Як табе, Яська, жывецца з Янінай?

08.04.2015 00:48каментарыяў: 1Прагледжана: 139

Мне лепш не слухаць на людзях сапраўдныя беларускія песні. Дужа шчымліва на сэрцы робіцца, на вачах слёзы наварочваюцца так, што не ведаеш, куды схавацца ад сораму. Дык і прамаўляеш у думках: «Я ж не такі ўжо й слабы, бываю сярдзітым, злуюся аж да закіпання мужчынскага гарту, аж да дрыжыкаў… Можа, калі слухаю родныя песні, падсвядома адчуваю сябе самотным, вось і разбірае жальба па магчымай адбыцца страце рознагалосся блізкіх сэрцу людзей…»

І толькі адна песня з народных не выклікае ў мяне гэтага ўжо даволі звыклага самотнага пачуцця — «Касіў Ясь канюшыну».

* * *

Калі я чую, як яе спяваюць «Песняры», дык розныя думкі пачынаюць раіцца ў галаве. Напрыклад, я думаю, які гожы касец быў Яська! Па ўсім відаць, ён разумеў, што шырокага развароту і дужасці ў руках для плённай касьбы куды як мала. Найперш трэба мець спрытную касу: добра адладжаную, лоўка, пад дакладным вуглом насаджаную на касавільна, са старанна пакляпаным — і каб аніводнай лопаўкі! — палатном, а ў дадатак яшчэ і як след памянташаным — да сонечнай іскрыстасці, калі кропля расы звініць на лязе, як на павуцінцы…

Я добра помню, як мой татулька, які падчас калгаснай касавіцы выкошваў штодзень па сорак, пяцьдзясят, а то і шэсцьдзясят сотак, кляпаў ці, як у нас казалі, «біў» касу. Садзіўся на зэдлік у цяньку, пад кустом бэзу, прыстаўляў да сябе калодку з бабкай і пачынаў звыклую дзею. А з суседскіх панадворкаў абзываліся малаткі іншых мужчын, і ўсчыналіся перазовы, не раўнуючы як тыя, што ладзяць на світанні вясковыя пеўні…

А хто біў коску Яську, я не ведаю. Але думаю, што бацька ці дзед. Няўрымслівым, маладзёнам цяжка ўседзець на бацькавым зэдліку, дык і падхопліваюць зухі з шастка якую добра наведзеную старэйшымі касу.

А тое, што ў Яські яна была, як брытва, сведчаць і «Песняры» ў сваім музычным рэфрэне. Чулі ж: узмах — свісь, яшчэ — зноў свісь… Добрая каса сама «прыліпае» да зямлі і брые канюшыну пад самыя карэньчыкі. Калі маеш спрыт, дык вадзіць такой коскай па лузе — усё адно што вось гэтым алоўкам па аркушы паперы. Дык зусім не дзіўна, што Ясь мог не цалкам засяроджваць сваю ўвагу на касьбе, але і раз-пораз адводзіць позірк ад пракоса — каб агледзець наваколле, зірнуць мімаходзь на неба ну і, натуральна, не прапусціць якой «спаднічкі». Пра гэта трэба было б сказаць найперш, бо Яська меў той узрост, калі гармоны ўзрушваюць кроў, не раўнуючы як бурбалачкі газу шыпучае віно. Нават такая цяжкая работа, як касьба, не можа выбіць з галавы хмель маладосці.

Гэта ж трэба так мальцу давесці сябе звабнымі мроямі, што гатовы не піці й не есці, толькі б жоначку меці! А як ён пранікнёна маці просіць: «Люба мамка мая, ажані ж ты мяне!» (Любыя мамкі пра такія выпадкі звычайна кажуць: «Хай Бог крые, каб я сыну жонку выбірала. Парадзіш каторую, а яна няўдаліцай акажацца… Сынок усё жыццё крыўдаваць будзе.)

Такога правіла нібыта прытрымлівалася і Ясева маці. Яна ж разам з людзьмі прапанавала хлопцу выбар: Станіслава або Яніна. Але, думаю, Станіслава пры гэтым стала закладніцай простага народнага рыфмавання і, можна сказаць, адразу апынулася па-за «конкурсам». А шкада. Бо калі Стася і была ў меру мажная, дык і няхай сабе: мы ж, беларусы, любім, каб усяго было многа. Як, напрыклад, у ежы і пітве. Калі квашаная капустка на сябрынным стале, дык гарой, шкварка — на паўдалані, чарка — гранёная… Мы ж не англічане якія, каб мець за ўзорныя прыкметы жаночай прыгажосці падлеткавую вуглаватасць і такую танклявасць, ад якой хада робіцца хісткай. А яны — няхай сабе. Вунь у 1960-х гадах славутай подыумнай дзівай у іх стала Лэслі Хорнбі, якая ў адпаведнасці са сваёй постаццю займела псеўданім Твігі — чарацінка… Хіба беларуса завабіць такая, даруйце мне, мілыя «дыетычныя» жанчыны, самаходная вешалка?..

Паўнаватая дзяўчына звычайна мяккая характарам, спагадлівая і добразычлівая, ласкавая, лагодная і млявая, як вечаровая рака. Да такой ласачкі лацвей прытуліць не толькі голаў, але і свой лёс.

