…Уся ў ранах скразных Беларусь

02.10.2013 00:37каментарыяў: 32Прагледжана: 10451

Атнер Хузангай — вядомая асоба ў культуры, літаратуры Чувашыі. Сын класіка нацыянальнай літаратуры паэта Педэра Хузангая. Кандыдат філалагічных навук. Загадчык аддзела мовазнаўства ў Чувашскім інстытуце гуманітарных навук. Пра ролю нацыянальнай літаратуры ў сусветнай прасторы, беларуска-чувашскія літаратурныя стасункі і ідзе гаворка ў размове з чувашскім сябрам Беларусі.

1380663459217_2-34

— Ці можна сцвярджаць, што паміж беларускай і чувашскай літаратурамі ў ранейшыя гады існавалі трывалыя сувязі?

— Беларуска-чувашскія літаратурныя стасункі маюць сваю гісторыю, хоць яна і не дужа багатая. Ужо ў 30-ыя гады ХХ стагоддзя з’явіліся ў нашым друку пераклады з Якуба Коласа і Янкі Купалы. Пэўны стымул да нараджэння інтарэсу да беларускай літаратуры узнік, калі ў Вялікую Айчынную класік беларускага прыгожага пісьменства Янка Купала некаторы час жыў у Чабаксарах. Паэт сябраваў з народнымі пісьменнікамі Чувашыі Мікалаем Шэлебі і Сямёнам Эльгерам. Таварыскія, асабістыя адносіны якраз і спрыялі пашырэнню перакладчыцкай работы. Дружба Купалы, Шэлебі і Эльгера знайшла адлюстраванне ў вершы Ст. Шаўлы «Тры волаты», ва ўспамінах Эльгера, вершы П. Хузангая і творах іншых чувашскіх пісьменнікаў.

Незаўважанай у Чувашыі не засталася і наступная праява літаратурнага пабрацімства. У 1936 годзе наша рэспубліка шырока святкавала 55-годдзе Мікалая Шэлебі. Урачыстасці насілі усесаюзны, нават міжнародны характар. Шэлебі атрымаў і віншаванні з Беларусі — ад Янкі Купалы і Якуба Коласа.

Якуб Колас, Янка Купала — з беларускіх аўтараў, каго найболей перакладалі на чувашскую мову. І перакладалі сапраўды выдатныя чувашскія паэты — Н. Шапусіні, А. Арцем’еў, П. Хузангай, Н. Сандраў, Г. Яфімаў, Ст. Шаўлы і інш. Узровень гэтых перакладаў дастаткова высокі. І ўсё ж хацелася б, каб зробленае было прааналізавана і літаратуразнаўцамі. Мала ведаць самі факты, трэба пайсці далей…

— А дзеля гэтага некаму трэба ведаць адразу дзве мовы — беларускую і чувашскую… Ці ёсць сярод чувашскіх літаратараў тыя, хто вызначыўся б асаблівым інтарэсам да беларускай літаратуры?

— Я ўсё ж спярша згадаю некаторыя факты, прыклады. У 1955 годзе ў нас быў надрукаваны зборнік «Беларускія апавяданні». Сярод аўтараў — Якуб Колас, Змітрок Бядуля, Янка Брыль, Кузьма Чорны і іншыя. 1957 год пазначаны выданнем кнігі Янкі Купалы «Мара». Але большасць перакладаў складаюць невялікія паэтычныя падборкі ці асобныя апавяданні ў часопісах і газетах. Перакладалі ў розныя гады і Максіма Танка, і Рыгора Барадуліна. На чувашскай мове была выдадзена аповесць Васіля Быкава «Абеліск» — у 1986 годзе. Перакладчык — Аляксандр Волкаў. Ды цяпер востра паўсталі праблемы з выданнем нацыянальнай літаратуры ўвогуле, перакладной у асаблівасці. Высокае мастацтва перакладу ў нас цяпер відавочна не ў пашане.

