Аляксандр Васільеў: «Усе звар’яцелі на сексе»

14.09.2013 00:40каментарыяў: 7Прагледжана: 10665

Вядомы гісторык моды, аўтар больш як 30 кніг, дызайнер, «зорка» тэлебачання, калекцыянер Аляксандр Васільеў вынес Віцебску «модны прысуд»: прачытаў лекцыю пра моду. Падчас нашай размовы Аляксандр Аляксандравіч быў у гуморы. Жартаваў. Адзначыў, што яго вельмі цёпла прымаюць. Аўтара гэтых радкоў навучыў планаваць рабочы час і… назваў коцікам.

1379108401321_14-14

— Каго з беларускіх дызайнераў вы ведаеце?
— Ведаю тых, хто ўжо працуе не ў Беларусі. Некаторыя з іх дасягнулі вялікага поспеху. Напрыклад, Ігар Чапурын вучыўся ў Віцебску. Уладзімір Зубец родам з Глуска. Знаёмы мне яшчэ адзін беларускі дызайнер — Вольга, але прозвішча яе не ведаю. Яна працуе ў Парыжы. У яе вялікі дом моды, заснаваны князем Феліксам і княгіняй Ірынай Юсупавымі ў 1920-я гады. Яна — былая манекеншчыца з маленькага беларускага гарадка. Выйшла замуж за багатага банкіра…

— Якую ацэнку вы дасце беларускай модзе?
— Беларуская мода вельмі імкнецца да прыроды: у вас любяць лён, трыкатаж і саломку.

А гэта дрэнна. Экалагічна чыстая мода была папулярная на пачатку 1990-х, але з тых часоў сплыло шмат вады. Мода не можа стаяць на месцы. Магу памыляцца, аднак у беларускай модзе пануе прыродны стыль. Можа быць, гэта — барацьба з глабалізацыяй?

Ведаю, у вас шмат трыкатажу і лёну, і гэта недарагое адзенне. Іншай рэпутацыі няма. Я за недарагое і якаснае адзенне.

— Ці хочацца вам прайсціся па крамах Віцебска, дзе прадаюцца адзенне і абутак?
— Не. Максімум — паабедаць, адказаць яшчэ журналістам. Ні ў адным горадзе не хаджу па такіх крамах. Мне гэта нецікава зусім. Вось у вашых антыкварных крамах мне спадабалася. Я сёння быў у трох антыкварных крамах і купіў рэчы для маёй калекцыі.

«Што здавалася безгустоўным стагоддзе таму, цяпер лічыцца шэдэўрам»

— Распродаж адзення — гэта добра?
— Я з задавальненнем купляю рэчы па зніжаных цэнах у горадзе, дзе знаходжуся, калі знайду мужчынскае адзенне маіх памераў.

— А ў Маскве купляеце нешта?
— Ніколі нічога не набываў. Там усё каштуе ў 3 разы даражэй, чым у Парыжы. Я не настолькі багаты чалавек, каб выкідаць грошы ў фортку.

— Якія так званыя «блышыныя» рынкі лепшыя ў Еўропе?
— У Парыжы і Лондане, у Венецыі, Бруселі, калі ведаеш месцы.

— Самае «забойнае» спалучэнне адзення?
— Няма такога. Мода вельмі легкадумная і так часта змяняецца. І тое, што здавалася безгустоўным і «забойным» у мінулым стагоддзі, зараз лічыцца шэдэўрам стылю. Гэтак жа і ў будучыні, калі наступіць ХХІІ стагоддзе, усе будуць здзіўляцца: Божа мой, як яны сціпла апраналіся ў мінулым стагоддзі!

— У наш час жанчына можа быць моднай, калі носіць капялюшык?
— Капялюшыка не павінна быць ніколі. Капялюшыкі памерлі ў 1968-м пры руху хіпі. Гэта было даўно. Які капялюшык?

— Абутак адыгрывае вялікую ролю ў стварэнні жаночага вобраза?
— Так, але выбар абутку залежыць ад таго, якая прафесія ў жанчыны, які ўзрост, як яна хоча сябе прадставіць: ці хоча яна быць на вышыні (носіць абцасы), або не. Абутак важны — як касметыка, парфума, прычоска… Нельга сказаць, як павінна выглядаць модная жанчына. Усё глыбока індывідуальна і прывязана да стылю кожнай жанчыны.