Жанчыны становіцца замнога толькі тады, калі яе натура пачынае выяўляцца ў кожным куточку хаты, да краёў запаўняе ўсю прастору твайго жыцця, а яе голас робіцца настолькі жыццевызначальным, што ад яго гучання пачынае нават расада на падваконні хутчэй расці…

Але магло так здарыцца, думаецца мне, што Яніны на самой справе стала куды больш, чым Станіславы. Але гэта ўжо высветлілася потым і, напэўна (у адрозненне ад сына), ні на кропельку не засмуціла Ясеву маці, а можа, нават і ўсцешыла. Яна ж звяртала ўвагу не на вабноты Яніны, а на яе працавітасць: яшчэ адны спрытныя ручкі — не абы-якая падмога ў гаспадарцы… Работніцы і павінна быць «многа». А што там у Яські на душы? Нічога, жывы будзе!

А між тым, у многім дзякуючы жоначцы, Яська з цягам часу дазнаецца, што жанчыны такога кшталту не менш, а можа, нават больш славалюбныя і амбітныя, чым мужчыны. Ён здзівіцца гэтай выснове як нечаканаму адкрыццю і засмуціцца, што яно адбылося так запознена. А мог бы і раней звярнуць увагу на тое, што для Яні важны не толькі матэрыяльны здабытак, але і першынство, і што жоначка спаборнічае не толькі з таварышкамі па працы, але і з ім. Можна ўявіць сабе такую сцэнку: як толькі атрымае Яська якую ганаровую грамату — найлепшы ж касец у акрузе! — дык Яня, замест таго, каб павіншаваць, моўчкі скоса пазірае на яго ды яшчэ больш занурваецца ў работу. У яе ж усё ў руках гарыць! Глядзіш — зноўку першая і на жніве, і на рванні ды абіванні льну… На ўрачыстым сходзе па выніках года і ёй ганаровую грамату ўручаюць, якую потым ударніца прыклейвае на сцяну побач з мужавай. І тады, як птушачка, шчабеча ў хаце… А калі папросіць Яська падаць нож ці сальнічку, Яня штораз адказвае: «Зараз, адну хвіліначку…», — хоць нічым і не занятая. А каб тут жа падала — аніколі. І гэта нездарма. Яня больш нават сабе, чым мужу, такімі паводзінамі даказвае: я яму не паслугачка якая, сам не пан, няхай крутнецца на адной назе… Хоць праз «хвіліначку», якая доўжыцца даволі доўга, просьбу ўсё ж выконвае.

А вось просьбы Яні гучаць штораз, як загады. Толькі прыляжа змораны на касьбе хлопец, як жонка, бразгаючы даёнкай, сваім гучным голасам: «Ну чаго разлёгся! Замарыўся ён… А я не замарылася?! Ідзі Красуні які ахапак дзятліны на падкормку адкасі!» І паслухмяны Яська зноў бярэцца за касу. А інакш — сварка на цэлы вечар.

Але гэта дробязі. Куды цяжэй ажыццяўляць больш буйныя задачы і праекты, якія зноў і зноў агучвае Яніна: то ёй тэрмінова дах уздумаецца перакрыць, каб свяціўся на сонцы, як у суседзяў, то яшчэ адзін хлявочак зрубіць для парасятак, то альтаначку ў садзе змайстраваць, хоць і ведае, што сядзець у ёй ніколі не будзе — няма калі за работай. Абы муж быў заняты і на яе вачах.

Тым часам Яська зноў і зноў чуе ад людзей пра Стасю: пра тое, што ў яе характар — золата, яна і жартаўлівая, і рука ў яе лёгкая… А ўжо гасцінная, а гатуе як смачна — язык праглынеш… Яська маўчыць, але маўчаннем хіба прытоіш сваю замаркочанасць?..

Вось такія думкі-прыдумкі раяцца ў маёй галаве, калі я слухаю вядомую песню. І аніякай табе чуллівасці і душэўнага трымцення…

Мае сябры ўжо агучылі свае думкі пра гэтыя разважанні: «Ты, мусіць, натхніўся на іх дзякуючы сваёй Яніне», — сказалі, маючы на ўвазе маю жонку. «Ну што вы, кіньце, анічога асабістага, — адказаў я. — Хіба вы не ведаеце маю Яню — яе ж, ласкавую, хоць да раны прыкладвай! А якія дзяронікі з часначком для вас смажыць, калі на госці прыязджаеце! А цяпер, калі мы набылі электрычную скараварку, і бабка са скварачкамі будзе!» А сам, прытаіўшы ўсмешку, падумаў сабе: «Але ж мая жонка таксама працавітая без меры, усё ў руках гарыць…»

Сяргей Рублеўскі

 

Тэгi:

каментарыяў: 1

  • Як мне ўсё гэта блізка! І перажытае, і акурат такая ж руплівіца жонка мая, якой ніколі не замнога, акурат ва ўсім. Быццам з языка зняў, Сяргей. Ухваляюю
    Аркадзь Жураўлёў.

Пакіньце свой каментарый