Але мне здаецца, што сапраўднага спасціжэння беларускага мастацкага слова і яго засваення на чувашскай глебе не адбылося. І гэта прытым, што ў нашых нацыянальных літаратурах існуе нямала падабенства, прыстунічаюць моманты ледзьве ці не аднолькавага светаўспрымання рэчаіснасці беларусамі і чувашамі. Праўда, «беларуская тэма» па-свойму ўзнікла ў чувашскіх паэтаў, якія ваявалі ў гады Вялікай Айчыннай вайны на беларускай зямлі. «А в сердце вставала/ И сердце сжигала/ Вся в ранах сквозных Беларусь…»

— Ведаю, што гэтыя радкі належаць Педэру Хузангаю…

— І напісаны яны ў 1943 годзе…

Як мне здаецца, у многім падобныя ў абодвух нашых народаў і культурна-моўныя сітуацыі. Тут мы маем шмат кропак судакранання. У свой час, здаецца, у 1988 годзе, пра трывожны стан нацыянальнай мовы ў Беларусі гаварыў Васіль Быкаў. Гэтае яго выступленне і цяпер перачытваю па кнізе «Весть», выдадзенай маскоўскай «Книжной палатой» у 1989 годзе. Пра будучыню чувашскай мовы, паступовую страту ёй вітальнасці з болем пісалі і чувашскія літаратары. Дарэчы, і сёння чувашская мова знаходзіцца не ў аптымальнай сітуацыі. Яе сацыяльныя функцыі звужаюцца, хаця яна і ўзаконена як другая дзяржаўная мова. Пагроза знікнення вісіць як дамоклаў меч.

Тады ж, напрыканцы 1980-х, у самы пік перабудовы нашы маладыя вельмі зацікавіліся маніфестам і акцыямі вашых «Тутэйшых». Яны былі блізкія нашым пасіянарыям сваім пафасам, шчырасцю, сугуччам духу таго часу («Мы хотим перемен…» — Віктар Цой).

Сёння я не магу асабліва вылучыць чувашскіх літаратараў, якія спецыяльна, мэтанакіравана праяўлялі ці праяўляюць цікавасць да беларускага слова. Апошнія па часе пераклады — з Алеся Разанава, Якуба Коласа, Янкі Купалы — належаць паэту Генадзю Юмарту. Размова пра публікацыі 1989, 1996 гадоў.

— У 1988 годзе ў Мінску «Мастацкая літаратура» выдала анталогію чувашскай паэзіі — «Песні волжскага краю», укладзеную Юрасём Свіркам…

— А ў 1985 годзе мы выдалі ў Чабаксарах вялікі том — 480 старонак! — з твораў беларускіх аўтараў пад назвай «Радзіма мая з жураўліным клічам» («Тарнасісе серэм-шывам»). Беларускі адказ Юрася Свіркі — «Песні волжскага краю» — стаў для Чувашыі выдатным падарункам. Кнігу ў нас заўважылі, яна займела шырокі розгалас. Лічу, што патрэбен працяг такой працы.

— Што вы ведаеце пра сённяшнюю беларускую літаратуру? Як вы лічыце, ці ёсць перспектывы развіцця чувашска-беларускіх літаратурных стасункаў?

— Не вельмі многа і ведаю… Прычына ў тым, што мы страцілі нейкі вялікі (трэба разумець: усесаюзны) кантэкст у рамках адной краіны. Ды і што казаць, рэальнасцю з’яўляецца зараз і адсутнасць агульнарасійскага кантэксту.

Супрацьстаяць гэтаму можна, на мой погляд, толькі адным шляхам. Патрэбны асабістыя кантакты. Праз дыялог асоб, узаемныя пераклады, прыватную дружбу («дружба народаў» — гэта ўсё ж нейкая абстракцыя) і будзе ўладкоўвацца мост ад душы да душы. Можна нават паралель правесці. Вось украінска-чувашскія літаратурныя сувязі з 50-х гадоў мінулага стагоддзя добра развіваліся менавіта ў разрэзе асабістага знаёмства, узаемнага творчага кантактавання. Напрыклад, Паўло Тычына, Максім Рыльскі — Педэр Хузангай, пазней і сёння: Станіслаў Рэп’ях, Браніслаў Сцепанюк — Юрый Семендэр, Валеры Тургай і інш.

Надзеі на перспектыву развіцця, вядома, застаюцца, але ж…

— А можа быць, уся гэтая руцінная праца па прадстаўленні нацыянальных літаратур — атавізм, спадчына тэндэнцыі «дружба народаў — дружба літаратур»… І па вялікім рахунку, важна, каб толькі свой народ ведаў нацыянальную літаратуру?..