— І мужчыны?
— Безумоўна, як і дзіцяці.

— У Беларусі апошнія некалькі гадоў вельмі шмат пішуць і гавораць пра тое, ці неабходна школьная форма…
— Якой форма павінна быць, не ведаю. Калі яна рэкамендавана, калі дзіця вучыцца ў дзяржаўнай навучальнай установе, думаю, гэта нядрэнна. Але ж школы бываюць розныя: ёсць і гімназіі, прыватныя навучальныя ўстановы. І прымусіць усіх хадзіць у адной форме немагчыма. Як і ў Еўропе, ёсць, напрыклад, ліцэі, дзе ніякай формы няма.
Форма мусіць хаваць нейкія класавыя расслаенні. Можа быць, у Беларусі гэта не так і відаць, але ж ёсць багатыя і бедныя. І, безумоўна, крыўдна, калі адна дзяўчынка ўвесь час у школу прыходзіць у «брэндах», а другая не можа сабе гэтага дазволіць. Школьная форма дапаможа гэта нівеляваць.

Я насіў у дзяцінстве школьную форму, але яе ненавідзеў. Лічыў, што горш прыдумаць было немагчыма: шэры хлапчуковы касцюм і дзявоцкі набор: карычневыя сукенкі з фартушкам чорным і белым (на свяце) — гэта быў жах.

— Што робіць дзяўчат вульгарнымі, якая мяжа паміж сексуальнасцю і вульгарнасцю?
— Баюся адказваць на гэтае пытанне… Не рызыкну. Цела стала значна важнейшым, чым адзенне: купляюць параўнальна танную вопратку і трацяць грошы на фітнес… А ўсё таму, што ўсе звар’яцелі на сексе, усе хочуць як мага больш, часцей, калі можна, кожны дзень. Таму ўсе хочуць уразіць прыгажосцю свайго цела, вечнай маладосцю. Вельмі многія дзяўчаты і, радзей, юнакі хочуць у «канкурэнтнай барацьбе» быць у поўным узбраенні…

«Калі няма плана, вы нічога ў жыцці не паспееце»

— У вас такі насычаны рабочы графік. Як вытрымліваеце? Чытаў, не ўжываеце спіртное.
— Як і наркотыкі.

— Гэта само сабой…
— Для мяне гэта, як вы кажаце, само сабой, а для кагосьці — не. Ведаю шмат спевакоў і не толькі, якія злоўжываюць такімі рэчамі.

Каб заўсёды паспяваць, магу параіць абзавесціся штодзённікам з раскладам. У кагосьці ён на мабільным тэлефоне, на камп’ютары, а ў мяне ён проста ў кніжачцы. Там я пішу, у якія дні а якой гадзіне што я павінен зрабіць. Зараз у мяне занятыя ўсе дні да 15 студзеня. Гэта не так шмат, паверце мне. Многія мне кажуць: як гэта да 15 студзеня ён ведае, дзе абедае, вячэрае, што робіць?.. Для параўнання: я сябраваў блізка з Растраповічам, дык у яго было на 3 гады наперад усё распісана.

Калі мне кажуць: а ці не маглі б вы да нас прыехаць у Казахстан 10 кастрычніка, у нас будзе свята. Вядома, мог бы, калі б загадзя сказалі. Але сёння, у сярэдзіне верасня, на 10 кастрычніка планаваць ніяк не магу. Я імкнуся быць дысцыплінаваным, не дазваляю сабе абы-якіх вечарынак. Што значыць «сёння гульнём»? Як, калі ў мяне цягнік ноччу або самалёт а 6-й гадзіне раніцы?

Вось сёння прыехаў у Оршу а першай ночы з Літвы. 1,5 гадзіны язды да Віцебска. Прывезлі сюды, паклалі спаць у 3 ночы ў гатэлі «Эрыдан».

