Ці спыніць вандалаў указ аб забароне металашукальнікаў?

18.12.2015 00:43каментарыяў: 11Прагледжана: 742

На гэтым тыдні ў жыцці нашай краіны адбылася адна вельмі важная падзея. Магчыма, яна многімі засталася незаўважанай, бо тыдзень быў насычаны навінамі грамадска-палітычнага характару. Але гэтае невялікае — у тры абзацы — паведамленне, што прамільгнула два дні таму ў інфармацыйных стужках, заслугоўвае ўвагі. Найперш тых, хто рупіцца пра захаванне спадчыны. А яшчэ тых, хто гэтую спадчыну бязбожна нішчыць, імкнучыся набіць уласную кішэню.

x-terra_705

Я маю на ўвазе ўказ №485, які днямі падпісаў Прэзідэнт. Накіраваны гэты дакумент, як сказана ў афіцыйным каментарыі да яго, «на ўдасканаленне аховы археалагічных аб’ектаў і артэфактаў». Прадугледжаныя ў ім забароны — канкрэтныя і катэгарычныя, як, напрыклад, «выкарыстанне металашукальнікаў, геарадараў і іншых тэхнічных сродкаў і інструментаў для пошуку археалагічных аб’ектаў і артэфактаў дапускаецца толькі пры правядзенні ва ўстаноўленым парадку археалагічных даследаванняў». Акрамя таго, указ забараняе прадаваць і купляць артэфакты.

Карацей, можна небеспадстаўна меркаваць, што «чорныя капальнікі» ў шоку: на іх вачах дагэтуль прыбытковы і амаль легальны (у нас жа што прамым тэкстам не забаронена, тое дазволена) «бізнес» накрываецца медным тазам. Цяпер не паходзіш беспакарана па лесе з «пікалкай» у руках, ды і знойдзенае так проста па выгаднай цане не збудзеш.

Аб тым, наколькі важная гэта праблема, колькі мы страчваем падчас такіх варварскіх раскопак, гаварылася ўжо не аднойчы. Падчас круглага стала, які «Звязда» праводзіла на пачатку гэтага года, яго ўдзельнікі — парламентарыі, навукоўцы, краязнаўцы, прадстаўнікі праваахоўных органаў — білі трывогу: «чорная археалогія» набыла літаральна прамысловыя маштабы. Па гэтай зямлі з металашукальнікам не бадзяўся толькі лянівы, а ўрон, нанесены дзяржаве, вымяраўся вагой выкапаных артэфактаў. Металічная зброя тысячагадовай даўніны, рыцарскія даспехі па такой «шкале» саступалі звычайнаму лому… Выйсцем з гэтага невясёлага становішча ўдзельнікі дыскусіі называлі менавіта падпісаны кіраўніком дзяржавы ўказ.

Матэрыял, апублікаваны па выніках таго круглага стала, сабраў на сайце «Звязды» рэкордную колькасць каментарыяў. Пісалі і рупліўцы спадчыны, якія цалкам пагаджаліся з героямі публікацыі, і ўладальнікі тых металашукальнікаў, якія ставілі пад сумненне мэтазгоднасць барацьбы з імі, мякка так намякаючы, што як шукалі-капалі, так і будуць далей, якія б меры супраць іх ні прымаліся. Бо іх шмат, яны асцярожныя (хоць да названага ўказа дакументальна іх дзейнасць фактычна ніяк не абмяжоўвалася, але ж хадзілі больш хаваючыся, пэўна, сумленне ўсё-такі хоць зрэдку тузала), а яшчэ многія маюць індульгенцыю ў выглядзе пасведчання члена таварыства аховы помнікаў ці суполкі нумізматаў…

Цяпер доўгачаканы дакумент ёсць і трэба абавязкова дзейнічаць, інакш разрабуюць і тое, што ў зямлі яшчэ засталося. Наогул, нядрэнна было б правесці аперацыю рэспубліканскага маштабу кшталту «Арсенала» і ўсе металашукальнікі паканфіскоўваць. Цалкам, мне здаецца, лагічна: калі выкарыстанне забаронена ўсім, акрамя прафесійных археолагаў, дык навошта гэтую прыладу дома трымаць? Яшчэ б не пашкодзіла «праверыць спісы» названых вышэй грамадскіх суполак, асабліва на месцах, каб ведаць дакладна, хто сапраўды хвалюецца за захаванне спадчыны ці калекцыяніруе манеты, а хто капае старажытныя курганы толькі дзеля ўласнай выгады. Карацей, можна прымаць розныя меры, каб гэтую эпідэмію спыніць. Думаю, тут убаку не застанецца і міліцыя, бо хлопцы з металашукальнікамі вельмі часта шукаюць — і знаходзяць! — зброю мінулай вайны, яшчэ абсалютна прыдатную для выкарыстання па прамым назначэнні…