— За апошнія 15-20 гадоў мы замкнуліся ў сваіх нацыянальных кватэрах, сталі наноў асэнсоўваць сваю гісторыю, карані і радаслоўную. Пэўна, такое адзіноцтва было і неабходна. Для выпрацоўкі новых арыенціраў у той духоўнай (ці, наадварот, бездухоўнай?!) прасторы, у якой мы аказаліся. Але гэты перыяд адгароджвання ад Свету павінен прайсці. І мы яшчэ адчуем сваё братэрства: беларускаму воку можа здацца небескарысным чувашскі прыжмур, як і чувашскі зрок можа афарбавацца і беларускімі сціплымі, някідкімі краскамі.

Гутарыў Хведар ЛАЗОЎСКІ.

Тэгi:

каментарыяў: 32

  • Алесь

    Нацыянальная літаратура не павінна варыцца ў сабе самой, бо гэта толькі замаруджвае яе развіццё. А значыць, мусіць шукаць шляхі да замежнага чытача. Маецца на ўвазе не абвязкова масавая літаратура, але і, напрыклад, тая ж інтэлектуальная,у якой не такі шырокі чытач, але яго можна знайсці ў любой краіне. Асабістыя кантакты, сяброўства — таксама варыянт, але важна, каб уласныя амбіцыі былі падмацаваныя ўласным талентам, бо перакласці і выдаць можна ўсё, у тым ліку, і тое, што нікому не патрэбна.

  • Вераніка

    Безумоўна, ранейшы савецкі вопыт міжлітаратурных зносін не вернеш. І справа прадстаўлення іншых літаратур, відавочна, трымаецца на энтузіястах.Але іх жа, на шчасце, нямала, і ў Беларусі!.. Часцей расказвайце пра такіх людзей! Не забывайцеся і на маладых перакладчыкаў! Каму, як не «Звяздзе», падтрымаць іх…

  • Марыя

    Вельмі прыемна адзначыць, што сярод нас існуюць заахвочаныя людзі, якія спрабуюць зрабіць канкрэтныя крокі ў развіцці літаратурных стасункаў паміж нашымі краінамі.
    Мне асабіста вельмі цікава было б пазнаёміцца з чувашскімі аўтарамі, іх творамі, іх жыццём больш грунтоўна. А такое магчыма толькі з развіццём якаснага высокага мастацкага перакладу.

  • максім

    Быў час, была эпоха… А дзе падзеліся перакладныя альманахі — «Далягляды», «Братэрства», «Ветразь»… Відаць, ужо не вернецца той час… І сапраўды, як наладзіць трывалы мост для літаратур розных народаў, для зносін пісьменнікаў?.. І, пэўна, трэба мець перакананне, навошта гэта зараз трэба…

  • Айнур

    Международные литературные связи всегда вызывают интерес. В данном интервью познавательной является информация о белорусско-чувашских литературных связях. Как видим, к одним из важных факторов развития литературных связей относится художественный перевод. Ознакомление с интервью подтверждает, что советский период можно назвать благодатным периодом в истории художественного перевода всех бывших советских республик. Объяснить это можно общественно-политическими причинами, а именно серьезным, на уровне правительства, вниманием к процессу художественного перевода.

  • Светлана

    Возведению моста от души к душе (как точно и образно говорит Атнер Хузангай) способствует художественное слово. О важности современных белорусско-чувашских литературных контактов в аспекте их становления и истории развития — интервью известного ученого, заведующего отделом языкознания Чувашского государственного института гуманитарных наук, члена СП А. Хузангая. Художественный перевод играет в этом сложном процессе особую роль. Наш общий духовный простор будет бедным без наших национальных литератур. И теперь нам устанавливать новые контакты и развивать прежние. Опубликованное на страницах «Звязды» интересное и содержательное интервью со знаковой личностью культуры, науки и литературы Чувашии заставляет о многом задуматься, чтобы сохранить и приумножить достигнутое нашими деятелями культуры и литературы и продолжить сотрудничество в новом формате. Об этом ведь тоже шла речь на международном круглом столе «Созвучие. Язык и литература в контексте историко-культурного наследия» в рамках Дней белорусской письменности в старинном Быхове. Перспективы развития наших литературных связей обнадеживают. И, как пишет Алесь Карлюкевич в Предисловии к книге «Не ведая границ: сборник произведений писателей Беларуси и Казахстана», «время идет вперед. Рождаются новые произведения. Художники слова заглядывают в прошлое, всматриваются в завтра с новых высот. И читателя … постсоветского пространства, всего русскоязычного мира ждут новые открытия». Мы нужны друг другу!

