Ад савецкага мінулага да сучаснасці

07.08.2015 00:07каментарыяў: 0Прагледжана: 302

Нашу краіну час ад часу папракаюць тым, што яна мае моцную сувязь з савецкім мінулым, некаторыя нават называюць беларускаю дзяржаву савецкай і камуністычнай пасярод мора ліберальнага капіталізму.

Новы твар сацыялізму

Падаецца, што такое сцвярджэнне з’яўляецца як справядлівым, так і некарэктным адначасова. Сапраўды, афіцыйны Мінск не адмаўляе пераемнасці ад БССР, герб, сцяг і гімн якой у трохі мадэрнізаваным выглядзе сталі афіцыйнымі сімваламі сучаснай беларускай дзяржавы. Да таго ж, як і ў часы сацыялізму, дзяржаўная ідэалогія грунтуецца вакол тэмы Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, а эканоміка захавала індустрыяльны лад, заснаваны на прамысловых флагманах савецкай эпохі.

Але ў той жа час, 20-гадовы шлях суверэннай Беларусі — гэта не толькі кансервацыя мінулага, але і ўласныя высокія дасягненні ў эканоміцы, культуры, палітыцы, што адкрываюць свету ўнікальны твар незалежнай беларускай дзяржавы. Напрыклад, згодна з міжнароднымі рэйтынгамі Мінск стаў уваходзіць у топ-лісты гарадоў свету, дзе жывуць найбольш кваліфікаваныя праграмісты, у Беларусі створаны і працуе адмысловы ІT-кластар, прыбыткі якога ў апошнія гады большыя за прыбыткі ад машынабудавання. Дзеля аб’ектыўнасці разгледзім іншы момант: як вяжацца з вобразам «камуністычнай Беларусі» той факт, што ў нашай краіне зарэгістрвавана больш за 800 тысяч індывідуальных прадпрымальнікаў, з якіх каля 300 тысяч вядуць актыўную дзейнасць? У такім выпадку больш правільным будзе параўноўваць Беларусь не з былым СССР, а з КНР, дзе да сацыялістычнай асновы былі дададзены элементы капіталістычнай эканомікі. Дарэчы, асобныя даследчыкі лічаць, што менавіта падобным да сучаснай беларускай мадэлі выглядаў бы Савецкі Саюз, калі б заўчасна не памёр, а паспяхова рэалізаваў свой план рэформаў генсек Юрый Андропаў.

Такой жа цікавай з пункту гледжання параўнання бачыцца і знешнепалітычная місія Беларусі ў свеце: наша краіна не мае місіянерскіх комплексаў і не займаецца экспартам ідэалогій, пры гэтым, нягледзячы на некаторыя супярэчнасці з Захадам, Мінск не займаецца самаізаляцыяй і не стварае праблем глабальнай бяспецы; наадварот, менавіта беларуская сталіца з’яўляецца ўнікальнай перамоўнай пляцоўкай, дзе міжнародныя эксперты шукаюць мірнае вырашэнне шэрагу лакальных канфліктаў.

Такім чынам, відавочна, што, грунтуючыся на савецкай спадчыне, сучасная беларуская дзяржава імкнецца адпавядаць рэаліям XXІ стагоддзя. Здаецца, што беларусы, замест здзеку над уласнай гісторыяй, дэмантажу помнікаў і звяржэння былых герояў, выбралі іншы курс — шлях асэнсаванага аналізу і спалучэння каштоўнасцяў.

Шчырая палітыка

Узяўшы з савецкага часу лепшае, беларускае кіраўніцтва стараецца пазбавіцца ад горшага, бо менавіта тыя горшыя рысы сталі ўнутраным фактарам разбурэння СССР. Адной з найбольш прыкрых з’яў савецкай рэчаіснасці было замоўчванне праблемных пытанняў, спроба пазбавіць грамадства праўдзівай інфармацыі, абмежаваць удзел людзей у дзяржаўным жыцці. Фактычна такі падыход супярэчыў самой ідэі Саветаў, што была паднята на сцяг Кастрычніцкай рэвалюцыі, і прывёў да таго, што дыктатура пралетарыяту абярнулася ўзурпацыяй улады з боку партыйнай наменклатуры.