Зрэшты, гэта вырашэнне толькі паловы праблемы. Бо другая яе палова — не ў наяўнасці або адсутнасці ў чалавека металашукальніка, геарадара, іншых сучасных прылад для археалагічнага пірацтва, а ў наяўнасці або адсутнасці разумення, ведання, павагі, сумлення. Я з гэтай праблемай сутыкнулася падчас раскопак на гомельскім Палессі пад Петрыкавам. Мы капалі паселішча Пражскай культуры — V стагоддзе, першыя сляды менавіта славян. Асцярожна здымалі рыдлёўкамі тонкія пласты зямлі, цярпліва пераціралі кожную яе пядзю пальцамі. Каштоўнага ў абывацельскім разуменні нічога не знаходзілі: рэшткі прымітыўнай керамікі (продкі не ведалі тады ганчарнага круга), кавалкі жалезнай руды, некалькі танюткіх бронзавых пярсцёнкаў. Але каштоўным было іншае — мы пакрысе выкопвалі абрысы жытла, якое было тут паўтары тысячы гадоў таму. А па гліняным невялікім кавалачку-венчыку кіраўніца нашай экспедыцыі збіралася аднавіць цэлы гаршчок, па кавалку вугаля з ачага — вызначыць з дакладнасцю да дзесяцігоддзя, калі гэты ачаг палілі апошні раз.

Мясцовыя з цікавасцю за намі назіралі і з недаверам ставіліся да нашых знаходак: маўляў, нешта вы ўтойваеце, не можа тузін маладых людзей калупацца ў зямлі два тыдні дзеля некалькіх чарапкоў. Ступень недаверу мы зразумелі за два дні да ад’езду, калі побач з нашым раскопам убачылі зранку глыбокую яміну: мясцовыя «археолагі» вырашылі пашукаць «скарбы» самі. Мы ў роспачы стаялі ля той ямы, глядзелі на змяшаныя з пяском кавалкі керамікі, на непапраўна перамяшаныя слаі зямлі і ледзьве не плакалі. А наша кіраўніца з акадэміі пастаяла крыху, а потым рушыла да мясцовай школы. Праз некалькі гадзін яна ўжо тлумачыла натоўпу малечы і падлеткаў і пра першых славян, і пра кераміку, якую ляпілі без круга, і пра слаі, і пра мацярык. Дзеці, сярод якіх, несумненна, былі і тыя, хто капаў ноччу яму, нішчачы старажытную стаянку, слухалі расповед, бы найцікавейшую казку.

Пасля таго, як расказвала яна праз некалькі гадоў, кожнае лета ад добраахвотнікаў на раскопкі адбою не было. І больш ніхто з месцічаў не шкодзіў, спрабуючы самастойна знайсці «багацце», наадварот, адганялі ад раскопу асабліва цікаўных прыезджых.

«Вось з чаго трэба было пачынаць», — сказала яна мне тады. Што ж, і цяпер цяжка з ёй не пагадзіцца.

Алена ЛЯЎКОВІЧ

alena@zviazda.by

Тэгi:

каментарыяў: 11

  • Антон Астаповіч

    Вось такая цытата з артыкула:
    «Цяпер доўгачаканы дакумент ёсць і трэба абавязкова дзейнічаць, інакш разрабуюць і тое, што ў зямлі яшчэ засталося. Наогул, нядрэнна было б правесці аперацыю рэспубліканскага маштабу кшталту «Арсенала» і ўсе металашукальнікі паканфіскоўваць.»
    Але ж указ не забараняе металадэтэктары, ён забараняе выкарыстанне металадэтэктараў пры пошуку на помніках археалогіі без спецыяльнага на тое дазволу і асобам без кваліфікацыі «археолаг». На падставе якога нарматыўнага прававога акта іх канфіскоўваць у насельніцтва? Зашмат энтузіязму.

  • Алена Ляўковіч

    Згодна, магчыма, шмат энтузіязму, і не спрачаюся, што металашукальнікі канфіскоўваць няма ніякай падставы. Але лепш з энтузіязмам шукаць выйсце, чым сядзець і сумна канстатаваць, што ўсё роўна нічога не атрымаецца.