    • Вераніка

      Дзякуй, Святлана Віктараўна! Сёння і казахстанскі літаратурны свет блізкі Беларусі. Пра гэта сведчаць многія праекты таго ж Выдавецкага дома «Звязда». У прыватнасці, перакладзеная Міколам Мятліцкім кніга вершаў Абая «Стэпавы прастор». Хацелася б,к аб такіх паректаў, такіх кніг было шматкрат болей!..

  • Алимжан

    Эволюция всякой национальной литературы, имеющая в своей основе общие социально-исторические дискурсы, показывает глубинные процессы непрестанного взаимодействия с литературами других народов. Эту закономерность вполне отчетливо можно обнаружить в интервью известного ученого, заведующего отделом языкознания Чувашского государственного института гуманитарных наук, члена СП А. Хузангая о современных белорусско-чувашских литературных взаимосвязях в контексте единого общественного-культурного развития. Другая закономерность обусловлена многомерностью всеобъемлющих связей, взаимно обогащающих разные национальные культуры. Такие взаимоотношения и контакты, а также дальнейшее плодотворное изучение отдельных национальных литератур, несомненно способствуют расширению и углублению сотрудничества.

    • Вераніка

      Дзверы Беларусі адчынены для розных нацыянальных культур і літаратур. Мо гэта яшчэ і таму, што не так усё проста складваецца з пратсорай роднай мовы. З Беларусі погляд на малыя літаратуры спачувальны, сяброўскі… І не толькі на нацыянальную чувашскую літаратуру…

  • максім

    Інтэрнэт-пляцоўка — вось што трэба выкарыстоўваць для развіцця сувязяў у галіне літаратур, для прасоўвання нацыянальных ллітаратур у свет самы шырокі! У Беларусі, як мне падаецца, не так шырока і выкарыстоўваецца якраз для гэтых мэтаў Інтэрнэт…

    • Олег

      Хотелось, чтобы газета больше писала и о присутствии белорусской литературы в широком мире — в Европе и Америке. А чувашские переводы — это хорошо… Но двигаться в мир надо через английский, немецкий, испанский языки…

  • мікола

    Чытаю самыя розныя публікацыі перакладаў народаў постсавецкай прасторы. І, калі па шчырасці, не магу паверыць, што большасць з іх з’яўялецца адлюстраваннем тых працэсаў, што адбываюцца ў нацыяннальных літаратурах… Мне здаецца, што на справе ўсё шмат цікавей… Ці вы думаеце іначай?

  • Вераніка

    Стасункі з блізкімі па ранейшым часе і даволі знаёмымі літаратурамі — гэта добра. А вось дарога беларускай літаратуры ў іншыя, далёкія краіны… Ці не патрэбны для рэалізацыі гэтага пэўныя дзяржаўныя праграмы, большая руплівасць творчых саюзаў..?

  • Іван Міхалаў

    Хачу падтрымаць Вераніку: вельмі слушная заўвага пра беларускую дітаратуру ў замежжы. Тут сапраўды патрэбна цэлая дзяржпраграма, накшталт працы з суайчыннікамі. Інакш наша літаратура, цікавая толькі самім сабе, развівацца не будзе. Нельга, каб мы былі нейкім ускрайкам літаратурнага жыцця.

  • Таццяна

    Не люблю настальгаваць, але я сапраўды крыху сумую па тым часе, калі літаратурныя журналы Расіі, Эстоніі і Латвіі былі для мяне падарункам, святам, вакном у літаратуру суседзей. Зараз, нягледзячы на намаганні невялікай купкі літаратараў, мы ўсе — пан нацыянальных кватэрах. А літаратура ад гэтага лепш не становіцца.

