Маленькія трагікамедыі. Чым небяспечныя нашы серыяльныя слабасці?

11.12.2015 00:03каментарыяў: 0Прагледжана: 48

Нядаўна ў Мінску на паштальёна, якая разносіла нямоглым старым іх пенсіі, напалі проста ў пад’ездзе жылога дома, сярод белага дня. Зламыснік некалькі разоў стукнуў няшчасную драўлянай качалкай па галаве, збіў з ног. Але жанчына змагла падняцца і кінулася ўцякаць. Спрабавала зачыніць перад носам бандыта цяжкія ўваходныя дзверы, але той падставіў нагу, не даючы гэта зрабіць. Праўда, хутка ўцёк, пакінуўшы ў дзвярах важную ўліку — красоўку…

Перапужаная ахвяра тут жа выклікала міліцыю. Праваахоўнікі спрацавалі аператыўна і па гарачых слядах затрымалі… 77-гадовую жыхарку пад’езда. Парык, другую красоўку і «зброю злачынства» бабуля-разбойніца паспела выкінуць, але ва ўсім прызналася. І тут ужо следчыя не ведалі, абурацца, здзіўляцца ці рагатаць.

Бо высветлілася, што старая, апантаная аматарка дэтэктыўных серыялаў, убачыла ў адным з іх, як чалавека аглушылі драўлянай палкай адным ударам (добра, што не забілі, а то і яна б той качалкай лупіла і лупіла). Вось бабулі і цікава стала, ці атрымаецца ў яе тое самае. Узброілася па ўсіх дэтэктыўных правілах, начапіла на галаву парык і, выйшаўшы на справу, сцішылася ў цёмным закутку пад’езда. Паштальёнцы проста не пашанцавала зайсці туды першай.

Дзякуй Богу, для яе ўсё скончылася добра — некалькі сінякоў. Чаго не скажаш пра бабулю. Ёй, нягледзячы на ўзрост, прызнанне і захапленне падобнымі адзін на адзін фільмамі, свеціць цяпер ад трох да дзесяці гадоў там, дзе тэлевізар адзін на ўсіх і строга па раскладзе.

Я думаю, калі справа дойдзе да суда, версія пра любоў да серыялаў будзе прынятая да ўвагі. Бо людзей, што «шчыльна падселі» на дэтэктыўныя, любоўныя, настальгічныя бясконцыя гісторыі, якіх штодня хапае ў тэлевізары (я ўжо не кажу пра камп’ютар) у нас нямала, калі не сказаць зашмат. Праўда, гэта не параўнаць з часамі «Багатых, якія таксама плачуць» і першымі гадамі «Санта-Барбары» — калі паказвалі іх, жыццё ўвогуле спынялася. Ваша пакорная слуга аднойчы не магла выехаць з раённай аўтастанцыі ў родную вёску паўтары гадзіны, бо пачаўся адзін з гэтых серыялаў і яго праз вокны і акенцы кас пачалі глядзець усе. Вадзіцелі забыліся, што ім трэба ў рэйс, касіры — што трэба абілечваць, дыспетчары — што трэба аб’яўляць, пасажыры — што яны збіраліся кудысьці ехаць… Масавы псіхоз, як той казаў, у наяўнасці.

Цяпер такога нідзе не ўбачыш, але тут іншая бяда: серыялы сталі больш якасныя, праўдападобныя. Асабліва дэтэктыўныя. Гэткае практычнае кіраўніцтва па высочванні і пераследаванні ахвяры, па замятанні слядоў (наша бабка і тая парык і качалку выкінула). Я ўжо не кажу пра нейкія крыміналісцкія паняцці — тут мы наогул усё прымаем на веру. І становімся буйнымі спецыялістамі ў раскрыцці злачынстваў па фанціку ад цукеркі ці па слядах самаката.

І ўсё б нічога, але мы гэтыя свае нічым не пацверджаныя, нярэдка проста прыдуманыя аўтарамі гэтых самых серыялаў «веды» надзейна складваем у памяці (а раптам спатрэбяцца?). І тады атрымліваецца або трагедыя (расказваў нядаўна адзін урач, як не выратавалі мужыка ад апендыцыту, бо жонка, калі забалеў жывот, дала яму… грэлку — яна, маўляў, у кіно бачыла — і суткі не выклікала «хуткую», бо ў таго ж, у кіно, само прайшло). Або трагікамедыя — гэта я пра бабулю, якая, трэба аддаць ёй належнае, у праўдзівасці «кіно» засумнявалася і ўсё вырашыла на ўласным досведзе высветліць.

Вялікая сіла інфармацыйных тэхналогій? Наша ўласная дурасць і нежаданне думаць і аналізаваць? Пэўна, усяго патроху. А яшчэ — адзінота сярод людзей, калі вірлівае, пакручастае жыццё ў серыялах падмяняе жыццё сапраўднае, у якім анічога не адбываецца. Як у той нашай чытачкі, якая аднойчы напісала ў газету: маўляў, здароўе стала падводзіць, а любімага серыяла і канца не відаць. Дык вы, шаноўныя, надрукуйце, чым усё скончыцца, а то раптам памру і не даведаюся…

А куды ўцячы нам, маладзейшым, ад штодзённых клопатаў, ад праблем? Гэта ж так проста — націснуць на кнопку пульта і з канапы назіраць, як падобныя праблемы на раз-два вырашаюцца. Гэта ж прасцей, лягчэй, чым пагаварыць з дамашнімі пра штосьці важнае або не вельмі, падумаць, пачытаць разумную кнігу, зрабіць штосьці ў хаце. Навошта, калі сябар — блакітны экран — падкажа, як жыць, як кахаць, як лячыцца, як уцячы ад бандыта і ад міліцыі? Так можна страціць самога сябе? Нічога страшнага — ёсць шмат серыялаў і фільмаў, у якіх менавіта пра гэта і пра «спосабы пошуку». Паслужлівая памяць падкажа які-небудзь сюжэт.

А вы не ведаеце, чаму па першым канале серыял «След» пасля «Панарамы» не паказваюць? Я ўжо каторы вечар не шлындаю па кватэры, шукаючы, куды сябе дзець. Сёння вось гэтыя радкі напісала. А заўтра чым заняцца? Давядзецца галаву паламаць…

Алена ЛЯЎКОВІЧ

alena@zviazda.by

Тэгi:

Пакіньце свой каментарый