А 8-й гадзіне прачнуўся, прыняў ванну. Гэта задавальненне для мяне, таму што звычайна прымаю душ. Да 9 гадзін мог належаць сабе. Можаце сабе ўявіць? Я праваляўся ў ложку, пагаліўся, правёў усю неабходную тэрапію з тварам: зрабіў усе аднаўленчыя працэсы, каб быць маладым і прыгожым. Таксама немалаважна.

Гадзін па 5-6 сплю. Магу спаць у любым месцы і ў любым становішчы: у самалёце, машыне — без праблем. Бо я даю сабе загад. Калі не засну, магу падрамаць, як кот: ён вушамі чуе, вачыма бачыць, але адчувае ўсё…

Калі ў вас няма плана, тады вы нічога ў жыцці не паспееце. Калі знаёмы прапаноўвае вам, напрыклад, сустрэцца: «Выйдзем на сувязь напрыканцы тыдня, а потым вырашым…» Так рабіць нельга. Вырашайце адразу і запісвайце час і месца сустрэчы — вось так рабіце. Стаўце мэту і выконвайце, тады ўсё паспееце…

— Мо ёсць універсальны рэцэпт, як быць прыгожым і модным?
— Ёсць універсальны сродак — гігіена! Людзі павінны рэгулярна хадзіць у душ або прымаць ванну, мыць галаву. Таму што зліплыя валасы — не самы прыгожы варыянт…
Трэба сачыць за станам зубоў абавязкова. Карыстацца парфумай, таму што непрыемныя пахі трэба перабіваць, мы ж жывёлы. А далей усё — па ўласным жаданні.

— Вы глядзіце на мяне, як на праграме «Модны прысуд»…
— Так. Ці згодны?

— Згодны!

Задаволены? Скажыце «мяў!»

— Што вам дае ўдзел у перадачах «Модны прысуд»?
— Задавальненне, вядомасць, грошы — ужо нямала! Стымул, каб зрабіць жанчын лепшымі. Зразумейце, што праграмы робяцца не дзеля таго, каб індывідуальна аказаць дапамогу нейкай жанчыне. Я думаю, што праграма — глабальная дапамога мільёнам людзей у выхаванні добрага стылю …

— Ці часта напрыканцы праграмы яе галоўныя гераіні бывалі не задаволены?
— Рэдка. Калі не памыляюся, толькі двойчы жанчыны адмаўляліся прызнаць, што ім выбралі з адзення тое, што трэба. Такія скандалісткі былі. Казалі, што нічога ім не падабаецца, а ў чым яны прыйшлі, тое значна лепшае! Навошта тады было прыходзіць? Я думаю, што гэтыя жанчыны паводзілі сябе такім чынам з-за ўласцівасці характару. Былі ўпэўнены, што ўсё ў іх у норме…

— Вы часты госць у Беларусі, напэўна, і таму яшчэ, што тут нарадзілася ваша мама.
— Мяне ўвесь час запрашаюць у Беларусь. У мінскі мастацкі музей, Нясвіжскі замак, а таксама Мірскі, Гродзенскі замкі… І часта просяць: дайце нам сукенку, напрыклад. Але я думаю, што трэба ж зарабіць, а я ў гэтым сэнсе — сквапны чалавек.

А ўсё таму, што ў мяне вялікая колькасць супрацоўнікаў. Я цяпер не магу толькі займацца дабрачыннасцю. А тыя, хто просяць мяне аб чымсьці ў вас, яны нічога не могуць мне прапанаваць, акрамя славы ў Беларусі. Але гэта — таксама нядрэнна!

— Значыць, дабрачыннасцю вы не займаецеся?
— Я дапамагаю дзецям, раблю, што магу, для прытулкаў кінутых жывёл… Хаця, бывае, дару музеям рэчы, займаюся рэстаўрацыяй, атрыбуцыяй… І ў Віцебску апошняе зрабіў у краязнаўчым музеі. Гэта было ўжо даўно.

Я правёў атрыбуцыю дзвюх калекцый. І атрымаў ліст: «Дзякуй вам, Аляксандр Аляксандравіч!..» Таксама нядрэнна, праўда?

