Аплата без лішніх праблем

22.10.2014 08:37каментарыяў: 0Прагледжана: 342

У Мінску новыя тэхналогіі пачалі ў апошні час імкліва пранікаць у транспартную сферу. Звычайныя зараз электронныя кампосцеры і валідатары яшчэ год таму здаваліся нейкім дзівоцтвам. А на мінулым тыдні прыйшла даволі цікавая навіна: у будучым годзе ў сталічным грамадскім транспарце з’явіцца магчымасць дыферэнцаванай аплаты за праезд.

Аднак пакуль яшчэ не вырашана, ад чаго яна будзе залежаць – ад часу або ад адлегласці. З аднаго боку, гэта вялікі крок наперад. Насамрэч, зараз многія пасажыры незадаволены тым, што тарыф для ўсіх аднолькавы. Няважна, колькі ж прыпынкаў або часу ты едзеш у адным і тым жа тралейбусе – два ці дваццаць два, пяць хвілін або гадзіну. А калі зірнуць з іншага боку?

Аплата праезду па кіламетражы хавае ў сабе падводныя камяні. Па-першае, гістарычна склалася так, што некаторыя сталічныя маршруты пракладзены не па найкарацейшым шляху. Выпраміць іх немагчыма па розных прычынах. Напрыклад, ці можаце вы сабе ўявіць трамвай на праспекце Незалежнасці? А зараз ён едзе ў абыход праспекта да чыгуначнага вакзала, даючы пры гэтым круг. Метро ж пад галоўнай вуліцай Мнска пракладзена напрамую. Ці захочуць пасажыры на роўным месцы плаціць больш?

Па-другое, калі ж чаша выбару схіліцца ўсё-такі ў бок кіламетражу, то давядзецца за некалькі месяцаў ці нават паўгода да ўвядзення сістэмы запускаць у грамадскім транспарце і па тэлебачанні шматлікія інфармацыйныя ролікі, мэтай якіх будзе нагадваць аб тым, што картку патрэбна прыкладваць не толькі пры ўваходзе, але і пры выхадзе.  Калі ўвесну дыферэнцаваная аплата толькі запрацавала, я прыкладна з месяц бачыў, як кантралёры пры праверцы аплаты праезду папярэджвалі людзей аб тым, што цяпер картку трэба ў абавязковым парадку прыкладваць да валідатара. Бо толькі тады праезд будзе лічыцца аплачаным.

Аднак пры выхадзе аб тым, што картку трэба прыкласці яшчэ раз, кантралёр ужо не нагадае! І калі на гэта забыцца, пакінуць салон і ісці далей па сваіх справах, то сістэма цалкам справядліва будзе лічыць, што вы працягваеце ехаць далей па ранейшым маршруце, хоць вас там ужо няма. З карткі жа будуць спісвацца грошы ажно да канцавога прыпынку, на якім кіроўца павінен абнуліць сістэму. Добра яшчэ, калі да яго засталося зусім нічога. А калі аўтобусу ці тралейбусу яшчэ ехаць праз увесь горад, ды яшчэ і зігзагамі?

Не ўсё так проста і з аплатай па часе. Вельмі правільна заўважыў дырэктар ДУ «Сталічны транспарт і сувязь» Валерый Шкуратаў: «Але аўтобус ці тралейбус можа патрапіць, скажам, у затор. Мы ацэнім, як такія затрымкі могуць паўплываць на кошт праезду».

Але валідатары ў сталічным транспарце мала перанастроіць на новую сістэму тарыфаў. Трэба яшчэ і прадумаць магчымасць зручнага адсочвання балансу на праязным. Напрыклад, вы карыстаецеся банкаўскай пластыкавай карткай. І праверыць, колькі ж грошай засталося ў вас на рахунку, вы можаце ў любы час — напрыклад, у інфакіёску або банкамаце. А як гэта зрабіць з праязным білетам?

Намеснік генеральнага дырэктар па эканоміцы ДП «Мінсктранс» Ірына Якубоўская зазначыла раней, што ўстанаўліваць тэрміналы, праз якія можна будзе папоўніць рахунак праязнога білета, будуць у кіёсках «Белсаюздрука» і што ў Мінску іх будзе больш за 200, аднак дакладны час устаноўкі пакуль невядомыя.

Таму спадзяёмся, што максімальна кампрамісны і зручны варыянт усё ж будзе знойдзены. І на гэтым можна было б скончыць, але…

…Калі ў Мінску праходзілі хакейныя баталіі чэмпіянату свету, на сайце «Мінсктранса» працавала віртуальнае табло. Сутнасць яго была ў тым, каб сачыць у рэжыме бягучага часу за сталічным наземным грамадскім транспартам. Да таго ж сэрвіс даваў магчымасць маніторыць анлайн месцазнаходжанне машын на пэўным маршруце. Усё, што было патрэбна для карыстання віртуальным табло, — смартфон, які каштуе прыкладна 80-150 долараў у эквіваленце. Хоць гэты сэрвіс адпрацаваў прыблізна месяц, карысць яго паспеў ацаніць на сабе двойчы. У першы раз дзякуючы віртуальнаму табло не загруз пасярэдзіне маршруту ў трамваі, а аб’ехаў праблемны ўчастак на метро. Як вынік, своечасова паспеў на прэс-канферэнцыю. У другі — аб’ехаў зноў жа па паралельнай вуліцы на аўтобусе амаль кіламетровы затор ля плошчы Бангалор.

Аднак пасля чэмпіянату свету па хакеі віртуальнае табло, на жаль, было адключана. Па сцвярджэнні транспартнікаў, часова, паколькі патрабавала дапрацоўкі. Што ж, застаецца спадзявацца, што яно ўсё-такі запрацуе нанова…

Валяр’ян ШКЛЕННІК

Пакіньце свой каментарый