  • Антон Астаповіч

    Выйсце ў тым, каб выконваць паслядоўна тыя нарматыўна-прававыя акты ў сферы аховы гісторыка-культурнай спадчыны, якія ўжо прыняты. І гэтага будзе досыць, без усялякіх дадатковых дакументаў

  • Алесь

    Алена, навошта навязваць СВОЙ энтузіязм кожнаму чытачу? Вы — журналист а не блогер.

    • Алена Ляўковіч

      Дзякуй за камплімент. А што, па-вашаму журналіст не можа быць блогерам? І хіба можна свой энтузіязм камусьці НАВЯЗАЦЬ?!

  • Уладзiмiр

    А почему сразу вандал? Или вы, Алена считаете, что все у кого в руках металлоискатель поголовно курганы роют? Что плохого в том, если человек на поле, до или после уборки урожая, из навоза пару монет достанет? Или вам лучше пусть сгниет и никому не достанется? Может правильнее было бы взять опыт той же Англии в этом вопросе?

  • Нешта я не бачыў афіцыйных археалогаў з металадэтэктарамі на перагараных палях (дзе даўно ўсе пласты перамешаны). Ды і ранейшыя законы па ахове помнікаў не дзейнічалі і асабліва іх разбуралі розныя арганізацыі (дарожнікі, будаўнікі, калгасы). А шалёная рэакцыя з боку дзяржаўных архе толькі таму, што у святле «чорных архе» іх працы практычна не бачна. А за парушэнне курганоў, гарадзішч, стаянак бяспрэчна трэба караць, але ці варта да прыкладу усіх мужчын аскапіць толькі з той прычыны што нехта з іх адзін некага згвалтаваў?

  • Микиций

    По вашему, каждый человек с металлоискателем, занимающийся поиском, — нарушитель закона, если не государственного, то нравственного. Вам и в голову не приходило, что копатель может быть и не черный, что удостоверения нумизмата или члена исторического клуба — могут иметь за собой люди увлеченные и преданные своей стране. Сравните наше («общее» уже с Россией)законодательство с законами США, Великобритании. Попробуйте задуматься, почему у нас процветает черный спрос на артефакты, что мотивирует черных копателей и почему они на этом зарабатывают. В зарубежных странах артефактов не меньше, а патриотов получается….больше.

  • Александр

    Для решения второй половины проблемы «наяўнасці або адсутнасці разумення, ведання, павагі, сумлення» ни делается ровным счётом ничего.
    Иначе как объяснить распаханные и уничтоженные колохозниками древние городища, курганы и могильники, как объяснить то, что на месте «археологических памятников» строятся бизнес-центры, почему некоторые найденные «артефакты» не дойдя до реестра всплывают на зарубежных аукционах.
    Я полность согласен с Вашей «кіраўніцай з акадэміі», которая «тлумачыла натоўпу малечы і падлеткаў і пра першых славян, і пра кераміку, якую ляпілі без круга, і пра слаі, і пра мацярык». И как вариант «І больш ніхто з месцічаў не шкодзіў, спрабуючы самастойна знайсці «багацце»»
    В завершении статьи написано ««Вось з чаго трэба было пачынаць», — сказала яна мне тады. Што ж, і цяпер цяжка з ёй не пагадзіцца.»
    А что сделали Вы? Вместо ликвидации исторической неграмотности на местах, Вы попытались очертить вокруг себя и себе подобных белым мелом круг, разукрасив всех по своему недоразумению в чёрно-белые цвета. А как же оттенки серого?

  • Генадзь

    Если у вас храниться дома любая вещь старше 120 лет (артефакт)вы обязаны до 1 января 2017 года зарегистрировать её в госреестре приложив описание и две фотографии.так же эту вещь нельзя продать,купить,обменять и т.д.
    Где гарантии ,что официально зарегистрированные коллекции потом не изымут именем народа и сохранения археологической спадчыны? Или люди имеющие эту информацию не подкинут её каким криминальным элементам ?
    Вы серьёзно думаете что одним росчерком пера рухнет устоявшийся рынок антиквариата? Нет, он опять уйдёт в тень и всё что продавалось и покупалось на беларуских площадках потечёт туда где больше заплатят — в Россию.тем более что таможни на совместной границе нет.

    • Александр

      Если мне в прошлом году подарили Деньгу 1731 года, и я не собираюсь с ней расставаться (она мне дорога как память о человеке которого уже нет) то я обязан её сфотографировать два раза и зарегистрировать в реестре?
      А если я откажусь регистрировать? Что делать мне? Сдать затёртую монету государству? А кому она нужна, кроме меня? А когда у меня её найдут — я что, нарушитель закона?

Пакіньце свой каментарый