  • Рымма Іванаўна

    паважаная газета «Звязда»! Звяртаюся да журналістаў з просьбай: трэба як мага больш пісаць пра тое, што робіцца ў літаратурным свеце. Вы нават не здагадваецеся, як мы, вясковыя настаўнікі, раздрукоўваем нешта, знойдзенае больш маладымі калегамі ў інтернэце, нейкія пераклады з іншых моў, апавяданні свежай лаурэаткі Нобелеўскай. Хай бы ўсё гэта было у любімай газеце.

  • Лариса Раковская

    Мне цікава: а ці сёння дзе небудзь рыхтуюць перакладчыкаў? Бо столькі ж ціквай літаратуры ў свеце, чытаю па руску. А хацелася б на роднай мове, бо можа тады б і на вуліцы роднае слова гучала часцей?

  • Ніна Пятроўна Іванчык, Ліда

    Сапраўды, якія творчыя планы ў перакладчыкоў? Увогуле, ці ёсць яны сёння ў нас?

  • Станіслаў, Мінск

    У мяне ёсць прапанова: трэба часцей нашым паэтам сустракацца з калегамі з краін-суседак. Тыя ж латышы, літоўцы, палякі. Што там у іх літаратурным жыцці адбываецца? Мы ж нічога не ведаем!

  • Ася Румянова

    А вот мне интересно, как ИД «Звязда» съездили на ярмарку во Франкфурт, что возили и что привезли в страну

    • мікола

      На кірмашы у Франкфурце «Выдавецкі дом «Звязда» прадстаўляў кнігу Алены Брава «Дараванне» на трох мовах — беларускай, нямецкай і рускай.

      • Олег

        И я читаю Алену Браво. Но знают ли ее творчество в Европе? Вопрос, насколько я понимаю, риторический.

  • Паўліна Аранец, Бягомль

    Наколькі я зразумела, сёння не так проста надрукавацца ў «тоўстым» часопісе не толькі пачаткоўцу, але нават і вядомаму пісьменніку. Дык тады трэба больш актыўна выкарыстоўваць магчымасці сеціва — тут жа ж за друк, паперу і г.д. грошай ніхто не патрабуе. Дык і наперад. а мы будзем чытаць.

  • Алег, Іркуцк

    Для нас, беларусаў Расіі ўсё, што адбываецца ў Беларусі цікава і «блізка да сэрца». Але друкаваныя рэчы трэба каб хтосьці прывёз ці даслаў. Таму я згодны з палінай — больш увагі інтернэту.

  • игорь

    мне кажется, что в таких творческих проектах многое зависит именно от личностей. атнер хузангай такая личность

    • Вераніка

      атнер хузангай — яшчэ і вядомы ў чувашыі палітык, актыўна займаўся і займаецца сцвярджэннем нацыянальных прыярытэтаў у асветніцтве, духоўнай сферы. таму, відавочна, для яго ўвага да мастацкага перакладу — натуральны складнік жыцця.

      • мікола

        часцей расказвайце пра такіх асоб, як атнер хузангай, — менавіта дзякуючы ім ўмацоўваюцца прыярытэты нацыянальных літаратур. няхай сабе і літаратур невялікіх народаў.

        • Вераніка

          Дарэчы, многія персанажы, расказваючы пра якіх, можна было б і звярнуць увагу на міжнародную вядомасць беларускай літаратуры, удзельнічалі ў кніжнай выстаўцы, што сёння завершыла сваю работу ў Мінску. Напішыце пра іх, пакажыце перакладчыкаў беларускай паэзіі і прозы.

  • Виттус Станьял,

    Как хорошо, что мы не потеряли друг друга! Интервью АТНЕРА ХУЗАНГАЯ о беорусско-чувашских связях на белорусском языке вселяет надежду на дальнейшие добрые дела наших народов. Виттус Станьял, Шубашкар

  • валерий

    Больше рассказывайте о литературах стран СНГ.

  • Вераніка

    Калі ўжо складваюцца партнёрскія адносіны ў беларускіх літаратараў з Чувашыяй, то ці заўважыць хтосьці юбілей Генадзя Айгі — легенды сусветнай паэзіі? Здаецца, на беларускую яго ўжо перакладаў Андрэй Хадановіч…

  • мікола

    У Выдавецкага дома «Звязда» ёсць інтэрнэт-старонка Созвучие. Ці будуць там змяшчацца пераклады з літаратур не толькі краін СНД?

Пакіньце свой каментарый