым годзе сталі залатымі і бронзавымі прызёрамі Рэспубліканскіх спаборніцтваў па хакеі з шайбай сярод аматарскіх каманд на прызы Прэзідэнцкага спартыўнага клуба, сёлета быў па-сапраўднаму гарачым. Гульня на пляцоўцы малой арэны ў Чыжоўцы атрымалася вельмі ўпартай і напружанай з першых да апошніх хвілін.

29-44

Хакеісты каманды Прэзідэнта краіны толькі напрыканцы першага перыяду змаглі адкрыць лік у матчы, дакладны кідок на рахунку Яўгена Курыліна. У другія дваццаць хвілін сустрэчы заўзятары закінутых шайбаў не ўбачылі, а ў трэцім перыядзе выніковым кідком адзначыўся Андрэй Глебаў — 2:0. Гэты лік і аказаўся канчатковым, хоць госці да канца сустрэчы спрабавалі адыграцца і на апошніх хвілінах паядынку нават замянілі варатара на шостага палявога гульца.

Найлепшымі ў матчы сталі галкіпер Ян Шаляпнёў з лядовай дружыны Гродзенскай вобласці і абаронца Андрэй Глебаў у складзе каманды Прэзідэнта.

Нагадаем, матчы першага этапу ІX Рэспубліканскіх спаборніцтваў аматараў хакея на прызы Прэзідэнцкага спартыўнага клуба праходзяць з лістапада па сакавік. Пасля чатырох гульняў у турніры на рахунку хакейнай каманды Прэзідэнта Беларусі 8 ачкоў, яна і ўзначальвае табліцу спаборніцтваў. Пасля заканчэння аднакругавога турніру чацвёрка найлепшых каманд падчас другога этапу разыграе медалі і галоўны прыз спаборніцтваў.

Адзначым таксама, што каманда Прэзідэнта Беларусі 6 разоў станавілася пераможцай (2008, 2010—2015). У 2009 годзе турнір выйграла дружына Гомельскай вобласці, а ў 2013-м найлепшымі былі хакеісты Мінскай вобласці.

Дар’я Лабажэвіч

lobazhevich@zviazda.by

Тэгi:

Пакіньце свой каментарый