Відаць, што Беларусь улічвае тыя памылкі: у краіне створаны моцныя механізмы кантролю выканаўчай улады, што вымушае чыноўнікаў аператыўна рэагаваць на звароты грамадзян, не ухіляцца ад вострых пытанняў і дыскусіі. Прыклад у такім кірунку падае і сам Прэзідэнт. Скажам, у аўторак, 4 жніўня, адбылася гутарка кіраўніка Беларусі з прадстаўнікамі так званых «недзяржаўных» сродкаў масавай інфармацыі, і, на думку многіх аналітыкаў, гэтая сустрэча прайшла вельмі ўдала. Цікава, што напярэдадні шмат якія службовыя асобы спрабавалі пераканаць Аляксандра Лукашэнку ў немэтазгоднасці такой размовы, бо фактычна «недзяржаўнымі» ды «беларускімі» тыя СМІ з’яўляюцца толькі на словах: тая ж беларуская рэдакцыя радыё «Свабода» амаль на 100% фінансуецца з бюджэту ЗША.

Між тым зразумела, што, пагаджаючыся на інтэрв’ю для не самай лаяльнай аўдыторыі, Аляксандр Лукашэнка прадэманстраваў грамадству: у Беларусі няма закрытых тэм, улада не стане замоўчваць існуючыя праблемы і гатова да іх канструктыўнага абмеркавання. Адначасова Прэзідэнт даў зразумець, што дыскусія не ператворыцца ў чарговую «перабудову», а разбурыць дасягнутае за гады незалежнасці пад выглядам «рэформаў», чаго так чакаюць асобныя сілы па-за межамі нашай краіны, не атрымаецца.

Cуверэнная дзяржава адбылася

Прэзідэнт удала адказаў на пытанні трох журналістаў, што тычыліся нацыянальнай бяспекі, эканомікі, ідэалогіі, знешняй палітыкі і культуры. Гэтае інтэрв’ю Аляксандра Лукашэнкі пакінула вельмі шмат глебы для аналізу і разважанняў, а памеры аднаго газетнага артыкула наўрад ці дазволяць разгледзець кожную праблему паасобку. Адзінае, што трэба падкрэсліць асобна: Беларусь як краіна за апошнія 20 гадоў адназначна адбылася. Наша дзяржава мае ўласную палітычную традыцыю, знешнепалітычную міссію, эканамічны лад і па факце, нягледзячы на некаторыя праблемы, з’яўляецца паспяховай еўрапейскай краінай.

Вяртаючыся да часоў СССР, неабходна ўспомніць, што ўсе 15 былых савецкіх рэспублік фактычна стартавалі з аднолькавых пазіцый. У некага стартавыя магчымасці, вядома, былі большыя (за кошт рэсурсаў, як у Азербайджана, ці за кошт канцэнтрацыі прамысловаці, як ва Украіне), у некага меншыя, аднак у вольнае плаванне маладыя суверэнныя чаўны выйшлі адначасова. Па выніках гэтага плавання толькі Беларусь ды краіны Балтыі былі пазбаўлены ліха грамадзянскай вайны, рэвалюцый, канфліктаў з суседзямі.

Крытыкі з ліберальнага лагера прадказальна папракнуць, маўляў, зноў наперад выстаўляецца нібыта «заезджаная» каштоўнасць «стабільнасці», але няхай тыя крытыкі раскажуць пра недахопы стабільнага жыцця 140 тысячам бежанцаў з Украіны, што знайшлі прытулак і працу на беларускай зямлі! Безумоўна, стабільнасць, закон і парадак — гэта найпершыя ўмовы для развіцця эканомікі і паляпшэння дабрабыту грамадзян. Але пра эканоміку і дабрабыт мы пагаворым наступным разам…

Аляксандр ШПАКОЎСКІ

Тэгi:

Пакіньце свой каментарый