— Пра што вы марыце?
— Мае мары ўсе ажыццявіліся. А таемныя — яны не для публічнага аповеду! Часам разумееш, што большага нічога зрабіць нельга. Іншы раз пытаюць: «А можаце больш чым 32 кнігі напісаць?». Можна і 64, але ўжо з дапамогай «рабоў». Так робяць вельмі многія, калі за іх працуюць літаратурныя рабы.

— Што вы маглі б пажадаць чытачам?
— Ёсць шмат людзей, якія адчуваюць сябе няшчаснымі. Ім здаецца, што ўсё дрэнна; з таго моманту, як прачнуліся, і гэтак далей. Нельга жыць у негатыве, максімум аптымізму!

Я вам чымсьці дапамог? Ці задаволены мае кошкі? (звяртаецца да жанчын-журналістак. — Аўт.). Правільна, і коцік (глядзіць на мяне. — Аўт.). Задаволены? Тады скажыце мяў, коцік!

— З задавальненнем. Мяў.

Аляксандр ПУКШАНСКІ.

Тэгi:

каментарыяў: 7

  • Леанід

    Прывітанне. Цікавы артыкул атрымаўся. Шчыра кажучы, праграму «Модны прыгавор» ніколі не глядзеў, але, канешне, пра Васільева чуў. Жонка захапляецца модай. І папрасіла аўтару перадаць «дзякуй» за цікавыя пытанні да яе любімага вядучага. І за «мяу».

  • Кацярына

    Файны артыкул, асабліва спадабалася размова пра дабрачыннасць.

  • МарфаВанна

    Аўтар, малайчына! Не пабаяцца выставіць сябе ў смешным выглядзе, не «павесціся» на кпіны папулярнага чалавека — гэта суперская вартасць для журналіста. Бо наўкольныя «інтрыгі, скандалы, расследаванні», аўтары якіх лічаць сябе «зоркамі» — дасталі ўжо.
    Дзякуй за цікавы артыкул))

  • Ганна

    Добрай ночы.
    Прачытала тое, штояк напісана на вашым сайце, «каментуюць і праглядаюць».
    Вельмі цікавы артыкул атрымаўся пра Васільева. Ніколі не чытала, каб журналіст напісаў напрыканцы размовы «мяў». Прыкольна!
    І чытаць публікацыю было вельмі цікава. Напрыклад, пра тое, што капялюшыкі выйшлі даўно ўжо з моды! Дзякуй аўтару публікацыі, які пра гэта запытаў!І за тое, што «адважыўся» нават у дыскусію ўступіць з такім вядомым чалавекам, як Васільеў.

  • Андрей Стволов

    «Іншы раз пытаюць: «А можаце больш чым 32 кнігі напісаць?». Можна і 64, але ўжо з дапамогай «рабоў». Так робяць вельмі многія, калі за іх працуюць літаратурныя рабы»,— молодец Васильев, что так искренне ответил!
    А сколько «рабов» получают копейки на всяких интернет-биржах! А сколько студентов обращаются за помощью в написании курсовых и так далее!
    Автору спасибо за интересное чтиво!

  • Нина

    С добрым утром, «Звязда». Извините, что по-русски.
    Выписала газету, как говорится, случайно — на работе предложили. Газета понравилась, несмотря на то, что раньше читала газеты лишь издаваемые на русском языке. .
    Хочу поблагодарить за интервью с А.Васильевым! Очень хорошо написано. Насколько я знаю, «Звязда» — издательский дом. И,если бы выпускали какой-нибудь глянцевый журнал, например, для женщин, уверена, что фото Васильева на первой полосе и текст были бы украшением журнала! А то, что автор мяукал — это так необычно! Думаю, ему надо вести какую-нибудь рубрику — типа светской хроники.

  • Рагнеда

    Прекрасный материал. Давно слежу за материалами этого автора и считаю, что он во многом формирует лицо газеты. Современной белорусской газеты высокого уровня. Тем более — белорусскоязычной. Изданиям с такой спецификой сегодня трудно конкурировать на мультимедийном рынке. Спасибо, что нашли такого яркого автора.Удачи и процветания вашему холдингу.

Пакіньце свой каментарый