Ад Камянецкай вежы да Нацыянальнай бібліятэкі

18.11.2015 00:55каментарыяў: 1Прагледжана: 241

На новых банкнотах мастакі адлюстравалі гісторыю краіны.

Галоўны спецыяліст галоўнага ўпраўлення наяўнага грашовага абарачэння Нацыянальнага банка краіны Святлана Някрасава прымала непасрэдны ўдзел у распрацоўцы дызайну банкнот і манет. Яна расказала, што агульная канцэпцыя дызайну новых банкнот мае назву «Мая краіна — Беларусь». Тут кожная банкнота прысвечана адной з абласцей краіны і Мінску — у алфавітным парадку.

Паводле яе слоў, тэма помнікаў архітэктуры была выбрана невыпадкова, бо вылучаецца вялікай ступенню апалітычнасці. Іх выявы на нацыянальнай валюце пазнавальныя і замацоўваюць у свядомасці людзей ўяўленне аб краіне. Пры гэтым, арыгінальныя фактуры і арнаменты выконваюць і ахоўныя функцыі.

Банкнота 5 рублёў прысвечана Брэсцкай вобласці. На пярэднім баку мастакі намалявалі Камянецкую вежу, а на адваротным — калаж, які паказвае першыя славянскія паселішчы (фрагмент скуранога пояса, драўлянае кола, малюнак старажытнага дзядзінца «Бярэсце»). «Камянецкая вежа — абарончае збудаванне. Аранжавы колер, які спалучае ў сабе сілу чырвонага і пазітыўнасць жоўтага, адлюстроўвае сімволіку абароны», — удакладняе пазіцыю распрацоўшчыкаў спадарыня Някрасава.

7-27

Каштоўная папера наміналам 10 рублёў прысвечана Віцебскай вобласці. Тут на пярэднім баку знаходзіцца Спаса-Праабражэнская царква ў Полацку, а адваротны бок прысвечаны асветніцтву і кнігадрукаванню (кнігі, знак Ф. Скарыны, Крыж Еўфрасінні Полацкай, фрагмент арнаменту).

7-28

Пярэдні бок банкноты наміналам
20 рублёў
мае выяву палаца Румянцавых і Паскевічаў у Гомелі. На адваротным баку знаходзіцца калаж, прысвечаны тэме духоўнасці (звон, Тураўскае Евангелле, старажытны горад Тураў, фрагменты разьбы). Палац выкананы ў выглядзе графічнага малюнка, на жаўтаватай, пацямнелай ад часу паперы.

7-29

Гродзенскай вобласці прысвечана банкнота наміналам 50 рублёў. На пярэднім баку знаходзіцца выява Мірскага замка, а на адваротным — калаж, які прысвечаны тэме мастацтва (ліра і лаўровыя галінкі, пяро, папера, нотны стан).

7-30

«Багацце фактур і дэкаратыўных элементаў Мірскага замка падтрымліваецца матывамі прыроднага ландшафту. Дамінуючы колер — зялёны», — кажа Святлана Някрасава.

Замак Радзівілаў трапіў на пярэдні бок новай банкноты наміналам 100 рублёў, якая прысвечана Мінскай вобласці.

Калаж на адваротным баку раскрывае тэму тэатра і народных свят (скрыпка, бубен, жалейка, слуцкія паясы, калядная зорка, каза, батлейка).

7-31

«Нясвіжскі замак. Замак-палац. Усе ахоўныя элементы і сеткі пярэдняга поля купюры пабудаваны на формах элементаў афармлення палаца. Асаблівая ўвага ў дызайне нададзена наміналу. Нароўні з асноўным малюнкам ён — галоўны герой карціны».

На пярэднім баку банкноты наміналам 200 рублёў асноўным аб’ектам з’яўляецца Магілёўскі абласны мастацкі музей імя П.У. Масленікава. Калаж на адваротным баку прысвечаны тэме рамёстваў і горадабудаўніцтва (залаты ключ і пячатка горада Магілёва, кафля і фрагменты каваных кратаў).

7-32

«Элементы дэкору будынка Музея Масленікава ў полі банкноты і ўнутры лічбаў дадаткова раскрываюць характар гэтага архітэктурнага твора. Колер купюры — складаны лілова-фіялетавы, адзін з характэрных для эпохі мадэрну».

Самая дарагая банкнота наміналам 500 рублёў дасталася сталіцы нашай краіны. На пярэднім баку яе схематычна намалявана Нацыянальная бібліятэка. На адваротным баку купюры скампанаваны калаж, прысвечаны тэме літаратуры (пяро, чарніліца, вокладкі кніг, ліст папараці). «Увогуле, Нацыянальная бібліятэка тут уяўляе сабой мазаіку сучасных архітэктурных формаў. Дамінуючы колер банкноты — цёмна-сіні», — тлумачыць эксперт Нацбанка.

7-33

Таксама Святлана Някрасава адзначыла, што «каларыстычнае рашэнне новай банкнотнай лінейкі ўяўляецца наступным чынам — ад больш простых, цёплых і сонечных колераў — да больш складаных і халодных».

Манеты: багацце і дастатак, шчасце і свабода

1, 2 і 5 капеек выраблены са сплаву сталі і пакрыты меддзю, таму маюць чырвоны колер. На рэверсе ўсіх айчынных манет знаходзіцца выява герба Беларусі і дата чаканкі «2009». На аверсе дробных капеек выбіты намінал і нацыянальны арнамент, які сімвалізуе багацце і дастатак.

18-44

Манеты наміналам 10, 20 і 50 капеек выраблены са сталі і пакрыты меддзю і латунню, што адпавядае жоўтаму колеру. Тут побач з наміналам знаходзіцца нацыянальны арнамент, які сімвалізуе ўрадлівасць і жыццёвую сілу.

18-43

1 рубель у беларускім выкананні мае белы колер, бо сплаў сталі тут пакрыты меддзю і нікелем. На пярэднім баку металічнага рубля і на двухрублёвай манеце знаходзіцца нацыянальны арнамент, які сімвалізуе імкненне чалавека да шчасця і свабоды.

18-42

Самай дарагой і прыгожай з’яўляецца манета наміналам 2 рублі, якая зроблена са сталі, але мае адразу два колеры. Яе вонкавае кольца пакрыта меддзю і латунню і мае жоўты колер, а сярэдзіна — меддзю і нікелем, таму мае белы колер. А яшчэ на адваротным баку гэтай манеты вакол герба выбіты арнамент «Багач».

Сяргей Куркач

kurkасh@zvіаzdа.bу

Тэгi:

каментарыяў: 1

Пакіньце свой каментарый